Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыйны дэпутат — вальшчык лесу: «А што мне губляць? Забяруць пілу?»


Валер Білібуха каля сваёй хаты
Валер Білібуха каля сваёй хаты

Адзіны ў Беларусі апазыцыйны дэпутат Валер Білібуха працуе ў сельсавеце Бярозаўскага раёну на Берасьцейшчыне. Што пра апазыцыянэра думаюць вяскоўцы — у рэпартажы карэспандэнта Свабоды.

На нядаўняй сэсіі Бярозаўскага раённага савету яго старшыня Мікалай Чыж не прамінуў упікнуць Валера Білібуху:

«Толькі добрыя водгукі паступаюць аб дэпутатах, якія своечасова разглядаюць пытаньні і звароты нашых выбарцаў. І ў той жа час ёсьць і іншыя, адзінкавыя прыклады. Гэтак, дэпутат Першамайскага сельскага савету Білібуха Валеры Мікалаевіч для хутчэйшага вырашэньня пытаньня — падсыпкі і грэйдаваньня вуліцы Лясной у вёсцы Жычын зьвярнуўся да губэрнатара вобласьці, відаць, лічачы, што гэта пытаньне яго ўзроўню і больш важных пытаньняў у старшыні аблвыканкаму няма. У будучым, я думаю, такое недапушчальна».

У інтэрвію Радыё Свабода Валер Білібуха растлумачыў, што раённых начальнікаў пакрыўдзіла, што ён зьвяртаўся да старшыні аблвыканкаму празь іх галовы:

«Але ж я палову года вёў ліставаньне з рознымі раённымі інстанцыямі, каб вырашылася пытаньне з рамонтам дарог на трох вуліцах у вёсках, дзе жывуць мае выбарцы. Там жа прайсьці немагчыма было! І калі мне пачалі прысылаць адпіскі, што ў іх няма сродкаў, то я і напісаў ліст тагачаснаму яшчэ старшыні аблвыканкаму Канстанціну Сумару. Адразу ж сродкі знайшліся, тэхніка знайшлася, і вуліцы парамантавалі».

Пэнсіянэр Васіль Мастыка: «Каб не Валер, то дагэтуль дарогу б не парамантавалі»
Пэнсіянэр Васіль Мастыка: «Каб не Валер, то дагэтуль дарогу б не парамантавалі»

Валер Білібуха — дэпутат Першамайскага сельскага савету, сябра аргкамітэту па стварэньні партыі БХД. Жыве ў вёсцы Кабакі Бярозаўскага раёну.

Едзем з дэпутатам на ягоным далёка ня новым «Фольксвагене» ў вёску Жычын. У дарозе Валер Білібуха жартуе, адказваючы на пытаньне, як яму ўдалося абрацца ў дэпутаты:

«Я думаю, што ўлады ня ведалі, што я апазыцыянэр, ды далі абраць, а цяпер шкадуюць. А людзі ж мяне тут усе даўно ведаюць, мне давяраюць, таму і абралі».

ВІДЭА: Як любяць адзінага беларускага дэпутата ад апазыцыі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:00 0:00

У даверы вяскоўцаў да дэпутата карэспандэнт пераканаўся, паразмаўляўшы з бабулькамі, якіх спыніў каля крамы. Вяскоўцы называюць Білібуху «наш Валерык», хваляць, што ён ім дапамагае — дабіўся рамонту дарог, сабраў талаку на рамонт могілак, апякуецца працай вясковай лазьні. Бабулькі жартуюць, што да яго зьвяртаюцца нават, каб дапамог наладзіць радыёхвалі.

Бабулька — дэпутату: «Трэба, каб прыйшоў, парамантаваў мне радыё»
Бабулька — дэпутату: «Трэба, каб прыйшоў, парамантаваў мне радыё»

Пытаюся: «Дык ён жа апазыцыянэр! Яго ж чыноўнікі ня любяць...»

Спадар: «Ён, галоўнае, каб наш дэпутат быў, а супраць каго ён ці з кім ён...»

Бабулька: «Малайчына, што ён не маўчыць... Але я ўсё кажу — Валерык, глядзі, бо цябе заб’е нехта. Ты, глядзі, памалу, бо заб’е яшчэ хто... Малайчына ён, малайчына! Ён нічога не баіцца...»

Аляксандра Кісель: «Каб гэта нашы людзі атрымлівалі столькі, колькі дырэктары атрымліваюць!»
Аляксандра Кісель: «Каб гэта нашы людзі атрымлівалі столькі, колькі дырэктары атрымліваюць!»

Яшчэ ў аднаго вяскоўца-пэнсіянэра папытаўся, ці наступны раз абяруць Валера Білібуху ў дэпутаты. Спадар кажа, што людзі будуць гатовыя нават дзяжурыць каля ўчастку, каб іх не падманулі.

Едзем па вёсцы, раптам Білібуха спыняецца каля маладога хлапца, выскоквае з машыны і пачынае на яго сварыцца:

«Мне сказалі, што днямі цябе тут ізноў п’яным бачылі? Ты глядзі мне! Кідай, бо я табой займуся!»

Хлопец прысаромлена глядзіць у дол ды мармыча нешта пад нос, апраўдваючыся.

Сам Валер Білібуха прызнаецца, што ўжо каля 15 гадоў зусім не ўжывае алькаголю. Кажа, былі праблемы са здароўем, давялося зразумець, што радасьці ад такой звычкі мала.

Пагутарыўшы зь вяскоўцамі, едзем на могілкі. Спадар Білібуха распавядае, што шмат высілкаў давялося прыкласьці, каб зрабіць парадак — сьпілаваць старыя дрэвы, пабудаваць агароджу, паставіць і асьвяціць новы дубовы крыж...

Могілкі каля Жычына, якія дэпутат Білібуха рамантаваў разам зь вяскоўцамі
Могілкі каля Жычына, якія дэпутат Білібуха рамантаваў разам зь вяскоўцамі

Бярозаўскі раён — адзіны ў Беларусі, дзе адбываліся гэтак званыя «сьвіныя бунты». У 17 вёсках раёну сялянам дзеля прафіляктыкі афрыканскай чумы забаранілі трымаць сьвіней. У вёсках адбываліся пратэсты. Мясцовыя актывісты, у тым ліку і Валер Білібуха,арганізоўвалі ліставаньне з уладамі, ладзілі сустрэчы з чыноўнікамі, выказваючы патрабаваньні вяскоўцаў. Цяпер з большасьці вёсак забарону зьнялі, людзі пакрысе заводзяць парасят.

Заехалі да дэпутата на гарбату. Жыве ў простай драўлянай хаце. Кінулася ў вочы — пад’езд да хаты зусім разьбіты: машына прадзіраецца коламі праз брудныя каляіны.

Сьмяюся: «Як гэта так — людзям дарогі парамантаваў, а сабе пад’езд не падсыпаў?»

Я ж просты вальшчык лесу ў лясьніцтве, на пасады, катэджы ды іншыя прывілеі не прэтэндую

Дэпутат жартуе ў адказ: «А як жа я потым у вочы людзям буду глядзець? Няхай вось бачаць, якая ў мяне ў самога дарога...»

Ужо едучы да электрычкі, пытаюся ў спадара Білібухі, ці не баіцца ён адкрыта выказваць сваю апазыцыйнасьць, ці не баіцца перасьледу.

«А што мне губляць? Забяруць у мяне пілу? Ды на здароўе! Я ж просты вальшчык лесу ў лясьніцтве, на пасады, катэджы ды іншыя прывілеі не прэтэндую. Улады гэта разумеюць, таму ніякага ўціску тут няма. Прынамсі, на працы ніхто і слова ня кажа», — распавядае дэпутат.

На нядаўнім паседжаньні Бярозаўскага райсавету дэпутатаў яго старшыня Мікалай Чыж сказаў:

«Новы дэпутацкі корпус — гэта немалая сіла, якая здольная вырашаць многія праблемы, якія тычацца, у першую чаргу, інтарэсаў насельніцтва. Тым больш што значная частка дэпутатаў — гэта кіраўнікі рознага ўзроўню».

Вальшчык лесу Валер Білібуха ў абойму дэпутатаў-кіраўнікоў не ўваходзіць. Але ён — жывое сьведчаньне, што зусім ня трэба быць начальнікам, каб заслужыць павагу вяскоўцаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG