Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Усё, што сказаў Кірыл Руды, нам вядома», — Дзьмітрыеў


Кірыл Руды, архіўнае фота
Кірыл Руды, архіўнае фота

Два дні ў Менску праходзіў чацьвёрты Кастрычніцкі эканамічны форум. Гэта адна зь нямногіх пляцовак, дзе абмеркаваць праблемы эканомікі зьбіраюцца незалежныя эканамісты, дыпляматы і дзяржаўныя чыноўнікі ўзроўню намесьнікаў міністраў і намесьнікаў старшыні Нацбанку. Бадай, самым яркім на форуме быў выступ былога дарадцы прэзыдэнта ў пытаньнях эканомікі (2013–2016 гады), цяперашняга амбасадара Беларусі ў Кітаі Кірыла Рудага.

Свой сьпіч ён назваў: «Чаму нам не патрэбныя эканамісты». Як адрэагавалі на выступ эканамісты і палітыкі?

«Калі б была палітычная воля — быў бы базіс, быў бы штуршок. А палітычнай волі няма»

Эканаміст, навуковы супрацоўнік Беларускага эканамічнага дасьледча-адукацыйнага цэнтру (BEROC) Зьміцер Крук прызнаўся, што ня лічыць выступ Кірыла Рудага рэвалюцыйным:

Зьміцер Крук
Зьміцер Крук

«Асноўныя тэзісы, якія агучыў спадар Руды, мне падалося, адносіліся не да эканамістаў, яны адносіліся да чыноўнікаў. І калі ён казаў, чаму эканамісты ніяк не рэагавалі, калі сродкі ня так разьмяркоўваліся ці нешта іншае, то гэта, хутчэй, задача чыноўнікаў, а не эканамістаў. Ну, і асноўная думка, да якой ён схіляўся, — трэба папярэджваць: што, маўляў, задача эканамістаў — папярэджваць пра нейкія выклікі ў эканоміцы. Ну так, з гэтым можна пагадзіцца. Але, на мой погляд, гэта ня ёсьць нейкай навізной, ня ёсьць адкрыцьцём. Таму таго захапленьня прамовай Рудага, якое панавала ўчора сярод шмат каго, я не падзяляю, шчыра кажучы. Так што ня бачу нічога рэвалюцыйнага, нічога незвычайнага ў ягоным выступе. Хутчэй, як я ўспрымаю, выступ яго быў разьлічаны на шырокае абмеркаваньне, і гэтай мэты ён дасягнуў.

Калі б была сапраўды гатоўнасьць уладаў да рэформаў, тады б мы абмяркоўвалі непасрэдна крокі, мэханіку, што трэба зрабіць на тым ці іншым прадпрыемстве, што мэтазгодна для „Белшыны“, МАЗу, БелАЗу. А калі мы нават ужо не другі і не чацьвёрты раз (колькі зьбіраецца Кастрычніцкі форум), а дваццаты раз абмяркоўваем адны і тыя ж пытаньні кшталту „а ці трэба прыватызаваць, а ці трэба скарачаць дзяржаўны сэктар“ і гэтак далей — хутчэй гэта зводзіцца да таго, што праблему вырашылі „забалбатаць“. І ў гэтым выпадку казаць можна пра што заўгодна. Ну, дыскутуйце, абмяркоўвайце — „а воз и ныне там“.

Год таму на мінулым Кастрычніцкім форуме было такое адчуваньне, што — ну вось, крытычная маса назапасілася, сярод чыноўнікаў шмат хто прызнае, што патрэбныя рэформы. Але давайце паглядзім, што зроблена за гэты год з пазыцыі структурных рэформаў. Шчыры адказ — амаль нічога. Калі б была палітычная воля, быў бы базіс, быў бы штуршок. А палітычнай волі няма».

«У рэформах павінен быць зацікаўлены кіраўнік дзяржавы і грамадзтва — калі яно думае пра сваю будучыню»

Супрацькрызісны мэнэджэр Мечыслаў Бурак кажа, што ва ўрадзе ніхто да Кірыла Рудага не прыслухаецца, таму што там слухаюцца толькі аднаго чалавека:

Мечыслаў Бурак
Мечыслаў Бурак

«Вось ужо чацьвёрты раз зьбіраецца такі форум, і чыноўнікі нам распавядаюць тое, што мы казалі ім 20 гадоў таму. І сёньня выступае міністэрскі чыноўнік як эканамічны экспэрт, і мне распавядае тое, што я напісаў 20 гадоў таму! А калі я запытаўся ў яго пра працэдуры, дык ён ня ведае, што сказаць — я маю на ўвазе першага намесьніка міністра эканомікі Аляксандра Забароўскага. Але ж нічога ня робіцца! Я пытаюся ў яго як у адміністратара, а ён мне адказвае як тэарэтык-экспэрт.

Ва ўрадзе ні да Кірыла Рудага, ні да якага іншага экспэрта ніхто не прыслухаецца, таму што ўрад слухае толькі аднаго чалавека, і патрэбна палітычная воля гэтага чалавека.

Наша пазыцыя такая: рэформы павінны рабіць тыя, каму яны патрэбныя. Бізнэсу рэформы не патрэбныя, бо бізнэс ужо прыстасаваўся і сёньня стаіць у адной пазыцыі з кіраўніком дзяржавы. Таму што бізнэс — супраць канкурэнцыі. І малы, і сярэдні бізнэс пазаймаў свае нішы, і іх гэта задавальняе. Бізнэсу не патрэбная канкурэнцыя. Канкурэнцыя патрэбная грамадзтву, каб грамадзтва разьвівалася.

Новыя тэхналёгіі, новыя маркетынгавыя хады ня зробіш, калі ня будуць створаны новыя ўмовы эканомікі. У рэформах павінен быць зацікаўлены кіраўнік дзяржавы — калі ён думае пра будучыню нацыі, і грамадзтва — калі яно думае пра сваю будучыню».

«Руды назваў, хто нам патрэбны — бізнэсоўцы, юрысты, сацыёлягі. Але не назваў палітыкаў»

Палітык, лідэр кампаніі «Гавары праўду!» Андрэй Дзьмітрыеў таксама ня лічыць выступ Кірыла Рудага рэвалюцыйным і выказвае меркаваньне, што Беларусі патрэбныя ня толькі тры катэгорыі людзей, якіх назваў Руды — бізнэсоўцы, юрысты і сацыёлягі. Але патрэбныя яшчэ і палітыкі:

Адзін з арганізатараў форуму Павал Данейка (зьлева), Тацяна Караткевіч і Андрэй Дзьмітрыеў
Адзін з арганізатараў форуму Павал Данейка (зьлева), Тацяна Караткевіч і Андрэй Дзьмітрыеў

«Кірыл Руды, мне падаецца, колькі гадоў таму напісаў усё тое самае ў велізарнай кнізе „Фінансавая дыета“, якую больш складана прачытаць. А зараз ён сказаў карацей, па-мастацку больш прыгожа, але, па сутнасьці, тое ж самае, што напісана ў той кнізе. Мне падаецца, што сёньня ў дзяржаве ёсьць пэўная кагорта людзей, мы іх умоўна ў мінулым годзе назвалі „рэфарматарамі“, якія гавораць пра рэформы, даводзяць, што трэба рабіць сёньня, каб эканоміка пачала рухацца. На жаль, гэтае кола істотна не пашыраецца ў публічнай, прынамсі, прасторы, хоць яно пашыраецца ўнутры.

Але калі мы адыдзем ад эмацыйнага, а паглядзім, што канкрэтна сказаў Руды, то нічога рэвалюцыйнага ён не прамовіў, проста сказаў прыгожа. Усё, што ён сказаў, нам вядома. І нам пра гэта ўлада ўжо шмат разоў казала. І мы хочам не рэпостам падтрымліваць яе словы, а падтрымліваць тое, што яна робіць — у эканоміцы, у сацыяльнай сфэры, у палітыцы.

І яшчэ адно маё меркаваньне: Руды назваў, хто нам патрэбны — бізнэсоўцы, юрысты, сацыёлягі. Але не назваў палітыкаў. Зразумела, што сацыёлягі не займаюцца зьмяненьнем грамадзтва. Гэта якраз справа палітыкаў, якія працуюць штодня з грамадзтвам. Сёньня пра эканамічныя рэформы ўжо ёсьць трэнд гаварыць, а пра палітыку, удзел у палітыцы — гэты трэнд толькі пачынаецца. Пачаўся ён у 2015 годзе з прэзыдэнцкай кампаніі, працягнуўся зараз у парлямэнцкую кампанію. Я думаю, што нам патрэбныя палітыкі, іх павінна быць шмат».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG