Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТОП-7 беларускамоўных праграмаў для Windows


Беларускамоўная вэрсія Windows
Беларускамоўная вэрсія Windows

Нікога ня зьдзівіш тым, што большую частку працоўнага часу многія з нас праводзяць з кампутарам. Праца пойдзе яшчэ лепш, калі размаўляць з кампутарам на адной мове — беларускай. Ці многія праграмы могуць пахваліцца беларускай вэрсіяй, і ці хопіць іх для камфортнай працы, паспрабуе дазнацца Аляксандра Сержановіч.

Апэрацыйная сыстэма

У сьнежні 2012-га году беларускую вэрсію атрымала сьвежая вэрсія апэрацыйнай сыстэмы Windows. Калі Windows 7 мела аматарскі пераклад, які можна было спампаваць і ўсталяваць самастойна, то ў Windows 8 зьявіўся першы афіцыйны беларускамоўны пакет, які прапануе сам Microsoft.

Пераклад яшчэ недасканалы: не зьдзіўляйцеся, калі пабачыце англамоўныя службовыя паведамленьні, а сярод беларускіх словаў знойдзеце расейскія. Вядома, гэта трохі псуе ўражаньне ад карыстаньня, але ўсё ж лепш, чым нічога. Дарэчы, Microsoft прапануе карыстальнікам дапамагаць у дапрацоўцы вэрсій на іх родных мовах, так што варта пісаць пра памылкі і спадзявацца, што ўсё зьменіцца ў наступных вэрсіях моўнага пакету.

Windows 8 выдатна падыходзіць ня толькі для стацыянарных кампутараў і ноўтбукаў, але і для пляншэтаў і смартфонаў. Цудоўная магчымасьць навучыць свой улюбёны дэвайс размаўляць па-беларуску.

Навучыць беларускай мове можна і папярэднюю вэрсію апэрацыйнай сыстэмы, праўда, без удзелу Microsoft. Удзельнікі групы Kamputerm стварылі пераклад для Windows 7. Спампаваць моўны пакет і інструкцыю да яго можна тут. Тым, хто ўвогуле ня хоча зьвязвацца з «вокнамі», будзе прыемна дазнацца, што апэрацыйная сыстэма Linux ужо больш за 7 гадоў мае беларускамоўную вэрсію.


Браўзэр

З 2007-га году гаворыць па-беларуску браўзэр Mozilla Firefox. Нягледзячы на такі немаленькі стаж, замест Опцыі напісана Options, а калі старонка раптам не адкрыецца, вы ўбачыце паведамленьне «Нам вельмі сорамна».

Але гэта хутчэй выключэньне, як правіла. Большасьць тэкстаў у вокнах праграмы перакладзеныя карэктна.

Ёсьць беларускамоўная вэрсія і ў браўзэра Opera, які доўгі час быў самым любімым у беларусаў і толькі нядаўна саступіў месца лідэра браўзэру Google Chrome. Падчас хуткага азнаямленьня тут не знайшлося ніводнага слова, якое рэзала б вока карыстальніку.

Праца з дакумэнтамі

Для офіснай працы варта абраць пакет LibreOffice, які мае ўжо некалькі вэрсій, перакладзеных на беларускую мову. Гэты офісны пакет уключае ў сябе ўсё, што трэба для паўнавартаснай працы: тэкставы і таблічны рэдактары, сродак для стварэньня прэзэнтацый, вэктарны рэдактар, а таксама рэдактары для працы з формуламі і базамі зьвестак.

Вось ужо 20 гадоў LibreOffice — гэта свабодны прадукт, які можна бясплатна спампаваць, а пры жаданьні яшчэ і паўдзельнічаць у яго ўдасканаленьні. Усе інструмэнты праграмы зробленыя вельмі проста, так што імі без праблем зможа карыстацца кожны, хто мае хаця б невялікі досьвед працы з офіснымі праграмамі. Беларуская вэрсія зроблена якасна, хаця і ў ёй трапляюцца недарэчнасьці кшталту слова «Рысунак».

Чамусьці цяпер спампаваць апошнюю вэрсію праграмы з афіцыйнага сайту LibreOffice немагчыма. Паспадзяемся, што гэта часовыя цяжкасьці. У любым выпадку, у сеціве можна знайсьці папярэднія вэрсіі праграмы на роднай мове.

Файлавы мэнэджэр

Пачынаць працу з файламі кампутара будзе цяжка без файлавага мэнэджэра. Тут на дапамогу беларускамоўнаму карыстальніку прыйдуць адразу дзьве праграмы: Total Commander і Free Commander.

Абедзьве прапануюць магчымасьць прагляду файлаў розных фарматаў, стварэньня і адкрыцьця архіваў, працы з групамі файлаў і FTP. Шмат хто карыстаецца гэтымі магчымасьцямі кожны дзень і нават не падазрае, што ў наладках можна абраць беларускую мову.

Падчас працы з гэтымі праграмамі карыстальнік сутыкнецца з некалькімі расейскімі словамі, а таксама сустрэне цэлыя не перакладзеныя англамоўныя радкі. Але каб на іх натрапіць, трэба вывучыць праграму ўздоўж і ўпоперак. Пры звычайным карыстаньні цалкам верагодна, нічога непрыемнага ў перакладзе вы не сустрэнеце.

Аўдыёпрайгравальнік

Пабавіць час за праслухоўваньнем музыкі дапаможа прайгравальнік AIMP. Ён падтрымлівае каля 30 самых распаўсюджаных фарматаў музыкі, дазваляе дадаваць да трэкаў самыя розныя гукавыя эфэкты, слухаць радыё. Таксама прадугледжана магчымасьць працаваць адразу зь некалькімі плэйлістамі: напрыклад, адзін слухаць, а другі ствараць на пасьля.

Магчымасьцяў шмат, ды і пераклад праграмы цалкам прыстойны. Менавіта таму сьмела можам параіць AIMP карыстальнікам, як прадуманы і якасна зроблены прадукт.

Праца з выявамі

На жаль, самая вядомая праграма для апрацоўкі графікі — Adobe Photoshop — беларускай вэрсіі ня мае. Таму, калі вы вырашыце зрабіць сваё кампутарнае жыцьцё цалкам беларускамоўным, давядзецца шукаць яму замену. Зрабіць гэта аказалася нескладана. Самы вядомы аналяг фаташопу — GIMP — мае беларускую вэрсію. Да таго ж гэтая праграма цалкам бясплатная, што яўна пашырыць кола яе аматараў.

Праграма прапаноўвае вялікі набор самых розных функцый і прыладаў, якія дазволяць апрацаваць фотаздымкі, стварыць калаж ці плякат, намаляваць дызайн інтэрнэт-сайту ці маляваць пры дапамозе графічнага пляншэту. Інтэрфэйс у праграмы інтуітыўна зразумелы, таму на знаёмства з ёй не прыйдзецца траціць шмат часу.

GIMP самастойна вызначае мову апэрацыйнай сыстэмы і ўсталёўваецца на ёй па змоўчаньні. Але калі палазіць у наладках, можна зрабіць праграму беларускамоўнай нават маючы расейскамоўную апэрацыйную сыстэму.

Торэнт-кліент

У завяршэньне агляду ўзгадаем торэнт-кліент, які дазволіць пампаваць торэнт-файлы, карыстаючыся роднай мовай. Па-беларуску гаворыць адзін з самых распаўсюджаных кліентаў — μTORRENT.

Пераклад гэтай праграмы можна назваць перакладам толькі ўмоўна. Больш за палову словаў, якія ўжываюцца ва ўкладках і мэню, — ангельскія. Ці карыстацца такім варыянтам, вырашайце самі.


Аляксандра Сержановіч
для Радыё Свабода

Дзе беларусам добра. Мы не пытаемся, мы адказваем. Мы паказваем установы і арганізацыі, завітаўшы ў якія беларусы пачуваюцца, як дома. Дзе ўсё сваё – мова і кнігі, фільмы і стравы, напоі і ўборы, справы і забавы, героі і сьвятыя. Штотыдзень на нашым сайце чытайце і глядзіце пра беларускія гісторыі, мясьціны, сюжэты. Чакаем і вашых расповедаў.

Дасылайце вашыя гісторыі ў рубрыку «Дзе беларусу добра» на электронны адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG