«Расея аднавіла мытны кантроль на мяжы зь Беларусьсю, хоць гэта супярэчыць прынцыпам Мытнага саюзу. Як вы лічыце, ці справядлівыя абвінавачваньні Масквы на адрас Беларусі ў кантрабандзе і ў пастаўках няякаснага харчаваньня?»
Юнак: «Цяжка нешта пэўна меркаваць у гэтых пытаньнях, бо мы ня маем інфармацыі. Але калі гэтак вось наўскідку меркаваць, то за Беларусь бы заступаўся».
Спадарыня: «Пэўна, для гэтага ёсьць пэўныя падставы, і нашыя вытворцы таксама не заўсёды маюць рацыю, — пэўна так».
Спадар маладога веку: «Не, не справядліва. Бо таваразварот павінен быць вольным — гэта зацьверджана ва ўсіх дакумэнтах. І ня толькі паміж Беларусьсю і Расеяй. Як паміж саюзнымі дзяржавамі, але і ў рамках Мытнага саюзу. Таму гэткага не павінна быць».
Спадарыня маладога веку: «Нейкіх важкіх прычынаў для адмовы ў экспарце нашай прадукцыі я ня бачу. Але права кожнага — браць прадукцыю альбо не. Калі яны ня хочуць, то і ў нас гэтыя прадукты ідуць вельмі добра».
Спадар старэйшых гадоў: «У нас якасныя прадукты ў Беларусі. А кантрабанда прадуктаў была, ёсьць і будзе. Бо чаўнакі гэтым карыстаюцца і робяць на гэтым хоць нейкія грошы».
Юначка: «Усё можа быць, але ня ведаю, як насамрэч».
Юнак: «Прадукцыя ў Беларусі якасная. І гэтыя прэтэнзіі Расеі да нас ня маюць пад сабой аніякіх падставаў. Гэта вайна і правакацыя з боку Расеі, каб прыціснуць Беларусь».
Юначка: «Лічу, што тое, што Беларусь пастаўляе з Эўропы. — гэта аб’ектыўна. А тое, што Беларусь пастаўляе няякасную прадукцыю, дык гэта не зусім справядліва».
Юначка: Можа я чагосьці не разумею, але ў мяне шмат знаёмых у Расеі, і яны вельмі любяць і цэняць нашу прадукцыю«
Юнак: «Прадукцыя павінна быць на экспарт, хоць і можа быць дзесьці лепш, а дзесьці горш. Экспарт павінен быць у кожным разе».