Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выстава «Праўда пра Курапаты» завяршылася. Працяг будзе


Больш за 2000 чалавек паглядзелі ў менскім Палацы мастацтваў дакумэнтальна-мастацкую выставу «Праўда пра Курапаты. Факты, дакумэнты, сьведчаньні».

У менскім Палацы мастацтваў завяршылася дакумэнтальна-мастацкая выстава «Праўда пра Курапаты. Факты, дакумэнты, сьведчаньні». Яе плянавалі на тры дні, 13–15 лістапада, аднак падоўжылі яшчэ на два — з прычыны грамадзкай цікаўнасьці да падзеі. Арганізатары імпрэзы — грамадзкая ініцыятыва «Экспэрты ў абарону Курапатаў» — называюць выставу першым удалым крокам новай кампаніі дзеля папулярызацыі тэмы Курапатаў.

Адзін з арганізатараў, журналіст Марат Гаравы, у прыватнасьці, адзначыў:

«Мы не чакалі нават: больш за дзьве тысячы чалавек пабывалі на выставе. Пра посьпех сьведчыць тое, што ўчора, калі мы яе ўжо дэмантавалі, працягвалі прыходзіць людзі і перапытвалі, дзе гэта яшчэ можна пабачыць. Задавалі шмат пытаньняў: як адшукаць зьвесткі пра сваіх родных, апавядалі пра сваіх закатаваных сваякоў, прасілі больш распаўсюджваць інфармацыю і нават стварыць суполку сваякоў рэпрэсаваных. Гэта кажа пра агромістую цікавасьць у грамадзтве да гэтай тэмы. Таму мы будзем працаваць у гэтым кірунку, бо мы адчулі, што гэтая выстава і гэтая тэма вельмі патрэбныя людзям, вельмі. Асабліва моладзі».

«Праўда пра Курапаты» — першая ў Беларусі выстава, якая расказвае пра гісторыю адкрыцьця, абароны і захаваньня Курапатаў ад часу першай публічнай згадкі пра іх у 1988 годзе. Экспазыцыю склалі творы мастацтва: жывапісныя, графічныя і скульптурныя працы, інсталяцыі, фатаздымкі, копіі дакумэнтаў, рэчы абаронцаў Курапатаў 2001–2002 гадоў, газэты, судовыя матэрыялы ў справе Курапатаў. Да адкрыцьця арганізатары хацелі прымеркаваць пачатак Нацыянальнага конкурсу па мэмарыялізацыі Курапатаў, аднак адклалі гэта на пазьнейшы час, кажа яшчэ адзін удзельнік ініцыятывы, культуроляг Вацлаў Арэшка:

«Нацыянальны конкурс — гэта ўсё ж асобная падзея, якая патрабуе яшчэ тэхнічнай дапрацоўкі, кшталту складу журы і іншых пытаньняў. Таму гэтая ідэя застаецца, а пачнём мы яе рэалізоўваць ад пачатку новага каляндарнага году. Але найважней цяпер, што выстава прагучала: былі, безумоўна, розныя цяжкасьці, але ўсё ж яна адбылася і прайшла пасьпяхова. Магчыма, таму гэтак хутка і завяршылася».

Яшчэ адной задачай у адкрыцьці праўды пра Курапаты арганізатары выставы называюць адкрыцьцё імёнаў закатаваных. Дзеля гэтага экспазыцыя атрымае электроннае ўвасабленьне, і яе зьмесьцяць на адмысловым інтэрнэт-рэсурсе дзеля далейшага экспанаваньня, і галоўным чынам — каб папаўняць новымі імёнамі і фактамі пра Курапаты. Гаворыць адзін з арганізатараў выставы, мовазнаўца і грамадзкі дзеяч Вінцук Вячорка:

«Пасьпяховасьць выставы ў тым, што насьпела грамадзкая патрэба. Прычым патрэба і з боку тых, хто ведаў, што такое Курапаты, каго закранула гэтае страшнае чорнае крыло, і з боку людзей маладых, зусім маладых, якія толькі дзесьці штосьці чулі пра гэта, бо ні ў школе, ні ў дзяржаўных мэдыях ім пра Курапаты і рэпрэсіі ніколі і нічога не казалі. З гэтага зразумела, што мы мелі слушнае рашэньне рыхтаваць і праводзіць гэтую выставу. Вельмі важна, што гэта ўдалося зрабіць у цэнтры гораду, у даступным месцы. І зразумела, што зараз будзе яе працяг па рэгіёнах і ў сеціве».

Чальцы ініцыятывы «Экспэрты ў абарону Курапатаў» плянуюць зрабіць выставу перасоўнай і ўжо сёлета пачаць яе паказваць у іншых гарадах Беларусі. Да наступнага дня ахвяраў палітычных рэпрэсіяў, 29 кастрычніка, арганізатары плянуюць больш маштабную і доўгатэрміновую выставу ў вялікай залі Палаца Мастацтваў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG