Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вулічны гандаль у Гомелі: украінскае сала, беларускія валошкі


Многія гамельчукі, каб выжыць, прадаюць на гарадзкіх вуліцах украінскія каўбасы, сала, сыры, а таксама гародніну, вопратку ды іншыя рэчы. На вуліцы апынуліся і многія прадпрымальнікі.

Вакол Прывакзальнага рынку ідзе бойкі гандаль. Чацьвёра кабет прапануюць з валізаў, умацаваных на дарожных вазках, сала, вэнджаныя каўбасы, цьвёрдыя сыры, розныя прыправы ды іншую драбязу.

— Пачым сала?

— Дзевяноста тысяч за кілё — з Украіны. І каўбасы ўкраінскія. Бяры, не пашкадуеш, — раіць гандлярка.

— Як жа сала можа быць з Украіны, калі забараняюць адтуль вазіць?

Сала і каўбасы з Украіны
Сала і каўбасы з Украіны

Прадавачка глядзіць на дапытлівага так, быццам зьбіраецца рублём адарыць. І замест адказу круціць у валізе палку каўбасы, каб этыкеткай наверх. Сапраўды, каўбаса ўкраінская. На сале, вядома, «трызуба» няма, але паходжаньне каўбасы як бы адначасова пацьвярджае й паходжаньне сала.

Крайняя ў шэрагу прадавачак кажа, што гандляваць на вуліцы вымушаюць абставіны:

«Да пэнсіі яшчэ два гады, а ўладкавацца на працу няма магчымасьці — бракуе вакансіяў. Альбо прапануюць заробак у межах двух мільёнаў. Невялічкі сямейны бізнэс змарнеў яшчэ летась, а жыць неяк трэба. Вось і прадаю».

Жанкі неахвотна ўступаюць у размову, баючыся за свой тавар. Іх тут часьцяком ганяе міліцыя, наведваюцца падаткоўцы. Адсюль і двухколавыя дарожныя вазкі з валізамі: замок «маланкі» на валізе пацягнуў — і ўжо коціш, як нічога ніякага, у бок аўтамабільнага альбо чыгуначнага вакзалу. Мабільнасьць — любое войска пазайздросьціць.

Гандаль каля Прывакзальнага рынку
Гандаль каля Прывакзальнага рынку

На вуліцы Катуніна, на падыходзе да Цэнтральнага рынку, каля дзясятка жанок таксама гандлююць на ходніках. У іх пераважна прамысловыя вырабы: шкарпэткі, халаты, трусы, майкі, саколкі ды іншае лёгкае адзеньне.

Яны таксама гандлююць з валізаў ды зь вялікіх чорных поліэтыленавых пакетаў.

Валошкі — таксама тавар
Валошкі — таксама тавар

У гарадзкім мікрараёне «Стары аэрадром» ёсьць невялікі міні-рынак. Вакол яго, і нават у праходах, багата вулічных гандляроў, якія прадаюць розную зеляніну з гароду, бульбу і нават палявыя кветкі. Валошкі тут, можна сказаць, на кожным кроку. Ладны букет з каласкамі жыта — 40 тысяч, невялічкі — напалову меней.

«Мне да пэнсіі год, дакладней, паўтара, бо па новаму ж закону дабаўляюць паўгода, — кажа кабета, якая адмовілася называць сваё імя. — Працавала раней на хлебазаводзе. Скарацілі. Цяпер я нікому не патрэбная. А хлеба ж і мне хочацца, ды бутэльку малака якога ці кефіру. Во цяпер прадаю „валошкавую сьвежасьць“. Купляюць слаба. Людзі цяпер больш пра кусок хлеба думаюць — прыгажосьць на заднім пляне. Можа, вечарам пашанцуе».

Пад дахам гандлёвых радоў прадае валошкі ды ружовыя півоні 56-гадовы мужчына, які назваўся Ўладзіленам. Сказаў, што працаваў раней на хімзаводзе, а пасьля ў ААТ «Сэйсматэхніка», у тэрмічным цэху. Год таму выйшаў на пэнсію па «гарачай сетцы». Мае тры мільёны рублёў пэнсіі. Мусіць шукаць прыробак, бо цяжкавата зь сямейнікамі на такія даходы.

Зь іншага боку міні-рынку, у цені пад дрэвамі, прадае сьвежыя лісічкі, падбярозавікі ды падасінавікі 55-гадовы гамяльчук Яўген.

«Рабіў на абутковай фабрыцы „Праца“. Летась скарацілі. Добра, што хоць жонка працуе. Але ж не выпадае сядзець склаўшы рукі. Грыбоў у лясах на поўдзень ад Гомеля хапае — да самай украінскай мяжы. Зьбіраю, прадаю. Па 25 тысяч. Сёньня толькі прыйшоў, нічога яшчэ не прадаў».

Яўген кажа, што на біржу не хадзіў — ня бачыць сэнсу. Абутнікі ў горадзе нікому не патрэбныя. Перавучвацца на якога сьлесара няма сэнсу — тыя, перавучаныя, таксама бяз працы бадзяюцца, бо на прадпрыемствах цяпер больш скарачаюць, чым набіраюць.

Гомельскі незалежны эканаміст Мікалай Новікаў лічыць, што пашырэньне вулічнага гандлю сьведчыць пра стан эканомікі і дабрабыту людзей:

«На жаль, мы вяртаемся ў дзевяностыя гады мінулага стагодзьдзя, калі заробкі ў людзей былі мізэрныя, а выжываць неяк трэба было.

Вось людзі й імкнуліся прадаць адзін аднаму хоць накрыўку для слоіка, хоць семак шклянку. На бальшыні прадпрыемстваў ідуць скарачэньні, а ў сфэру абслугоўваньня, адукацыі дзяржава прыватную ініцыятыву па-сапраўднаму не пускае. Заціскае нават індывідуальных прадпрымальнікаў. І ў цэнтры занятасьці далёка ня ўсе ідуць, бо ня маюць там сапраўднай абароненасьці ад беспрацоўя. Так што вулічны гандаль — гэта як люстэрка стану эканомікі і дабрабыту беларускіх грамадзянаў».

Тым часам улады заклікаюць беларусаў «зацягваць паясы» і вучыцца «жыць па сродках».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG