Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замест таго, каб даць чалавеку працу, зь яго робяць «дармаеда» — апытаньне ў Горадні


Лукашэнка падпісаў указ, згодна зь якім людзі, якія не працуюць, павінны будуць плаціць падатак — больш як тры з паловай мільёны рублёў. Як вы да гэтага ставіцеся? З такім пытаньнем наш карэспандэнт зьвяртаўся да гарадзенцаў.

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:13 0:00
Наўпроставы лінк

Спадарыня: «Я разумею, што гэты ўказ скіраваны на тое, каб прымусіць людзей ісьці на нізкааплатную працу. Замест таго каб падымаць заробак, дзе ён відавочна нізкі, у нас уводзяць падобныя ўказы».

Спадар: «Няхай спачатку прапануюць чалавеку працу, а потым накладаюць штрафы. Людзі хочуць працаваць, але дзе? На біржы стаяць, а працы няма. Калі ў чалавека высокая кваліфікацыя, а яму прапануюць капаць траншэі альбо зьбіраць каменьне ў калгасе, то ясна, што ён з такім не пагодзіцца».

Спадарыня: «Неадназначна гэта ўсё. Я разумею, калі чалавек насамрэч дармаед, то зь яго трэба браць падатак без усякага ўказу. Але ёсьць людзі, якія ня маюць магчымасьці працаваць у сілу розных жыцьцёвых сытуацыяў. Так што ўказ выдалі, але, як заўсёды, не разабраліся з праблемай, зрабілі дзеля галачкі».

Спадарыня: «З аднаго боку нібыта гэта правільна, бо разьвялося шмат дармаедаў, якія ня хочуць працаваць. А з другога боку, шмат выпадкаў, калі чалавек ня можа працу знайсьці. Я нават ня ведаю, што думаць у такой сытуацыі...»

Спадар: «Я думаю, што гэта нармальна, бо шмат людзей, якія наагул ня хочуць працаваць. Яны бічуюць, злоўжываюць алькаголем, а трэба, каб працавалі».

Спадарыня: «Адмоўна да гэтага стаўлюся, бо ўзровень беспрацоўя сягнуў піка і людзі не працуюць не таму, што ня хочуць, а таму што няма дзе. І так ледзь выжываем. Працы ў нас няма. Паглядзіце на біржы працы — чарга».

Спадарыня: «Калі ёсьць праблема беспрацоўя, то адкуль чалавек возьме грошы, каб заплаціць гэты падатак? Ну што тады — садзіць яго ў турму? Ці накіроўваць на папраўчыя працы за тое, што мала бутэлек назьбіраў?»

Спадар: «Я супраць таго, што ён зрабіў, бо ў Горадні цяпер не хапае працы, вельмі шмат беспрацоўных. Я сам нядаўна вызваліўся зь месцаў пазбаўленьня волі, пайшоў у цэнтар занятасьці, падаў даведку аб вызваленьні, а мне кажуць: ідзі, чакай, калі нешта зьявіцца, тады дамо працу. І вось як зараз карміць сям’ю — я ня ведаю. Відаць, што ўсім усё роўна — дзе хочаш, там і бяры, як хочаш, так і жыві. Ну то што — ісьці красьці і зноў у турму вяртацца?»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG