Прапануем вам здымкі мэталюргічнага камбінату «Азоўсталь» у Марыюпалі, пабудаванага ў савецкую эпоху. Гэтае прадпрыемства ўжо шмат дзён ўтрымліваюць батальён «Азоў» і ўкраінская марская пяхота. Паводле падкантрольнага Крамлю інфармацыйнага агенцтва ТАСС, 19 красавіка сэпаратысты, якія падтрымліваюцца Расеяй, пачалі наступ на «Азоўсталь» з «групамі, сфармаванымі для штурму аб'екта».
Унутры велічэзнага камбінату трымаюць пазыцыі ўкраінскія марскія пехацінцы і байцы з батальёну «Азоў», рыхтуючыся да крывавай і зьнішчальнай бітвы. Ранейшыя заклікі здацца ўкраінцы праігнаравалі. Батальён «Азоў», удзельнікі якога носяць значкі з нэанацысцкай сымболікай, мае супярэчлівую рэпутацыю.
Завод «Азоўсталь» пачаў працаваць у 1933 годзе пасьля таго, як савецкія ўлады абралі пляцоўку на ўзбярэжжы Азоўскага мора для лёгкага суднаходнага доступу да радовішчаў жалезнай руды. Да поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну на заводзе працавалі больш за 10 тысяч чалавек.
У 1941 годзе камбінат «Азоўсталь» быў вымушаны спыніць працу, калі значная частка яго абсталяваньня была перавезеная на ўсход, каб ня трапіла ў рукі нямецкіх нацыстаў.
Віктар Маха, прамысловы фатограф з Чэхіі, задакумэнтаваў нутраны выгляд камбінату ў 2016 годзе. Маха кажа, што, хоць ён прывык да закрыцьця і зносу мэталюргічных заводаў па ўсёй Эўропе, цяперашні абстрэл «Азоўсталі» «дзікі і абсалютна бескантрольны».
Далейшыя фатаграфіі былі зробленыя падчас візыту Махі на «Азоўсталь» у 2016 годзе і даюць нейкае ўяўленьне аб тым, як будзе выглядаць апошні і блізкі ўжо бой.
У Марыюпалі знаходзяцца два вялізныя мэталюргічныя заводы. Завод-пабрацім «Азоўсталі», камбінат імя Ільіча, быў захоплены расейскімі сіламі ў сярэдзіне красавіка. Маха кажа, што, на яго думку, меншы завод «Азоўсталь» быў абраны месцам для «апошняга бою» ўкраінцаў з прычыны пабудаваных пад ім «дзікіх бамбасховішчаў».
Хаця падчас візыту ў 2016 годзе яму не далі доступу да сховішчаў «Азоўсталі», Маха кажа, што калі ў 1940-х гадах пасьля суворых урокаў Другой сусьветнай вайны завод быў адноўлены, савецкія пляніроўшчыкі «спачатку пабудавалі бамбасховішчы, а потым аднавілі мэталюргічны завод над імі, так што ён добра абаронены, але, магчыма, недастаткова».
Маха сказаў Радыё Свабода, што, на яго думку, умовы на заводзе, які моцна бамбяць, «павінны быць сапраўдным жахам», дадаўшы: «Я не магу ўявіць, што цяпер перажывае батальён «Азоў» і мірныя жыхары».
Гарадзкі улады Марыюпалю кажуць, што ў бункерах пад «Азоўстальлю» знаходзяцца больш за 1000 мірных жыхароў. Сэпаратысты, якія падтрымліваюцца Расеяй, адмаўляюць наяўнасьць мірных жыхароў на тэрыторыі заводу.
Чэскі фатограф уважліва сочыць за навінамі, якія прыходзяць з Марыюпалю, і баіцца, што ад «Азоўсталі» пасьля баёў «няшмат застанецца».
Але, улічваючы жорсткую гісторыю, якую ўжо мае за сабою «Азоўсталь», Маха лічыць, што «для ўкраінцаў такая сытуацыя не зьяўляецца новай, і яны адбудуюць «Азоўсталь», як зрабілі гэта пасьля Другой сусьветнай вайны».