«Жыць чэсна, рабіць усё папраўдзе і нікога ня крыўдзіць», — такія парады дае стогадовая магіляўчанка Вера Райкова тым, хто хоча жыць доўга.
Маленства: з самых блізкіх толькі бацька
Пра сваю долю Вера Паўлаўна кажа: «Гора абступала, але Бог ратаваў». Яна ня мае адказу на пытаньне, ці было яе жыцьцё шчасьлівым. «Няма чым пахваліцца», — кажа яна і дадае: «Многія зайздросьцілі мне, бо я адна выгадавала дзяцей і прывучыла іх шанаваць Бога».
Свой век Вера Паўлаўна дажывае на ўскрайку Магілёва, у пасёлку Халмы. Яе сямейны дом спраектаваў і пабудаваў сын. У пакоі на камодзе раскладзеныя дарагія ёй кнігі. Сярод іх старая Біблія. Выдалі яе ў год, калі нарадзілася гаспадыня. У часы вайны, каб уратаваць рэліквію, закапала яе разам зь іншымі дарагімі для яе рэчамі. У неспакойныя часы Біблія была побач.
Вера Райкова (у дзявоцтве Захаранка) нарадзілася ў прыгараднай магілёўскай вёсцы Вялікая Бароўка ў сялянскай сямʼі 14 верасьня 1916 году. Маці Аўгіньня памерла праз тры гады падчас родаў. Народжаны хлопчык пражыў толькі тры месяцы. Старэйшыя браты таксама паўміралі малымі, і, акрамя бацькі Паўла, блізкіх крэўных у дзяўчынкі не засталося. Іхныя магілы на Бароўкаўскіх кладах. Як было здароўе, Вера Паўлаўна не прамінала радаўніц, каб адведаць сваіх на могілках.
Бацька з дачкою жыў у вялікай хаце разам з двума сваімі жанатымі братамі. «Тата цяжка і многа працаваў і ня мог як сьлед за мною прыгледзець», — кажа пра маленства Вера Паўлаўна.
«Я тулялася па вёсцы, прыбівалася да іншых дзяцей, а стаміўшыся, засынала на прызьбе якой з хат. Як падрасла, мне дазвалялі пільнаваць лучыну ў гумне, каб не загарэлася салома, пакуль старэйшыя малацілі снапы. Насіла бацьку ежу на поле, — кажа яна. — Пазьней на падработку мяне ўзялі на будоўлю чыгункі. З такімі ж дзецьмі, як сама, разносіла ў сьпёку работнікам ваду. За гэтую паслугу давалі хунт хлеба. Яшчэ зьбіралі шышкі і здавалі іх у лясьніцтва».
У хаце дзядзькі між сабою ладзілі, кажа кабета, а вось іхныя жонкі не мірыліся. Пастаянна вінавацілі адна адну ў крадзяжы харчоў.
«Дужа яны лаяліся. Абражалі адна адну брыдкімі словамі, — з усьмешкай кажа Вера Паўлаўна. — У сваіх спрэчках кляліся Богам і прысягалі ў сваёй праўдзівасьці перад абразамі».
Як спасьцігаць веды на сялянскай мове
Суразмоўніца ўспамінае, як у сярэдзіне 1920-х гадоў Вялікую Бароўку ахапіла беларусізацыя. У вёсцы адчынілі чатырохгадовую школку. Вучылі дзятву ў ёй на беларускай мове, што многіх вяскоўцаў дзівіла, бо яе лічылі сваёй, сялянскай.
Першай кнігай, якую адольвалі вучні вясковай школы, быў лемантар. Чытаньне лемантара на ўроках нярэдка суправаджалася сьмехам. Так дзеці рэагавалі на словы з кнігі, якія чулі і ў сваіх хатах.
«Настаўнік чытае: „У кашы мала сала...“ і кляса дружна кацілася з рогату, бо тады сапраўды ў сялян каша была нішчымная», — прыгадвае кабета.
Дзяцей бацькі асабліва не прымушалі вучыцца. Навука для многіх успрымалася як сэзонная забава. Найбольш дзятвы было ў клясах увосень ды ўзімку. А ўвесну, як сыходзіў з палёў сьнег, вучні пра школу забывалі, бо трэба было дапамагаць па гаспадарцы бацькам. Нямала было і тых, хто казаў, што школьная навука ў жыцьці не прыдасца, маўляў, і безь яе дзеці навучацца ткаць, прасьці ды малаціць.
Тыя ж дзеці, якіх бацькі прымушалі вучыцца ў школе, «выбіваліся ў людзі». Сярод такіх Вера Паўлаўна назвала свайго стрыечнага брата. Ён стаў палкоўнікам. Сама ж яна без бацькоўскай прынукі адолела толькі чатыры клясы, а каб вучыцца далей, трэба было хадзіць за пяць кілямэтраў у Магілёў.
«Я сялянская карова, // Прашу слова, дайце слова», — нясьпешна радок за радком чытае Вера Паўлаўна твор Кандрата Крапівы.
Гаворка Веры Паўлаўны сакавіта беларуская. Прызнаецца, што спрабавала пераняць гаворку сясьцёр свайго мужа, якія, як ёй здаваліся, гаварылі «правільна», але беларушчыну вытравіць гэтым не змагла.
У калектывізацыю кіравалі ўсім камсамольцы. Сялянам пакідалі з ураджаю сьмецьце
Калектывізацыю Вялікая Бароўка сустрэла насьцярожана, кажа Вера Паўлаўна. Тады хадзілі чуткі, што як арганізуюць калгас, то ўсіх згоняць жыць у адну хату і будзе адна коўдра на ўсіх. Змрочныя прадчуваньні спраўдзіліся, калі людзей пачалі змушаць уступаць у калгас. У той час узрасьлі падаткі. Імі абкладалі ўсё, з чаго жылі сялянскія гаспадаркі. Калі прыходзілі па падаткі, то ў дварах з сабранага ўраджаю пакідалі адно сьмецьце.
«Кожная хата мелася здаваць тры пуды мяса. А ў нас было жарабя, але не было як за яго плаціць, дык забралі нашага каняку, — са скрухай прыгадала кабета. — Як яго зводзілі з двара, дык мы за ім ішлі склаўшы рукі, нібы за труною зь нябожчыкам. Я яго пабачыла месяцы праз два. Ён быў у калёсах, якія наладоўвалі, не шкадуючы жывёлы. Тады ж усім кіравалі камсамольцы. Ім такое права далі».
Сялянам пакідалі зямлю пад агароды толькі пры самай хаце. Палоскі, якімі пасьпелі разжыцца вяскоўцы, забіраў калгас. Ад голаду ратавалі каноплі, якімі засявалі свойскія дзялянкі.
«Канаплянае зерне таўклі і гатавалі зь яго масьлёнку. Гэтым і наядаліся», — згадвае кабета.
Вера Паўлаўна ў камсамольцы не пайшла, бо верыла ў Бога і выракацца яго не зьбіралася. Набожнасьць перадалася ёй ад бацькоў. Са сваім татам яна рэгулярна хадзіла на службы ў магілёўскія цэрквы. Іх, удакладняла яна, у горадзе было шмат.
У роспачы, што забралі гаспадара, ягоная жонка падпаліла сябе
Не абмінулі сваякоў Веры Паўлаўны сталінскія рэпрэсіі. Аднае ночы прыехалі па дзядзьку. Не пашкадавалі, заўважыла кабета, што бяз бацькі застануцца пяцёра дзетак. У яго была заможная гаспадарка, што і сталася падставай для арышту. Дахаты ён больш не вярнуўся.
У тыя часы не было спакою ў сялянскіх хатах, працягвае Вера Паўлаўна. Людзі разумелі, што любая ноч можа стаць для іх апошняй на волі. Кабета пералічыла зь дзясятак аднавяскоўцаў, якія гэтак пайшлі ў ноч і не вярнуліся. Прыгадала выпадак, калі аднаго з арыштаваных адпусьцілі. Прыйшоўшы дахаты, ён даведаўся, што жонка ў роспачы спаліла сябе.
«Гэтая жанчына абгарнулася ў тое, што лічыла дарагім з адзежы, абліла сябе газай і падпаліла сябе. Разам зь ёю згарэла і хата. Абгарэлае цела знайшлі на папялішчы. Яе пахавалі, а празь дзень прыйшоў муж», — згадвае трагедыю аднавяскоўцаў Вера Паўлаўна.
Кажа, што ўсё гэта адбывалася, бо людзі адвярнуліся ад Бога. «Забылі, што такое любоў», — кажа яна.
«Ёсьць жа дзьве сілы: сьвятая і грэшная. Кожная зь іх робіць сваю работу. І выходзіць, што грэшнага тады было больш, чым сьвятога. Зброя ж ад нячысьцікаў, і людзі трапілі ў іх палон, і выбавіцца ім было цяжка», — кажа суразмоўніца.
Немцаў уражвала бедната гараджан
У 1935 годзе Вера Паўлаўна выйшла замуж за інструктара-авіятара Мікалая Райкова. Пазнаёміліся на маёўцы. Пасьля шлюбу пераехалі ў Халмы. Маладая жонка пайшла на будоўлю — якраз бо пачалі будаваць цяперашні завод імя Кірава.
Як пачалася вайна, у Веры Паўлаўны ўжо было двое дзетак — меншаму 8 месяцаў, большаму тры гады. Муж адразу пабег ратаваць самалёты, што дысьлякаваліся на магілёўскім аэрадроме. А потым выехаў з тэхнікай у эвакуацыю вучыць лётнаму майстэрству курсантаў. Вывезьці сямʼю ня змог. Ужо пасьля вайны Веры Паўлаўне паведамілі, што яе муж загінуў у 1943 годзе падчас вучэбнага палёту. Было яму 27 гадоў.
У 1941-м Вера Паўлаўна выправілася з малымі дзецьмі ў бежанцы. Спадзявалася, што вайна ня будзе доўгай і яна перабудзе ў родзічаў. Празь некалькі тыдняў, калі адышлі ваенныя дзеяньні і разьнесьліся чуткі, што ў Магілёве спакойна, наважылася вярнуцца. Яе дом ацалеў. Каля яго быў невялікі гарод, засеяны бульбай. Працаваць не было дзе. Усё пасьпелі эвакуаваць да прыходу ў горад немцаў.
Паводле Веры Паўлаўны, немцы сьмяяліся з побыту жыхароў Магілёва. Іх уражвала беднасьць гараджан. Яны хваліліся, што Нямеччына заможная краіна і там усё ёсьць.
«Адкуль у нас магло быць тое багацьце, калі мы ўвесь час жылі ў мітусьні? Нам спакою не давалі», — кажа Вера Паўлаўна.
Бачыла Вера Паўлаўна, як нацысты забівалі габрэяў. Іх прывезьлі, кажа яна, на некалькіх вялікіх машынах у лясок каля яе роднай вёскі. У грамадзе прывезеных пераважалі жанчыны зь дзецьмі. Пашыхтаваўшы, іх падвялі да краю вялікай варонкі. Потым пачуліся стрэлы. Месца масавага забойства людзей кабета дагэтуль ня важыцца наведваць.
Пра тое, што ў горадзе габрэяў сагналі ў гета, Вера Паўлаўна ведала. Бываючы ў горадзе бачыла іх з шыльдамі, на якіх быў надпіс «Jude». Кажа, што габрэяў прымушалі рамантаваць гарадзкія дарогі. Людзі выглядалі змучанымі і прыгнечанымі. Гараджане прыносілі нявольнікам ежу.
«Білі звычайна гумовым шлянгам»
Пабывала Вера Паўлаўна і ў гестапа. Жанчына назьбірала маткі бікфордавага шнура. Меркавала, што расьцягне «дрот» у двары і на ім будзе сушыць адзежу. Неяк у хату наведаліся салдаты і ўгледзелі яго пад ложкам. У шафе ж убачылі мужаў афіцэрскі мундзір. Жанчыну зьвінавацілі ў сувязі з партызанамі і забралі ў турму. Прабыла яна ў ёй менш за два тыдні. Кажа, што яе ня білі на допыце, як іншых вязьняў.
«Білі звычайна гумовым шлянгам, — кажа Вера Паўлаўна. — У суседняй камэры былі дзьве дзяўчыны, якіх скінулі на парашутах, дык іх зьбівалі да бяспамяцтва. Аблівалі вадой. Пасьля допыту прыносілі на насілках. Білі шлянгам і тых, хто варушыўся ў шыхтах на калідоры».
«Як быў допыт у мяне, — працягвала яна, — то перакладчык, нібы гуляўся з шлянгам, паказваў мне: калі не прызнаюся, то пашкадую. Я троху навучылася ўжо тады па-нямецку, дык неяк безь перакладчыка патлумачыла, адкуль у мяне зьявіліся шнуры. Немцы дужа сьмяяліся з маёй гаворкі, але майму аповеду паверылі і адпусьцілі...»
Падчас вобшуку ў Веры Паўлаўны з хаты забралі скрутак тканіны, які да вайны выдалі мужу — пашыць форму. Калі жанчыну выпусьцілі з турмы і яна пайшла па свае забраныя рэчы, то шэф паліцыі захацеў яго купіць. Расплаціўся ячменем і бульбай.
«Вось тады мы зажылі і троху папанавалі», — з усьмешкай кажа суразмоўніца.
Вера Паўлаўна кажа, што вайна не навучыла людзей справядлівасьці. Дужа шмат было ў пасьляваенны час непавагі і няпраўды. Людзям, кажа яна, плацілі мізэр, але і гэтаму яны былі рады. Цярпелі, каб ня страціць працу, бо адшукаць новую было цяжка. Прыкметная была розьніца ў тым, як жылі партыйныя кіраўнікі і простыя грамадзяне.
«Мне і пасьля вайны было цяжка. Каб былі ў мяне бацька, матка, муж, а то я ж адна засталася зь дзецьмі. Не было на каго абаперціся...», — успамінае жанчына.
Доўгі век даў Гасподзь за крэўных, якія не пажылі
Вера Паўлаўна выгадавала сваіх дзяцей у павазе да Бога. Абодва сыны атрымалі вышэйшую адукацыю і, як кажа іхная маці, «выбіліся ў людзі». Сама ж суразмоўніца так і пражыла да старасьці з чатырма клясамі вясковай школы. Рабіла пасьля вайны багата дзе, але ўсюды заробак быў невялікі. Пэнсію атрымлівае за загінулага мужа-афіцэра.
«Такі доўгі век мне даў Гасподзь за крэўных, які паўміралі маладыя: за маму, братоў, мужа...» — кажа Вера Райкова.
«Трэба жыць чэсна, рабіць усё папраўдзе і нікога ня крыўдзіць», — сфармулявала ўласны рэцэпт доўгажыхарства 101-гадовая кабета.
У Веры Паўлаўны зусім кепска са зрокам. Сьлепнуць, па яе словах, яна пачала гадоў дваццаць таму. Перанесла не адну апэрацыю. Век дажывае на сваіх нагах. Шкадуе толькі, што больш ня можа далёка хадзіць.