Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасада ЗША ў Менску пашырыла прыём візавых заявак. Але яшчэ не для ўсіх


Роберт Райлі, часовы павераны ў справах (Кіраўнік місіі) Амбасады ЗША ў Менску (зьлева) і Алета Кавэнскі, консул Амбасады ЗША ў Менску
Роберт Райлі, часовы павераны ў справах (Кіраўнік місіі) Амбасады ЗША ў Менску (зьлева) і Алета Кавэнскі, консул Амбасады ЗША ў Менску

Ад пачатку 2018 году (дакладная дата пакуль ня вызначаная) амбасада ЗША зьбіраецца прымаць у Менску ўсіх грамадзянаў Беларусі з заяўкамі на візы.

У Менску таксама зьвяртацца па турыстычную амэрыканскую візу змогуць тыя, у каго тэрмін папярэдняй візы скончыўся меней за год таму.

Робэрт Райлі
Робэрт Райлі

Паводле часовага паверанага ў справах ЗША ў Менску Робэрта Райлі, гэта толькі першы крок, які амбасада ЗША робіць у аблягчэньні візавых працэдураў для беларусаў. Ад пачатку 2018 году (дакладная дата пакуль ня вызначаная) амбасада ЗША зьбіраецца прымаць у Менску ўсіх грамадзянаў Беларусі з заяўкамі па візах.

7 пытаньняў пра амэрыканскія візы для беларусаў. Адказы ёсьць не на ўсе

Кіраўніца консульскай службы Амбасады ЗША ў Менску Алета Кавэнскі ня выключыла, што будзе пашыраны консульскі штат амбасады.

Паводле яе, раней амбасада ЗША выдавала беларусам 18 тысяч візаў у консульствах па ўсім сьвеце, уключна з 6-7 тысячамі ў Менску. Яна спадзяецца, што неўзабаве амбасада будзе выдаваць у Менску ўсе 18 тысяч.

Сёньняшні крок — першы такі за 10 гадоў. Як кажа Райлі, беларускі бок — Адміністрацыя прэзыдэнта, урад і Міністэрства замежных справаў — пайшлі насустрач, каб зрабіць гэты крок больш хуткім. Дыялёг зь беларускімі ўладамі аб вяртаньні амбасадара ЗША і пашырэньні штату амбасады працягваецца, але канкрэтных тэрмінаў не называецца.

Як разгортваўся візавы канфлікт ЗША і Беларусі

У сакавіку 2008 году пад ціскам беларускіх уладаў быў скарочаны дыпляматычны штат амбасады ЗША ў Менску — з 35 да 5 чалавек. Так афіцыйны Менск адрэагаваў на эканамічныя санкцыі Вашынгтону, уведзеныя за парушэньне правоў чалавека ў Беларусі.

У выніку, каб атрымаць візу ЗША, беларусам вось ужо амаль 10 гадоў даводзіцца зьвяртацца ў кансуляты Злучаных Штатаў у Маскве, Варшаве, Кіеве, Вільні.

Расейскі фактар

Тым часам сёлета ў ліпені расейскія ўлады запатрабавалі рэзка скараціць прысутнасьць у іх краіне амэрыканскіх дыпляматаў — таксама пасьля новых антырасейскіх санкцый за анэксію Крыму і агрэсію на Данбасе.

Улады ЗША пасьля гэтага спынілі выдачу візаў па ўсёй Расеі і абяцалі вярнуць прыём дакумэнтаў на візы толькі ў Маскве з 1 верасьня. Але ўжо безь беларусаў. Амбасада ЗША ў Беларусі парэкамэндавала зьвяртацца ў свае дыпмісіі ў Варшаве, Кіеве і Вільні.

Віза для абраных

Ад жніўня 2014 году амэрыканская амбасада ў Менску аднавіла выдачу візаў некаторым катэгорыям грамадзянаў — студэнтам, удзельнікам праграмаў культурнага абмену, асобам, старэйшым за 70 гадоў, а таксама тым, у каго раней ужо была амэрыканская віза.

Але ад 30 студзеня 2017-га пачаў дзейнічаць іміграцыйны ўказ прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа, які распаўсюдзіўся і на беларусаў. Паўторна атрымаць візу ў Менску маглі толькі грамадзяне Беларусі, у якіх віза скончылася менш за 12 месяцаў таму. Калі больш, трэба было ехаць па візы ў суседнія сталіцы.

Вера Лукашэнкі

Сёлета ў жніўні Міністэрства замежных спраў Беларусі «са шкадаваньнем» успрыняло паведамленьне аб тым, што амбасада ЗША ў Расеі спыніла прыём дакумэнтаў на афармленьне візаў для грамадзян Беларусі.

«Спадзяёмся, што амэрыканскі бок усё ж знойдзе магчымасьць пашырыць працу консульскага аддзелу сваёй амбасады ў Менску», — было сказана ў заяве ведамства.

Дагэтуль, 11 верасьня 2016 году, адказваючы на пытаньне Радыё Свабода, Аляксандар Лукашэнка выказаў спадзяваньне, што «у хуткім часе» замест часовага паверанага ў справах ЗША ў Беларусі зьявіцца амэрыканскі амбасадар і штат кансуляту неадкладна пашырыцца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG