Удзельніка Чарнобыльскага шэсьця Віктара Шапуцьку адпусьцілі з Савецкага РАУС Менску. Яго затрымалі напрыканцы акцыі.
Пасьля вызваленьня Віктар распавёў карэспандэнту Свабоды, што прабыў у пастарунку нядоўга.
«Праверылі дакумэнты, усе асабістыя рэчы, узялі адбіткі пальцаў, сфатаграфавалі і адпусьцілі. І папярэдзілі пра нешта. Я мяркую, што правяралі, я ўкраінец ці не. Баяцца, што сюды наедуць „бандэраўцы“.
Падчас акцыі ў мяне быў на плячах украінскі сьцяг, я таксама нёс плякат „Дзе Расейская імпэрыя — там Чарнобыль, там Данбас“. Плякат мы аддалі, сьцяг застаўся ў жонкі, а мяне проста выхапілі, пасадзілі ў мікрааўтобус і адвезьлі ў пастарунак. Пальчыкам памахалі і вывелі. У іх кампутар не працаваў, таму даўжэй усё цягнулася», — распавёў Віктар Шапуцька карэспандэнту Свабоды.
Паводле праваабаронцаў, яшчэ адзін затрыманы падчас акцыі — Віталь Каліноўскі. Яго лёс высьвятляецца.