Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямцова забілі як палітыка — і за палітыку


«Як вы думаеце, за што забілі аднаго зь лідэраў расейскай апазыцыі Барыса Нямцова? Як вы ўспрынялі гэтую сьмерць?» На пытаньне адказваюць жыхары Гомеля.

Спадар: «Магчыма, гэта й палітычнае забойства. Магчыма, каб стварыць дэстабілізацыю ў Расеі. Нічога не ляжыць на паверхні — прычыны могуць быць любыя. Гэта пачынаецца нейкі час калатнечы ў Расеі — прыкмета, на мой погляд».

Спадарыня: «Ня ведаю, за што яго забілі. Напэўна, перашкаджаў. Калі б не перашкаджаў, то не забівалі б».

Спадар: «Ён жа быў у апазыцыі да ўраду...»

Спадар: «Яго забілі як палітыка — і за палітыку. За тую крытыку, якую ён дазваляў сабе на адрас Пуціна і тае сыстэмы ўлады, якая ў Расеі склалася. На жаль, ён ня першы: былі і Юшанкоў, і Старавойтава, і Паліткоўская. Расея коціцца ў яму, тут і сумневу няма — у яму эканамічную, палітычную. Тыя, хто знаходзіцца вакол Расеі, павінны больш сур’ёзна думаць пра тое, як будаваць стасункі зь дзяржавай, якая банкрутуе і якая расстрэльвае сваіх палітычных апанэнтаў».

Спадар: «Як і Ўладзіслава Лісьцьева — відаць, за яго працу, за меркаваньне».

Спадарыня: «За што? Ён быў апазыцыянэрам — і вырашылі на гэтым згуляць супраць Пуціна. Маўляў, у Расеі ўжо забіваюць у цэнтры і амаль што сярод белага дня. Дарма Нямцоў езьдзіў у Амэрыку і там выступаў супраць Расеі, за санкцыі. Таемных агентаў, я думаю, хапае».

Спадар: «За жанчыну, якая з Украіны. У яе ж ня стрэлілі, яе не забілі. Кілеры калі расстрэльваюць, то яны й сьведак прыбіраюць».

Спадарыня: «Я пра гэта ня думала».

Спадар: «Нямцова забілі, вядома ж, з палітычных матываў. Ён дапускаў такія рэчы і словы казаў на адрас існуючай улады ў Расеі, якіх яна проста не даруе. Яна гэта яго й забіла. Называць Пуціна тым, кім ён ёсьць, ніхто ня мае права. А ён гэта зрабіў».

Спадарыня: «Я вельмі перажываю, бо гэта быў адзін з самых сымпатычных расейскіх дэпутатаў. Вельмі шкада. Смуткуем. Толькі ня трэба тут замешваць Пуціна».

Спадар: «Забілі з-за палітыкі. Выглядае, што ў Расею вяртаюцца тыя беларускія часы, калі ў Беларусі зьнікалі вядомыя палітыкі. У Расеі іх цяпер проста расстрэльваюць».

Спадар: «Па замове, хутчэй за ўсё. З-за нейкіх палітычных амбіцыяў забіць чалавека — гэта жахліва».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG