Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Багі, сьвятыя і нячысьцікі, якія ходзяць да нас у госьці каляднай парою


Хто на зіму замыкае зямлю і адмыкае раты ваўкам?  Адкуль ідзе сьнег і хто ходзіць па ім басанож? Як называецца студзеньскі вецер?

Наша аўтарка Яна Шыдлоўская прапануе ўзгадаць сакральных і мітычных беларускіх калядных пэрсанажаў.

1. Дажбог, Ярыла і Сьвяты Юр’я – тры ў адным

У старыя часы людзі верылі, што зямныя ключы захоўваў надзейны і прадбачлівы Дажбог. З надыходам першых халадоў ён замыкаў зямлю на зіму, а ключы аддаваў птушкам, якія несьлі іх у Вырай. Праз некалькі месяцаў птушкі вярталі ключы богу сонца, каб той адамкнуў зямлю і пачалася вясна. З часам мянялася народная сьвядомасьць, і месца паганскіх бостваў занялі хрысьціянскія сьвятыя. Божым Ключнікам, які залатымі ключамі замыкаў зіму, становіцца Сьвяты Юр’я.

Першапачаткова зьвязаны з сонечным Ярылам, вобраз Юр’і ў Беларусі надзвычай шматгранны. Перадусім, сьвята Юр’я ў народным календары спраўлялася два разы на год. Вясновы Юр’я прыпадаў на 6 траўня, халоднага і зімовага Юр’ю адзначалі 19 сьнежня – менавіта ў гэты дзень варажылі аб будучай зіме. У сьнежні перапыняўся выпас жывёлы, бо лічылася, што зімовы Юр’я «адмыкае раты ваўкам» і тыя могуць напасьці на статак.

Сьвяты Юр’я, які пазьней увабраў у сябе вобразы сьвятога Георгія Пераможцы і Ярылы, шанаваўся як апякун Беларусі. У сярэднявеччы на беларускіх землях сьпявалі баляду аб Юр’і, які з канём перамог паганага Цмока і ўратаваў прыўкрасную каралеўну. Вобраз ваяра-вершніка, які ўвасабляў мужнасьць і адвагу, напрыканцы XIV стагодзьдзя зьявіўся на дзяржаўным гербе Вялікага Княства Літоўскага.

2. Зюзя на дварэ – куцьця на стале

Адзін з самых вядомых цяпер міталягічных пэрсанажаў, відаць, упершыню быў убачаны на Палесьсі. Не выключана, што самім Паўлам Шпілеўскім, які шмат падарожнічаў па гэтым краі, запісваючы і складаючы народныя паданьні. Менавіта на заходнепалескай мове Зюзя азначае мароз і сьцюжу. Гэты фантазійны бог холаду ўладарыць на беларускіх землях ад Калядаў да вясновага раўнадзенства. Ад яго подыху ўздымаецца завіруха і мяцеліца, а з сівой даўжэзнай барады сыплецца сьнег. Каржакаваты дзядок у цёплым кажусе прынцыпова ходзіць басанож, ня носіць шапкі і мае халерычны тэмпэрамэнт – калі злуецца на людзей, любіць стукаць жалезнай булавою па дрэвах і пнях. Аднак чалавеку ён шкоды ня чыніць. Наадварот, амаль усю зіму жывучы ў лесе, Зюзя час ад часу ходзіць па вёсках і мястэчках, каб уратаваць беспрытомных ад сьцюжы альбо папярэдзіць аб халоднай зіме. За гэта Зюзю заўсёды чакае падзяка – міска каляднай кашы на стале.

Апошнім часам вобраз Зюзі актыўна выкарыстоўваецца ў галіне турызму. Шмат гадоў турысты ехалі на Віцебшчыну, каб прывітаць Зюзю Паазерскага. Сёлета на «Калядкі ля Зюзінай хаткі» запрашае гарадзенскі маёнтак «Каробчыцы».

3. Каляда і Шчадрэц – амаль рэальныя

Гэтых багоў, што адпавядаюць зімовым сьвятам і носяць іх назвы, верагодна, таксама прыдумаў этнограф-фальклярыст Павал Шпілеўскі, які ў 23 гады пад псэўданімам Драўлянскага пачаў зьбіраць народныя паданьні. Вясёлага і шумнага бога дастатку і ўраджаю Каляду ўшаноўвалі акурат напярэдадні Калядаў – ён жыў у велічальных песьнях калядоўшчыкаў, якія ў масках на тварах, з каляднаю зоркаю і мехам для дарункаў у руках хадзілі па хатах, вітаючы гаспадароў. Калядаваньне з рэгіянальнымі асаблівасьцямі дайшло да нашых часоў і выклікае шчырую цікавасьць – асабліва сярод замежных турыстаў, якім гаспадары асобных аграсядзібаў прапануюць паўдзельнічаць у абрадзе.

На зімовыя сьвяты моладзь нярэдка ішла шчадраваць. У шчодры вечар – з 13 на 14 студзеня – на стол падавалі куцьцю з маслам альбо скваркамі, смажанае і варанае мяса, вяндліну, бліны з каўбасой і іншыя традыцыйныя прысмакі. Часам паход адбываўся ў кампаніі бога весялосьці, апекуна сьвятаў Шчадраца – у шырокім плашчы з бразготкамі і каронай на галаве. Часам ён ехаў у вазку, аб набліжэньні якога папярэджвалі звонкія бомкі, а таксама гучныя сьпевы і музыка.

4. Стрыбог і стрыбожавы ўнукі

Не абысьціся зімовай парою без Стрыбога, які дыханьнем сваім утварае паветра, і стрыбожавых унукаў – вятроў. Зімой асабліва шчыруюць вятры, што носяць імёны Сьвістуна, Ледавіка, Сьнегавіка.

У сьнежні дзьме Круцеліца, у студзені – Вярцеліца, лютаўскі вецер называюць Макраватым. Найбольш сярдзіты з памагатых Стрыбога – калючы і халодны паўночны вецер Сівер.

5. Мара, якую трэба спаліць

Адна з самых страшных багіняў у міталягічным пантэоне зімой хавае сонца і перашкаджае нараджэньню новага, вясновага сонейка, робячы намаганьні пакінуць на зямлі вечную ноч. Мару, альбо Марэну, называюць багіняй сьмерці, зімы, хваробаў, цёмнай ночы, кашмарных сноў і страшных зданяў. Усю зіму яна валадарыць на зямлі разам з маразамі.

Напрыканцы зімы Марэну ў вобразе саламянага пудзіла абавязкова спальвалі альбо тапілі, і зьнішчэньне павінна было быць незваротным. Толькі ў гэтым выпадку можна было спадзявацца на нараджэньне вясны.

6. На бяседзе з Пераплутам і Апівенем

Аб хітрыках і жартах гэтых нячысьцікаў ня варта забывацца падчас зімовых сьвятаў. Вясёлы і сьмяшлівы Пераплут надзвычай любіць песьні, забавы ды гульні. Убачыць яго здолее ня кожны, так ён самазабыўна бавіцца разам з гасьцямі. Апівень больш небясьпечны і вераломны за свайго напарніка. Ён спакушае гасьцей піць як мага больш, дбайна сочыць, каб кілішкі на стале не пуставалі.

Невялічкі, парослы цёмнай поўсьцю, з рожкамі замест броваў Апівень і сам ужывае моцныя напоі, аднак, колькі б ня піў, заўсёды застаецца цьвярозым. Знаходзячыся ў больш выйгрышным становішчы, нячысьцік кпіць з п'яных гасьцей, скідвае іх пад стол, дзе тыя нярэдка засынаюць.

7. Завіць бародку Міколу

За вобразам Сьвятога Мікалая стаіць Мікалай Мірлікійскі, які жыў у IV стагодзьдзі. Жыцьцё сьвятара складалася з добрых учынкаў, адзін зь якіх ляжыць у аснове найлепшай у сьвеце традыцыі.

Аднойчы сьвяты Мікалай дапамог беднай сям’і, дзе расьлі тры дзяўчынкі. Каб уратаваць дзяцей ад галоднай сьмерці, бацька вырашыў аддаць дачок у блудніцы. Аднак грошы, якія сьвяты Мікалай уначы непрыкметна падкінуў у хату, уратавалі дзяўчат ад гаротнай долі. З тае пары лічыцца, што пад Новы год здараюцца цуды, зьдзяйсьняюцца жаданьні, а пад ялінкай зьяўляюцца падарункі ад сьвятога Мікалая, альбо Санта Клаўса, які езьдзіць на калядных санях.

Надзвычай шануюць сьвятога Мікалая і ў Беларусі. Пасьля прыняцьця хрысьціянства ён замяніў Вялеса – бога жывёлагадоўлі, земляробства і багацьця. І калі раней дбайныя гаспадары завівалі на полі «Вялесаву бародку» ў выглядзе каласкоў, каб будучы год быў ураджайным, у больш позьнія часы зьявіўся звычай завіваньня «бародкі Міколу».

Сьвята вясновага Мікалая адзначалі ў траўні, зімовага каталікі і праваслаўныя спраўлялі 6 (19) сьнежня. Лічылася, што ад Міколы пачынаецца сапраўдная зіма, бо «да Міколы няма зімы ніколі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG