Прысуд заснавальніку сайту 1863х.com, блогеру Эдуарду Пальчысу будзе вынесены заўтра, 28 кастрычніка, а 10-й раніцы ў Менскім гарадзкім судзе.
Як паведаміла прэс-службе ГА «БАЖ» памочнік старшыні Менскага гарадзкога суду Анастасія Шыльвяш, абвяшчэньне прысуду, нават калі справа разглядалася ў закрытым працэсе, адбываецца публічна. Прысутнічаць на абвяшчэньні прысуду можа любы паўналетні грамадзянін.
Эдуард Пальчыс пад сьледзтвам са студзеня 2016 году. Яго затрымалі ў Расеі, а потым дэпартавалі ў Беларусь. Пальчыс абвінавачваецца ў распальваньні варожасьці па прыкмеце расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай ці іншай сацыяльнай прыналежнасьці (ч. 1 арт. 130 КК), а таксама ў вырабе і распаўсюджваньні парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару (арт. 343 КК).
Пракурор запатрабаваў для Эдуарда Пальчыса 3,5 года зьняволеньня. Суд па справе Пальчыса праходзіў у закрытым рэжыме.
Праваабаронцы прызналі 25-гадовага Эдуарда Пальчыса палітвязьнем.