Журналіст Зьміцер Галко пачаў знаёміцца з крымінальнай справай, паводле якой ён абвінавачваецца ў гвалтоўных дзеяньнях адносна супрацоўніка міліцыі. Як мяркуе бацька журналіста Мікалай Галко, суд можа пачацца ў чэрвені-ліпені.
«Ведаю, што сьледзтва завершанае. Там збольшага нічога новага няма — перапісаныя міліцэйскія паперы з адміністрацыйнай справы, але ўжо на блянках Сьледчага камітэту. Учора справу адправілі Дзьмітрыю для азнаямленьня. Бегла ён ужо яе бачыў, цяпер зможа азнаёміцца больш дэталёва. Па прыкідках, суд можа пачацца недзе празь месяц», — кажа Свабодзе Галко-старэйшы.
Журналіст і блогер Зьміцер Галко супрацоўнічаў з шэрагам незалежных СМІ, у тым ліку асьвятляў падзеі ва Ўкраіне. Пра заведзеную супраць яго крымінальную справу па абвінавачаньні ў гвалтоўных дзеяньнях адносна супрацоўніка міліцыі стала вядома ў красавіку, пасьля затрыманьня журналіста на беларуска-ўкраінскай мяжы.
Інцыдэнт, у якім фігуруе Зьміцер Галко, меў месца летась у лістападзе на менскай кватэры, дзе ён жыў з сынам Янам. Падчас адзначэньня дня народзінаў юнака нібыта нехта з суседзяў выклікаў міліцыю з прычыны «празьмернага шуму». Зьміцер адчыніў дзьверы. Паводле вэрсіі сілавікоў, у яго здарыўся канфлікт зь міліцыянтам, у выніку чаго быў разьбіты мабільны тэлефон супрацоўніка ўнутраных органаў. Галко казаў, што толькі трымаў міліцыянта за руку. Пазьней адбыўся адміністрацыйны працэс, журналіста пакаралі за нецэнзурную лаянку.
Неўзабаве пасьля інцыдэнту Зьміцер і Ян зьехалі зь Беларусі ва Ўкраіну. 22 красавіка падчас вяртаньня ў Менск Зьміцер Галко быў затрыманы на беларуска-ўкраінскай мяжы і ад таго часу знаходзіцца пад вартай. Цяпер яго трымаюць у Жодзінскім СІЗА.
«Віны ў гвалце супраць міліцыянта ён не прызнае — што тычыцца меркаваных удараў, бойкі, як яны пішуць, — працягвае Мікалай Галко. — Прызнае толькі, што быў канфлікт на ўваходзе ў кватэру, не пускаў міліцыянтаў. Але ў межах адміністрацыйнай справы пакараньне ўжо панёс. Асабіста я мяркую, што каб ён пасьля інцыдэнту не пісаў у Фэйсбуку крытычна пра міліцыянтаў, справы б магло і ня быць».
Бацька нагадаў, што падчас інцыдэнту ягонаму сыну моцна пашкодзілі правую руку. Ён спадзяецца, што гэта таксама будзе разглядацца ў судзе. А што вядома пра ўмовы ўтрыманьня ў Жодзінскім СІЗА?
Паводле зьвестак Мікалая Галко, у камэры, дзе трымаюць ягонага сына, няма радыёкропкі, за некалькі тыдняў толькі аднойчы туды перадалі нумар газэты «Советская Белоруссия», пошта даходзіць зь вялікім спазьненьнем.
«Напісаў, што раней не разумеў, наколькі важныя для вязьняў лісты падтрымкі. Таму будзе вельмі карысна, калі яму напішуць ня толькі сваякі. Лісты там патрэбныя як паветра», — кажа бацька падсьледнага журналіста.
Паводле зьвестак Мікалая Галко, у СІЗА за ягоным сынам ужо замацавалася мянушка «апазыцыянэр».
Спатканьняў са Зьмітром бацькам пакуль не дазвалялі.