Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Беражкоў будзе кіраваць дэпартамэнтам, адмыслова створаным у фэдэрацыі футболу


Уладзімер Беражкоў, архіўнае фота
Уладзімер Беражкоў, архіўнае фота

Новае месца працы былога генэральнага мэнэджэра хакейнага клюбу «Дынама-Менск» Уладзімера Беражкова — кіраўнік дэпартамэнту па маркетынгу і камунікацыях Беларускай фэдэрацыі футболу (БФФ).

Пра гэта стала вядома 2 чэрвеня на брыфінгу, які прайшоў у Доме футболу. Дэпартамэнт па маркетынгу і камунікацыях — новая адзінка ў структуры фэдэрацыі футболу. Паводле зьвестак з БФФ, дэпартамэнт створаны з ініцыятывы старшыні фэдэрацыі Сяргея Румаса для паляпшэньня маркетынгавай стратэгіі, а таксама працы з мэдыямі і грамадзкасьцю. На брыфінгу былы рэдактар «Прэсболу» і фігурант гучнай крымінальнай справы распавёў пра будучую працу і пра тое, што яму вядома наконт сваёй крымінальнай справы.

«Тут, у фэдэрацыі футболу, мне цікава. Тут адчуваю сябе ў сваёй стыхіі, у сваёй лодцы. І, як мне падаецца, нешта тут умею, магу падказаць і зрабіць. Таму не апасаюся, што пагадненьне будзе кароткае і перапыніцца. Яно і зь біятлёнам не перапынялася, а скончылася», — сказаў Уладзімер Беражкоў.

Неўзабаве пасьля выхаду на волю пад падпіску зь менскага сьледчага ізалятара Ўладзімер Беражкоў паведаміў, што ў межах дамовы падраду працуе над рэалізацыяй праекту па адкрыцьці мэдычнага цэнтру для біятляністаў. Паводле спадара Беражкова, працу, якая яму даручалася, ён зрабіў, а больш прапаноў ад фэдэрацыі біятлёну не паступала. Беларускую фэдэрацыю біятлёну ўзначальвае старшыня КДБ Валер Вакульчык, які і прапаноўваў Уладзімеру Беражкову працу паводле дамовы падраду.

Перш чым заступіць на новае працоўнае месца ў фэдэрацыі футболу, Уладзімер Беражкоў, паводле ягоных словаў, сустракаўся з кіраўніком фэдэрацыі, былым віцэ-прэмʼерам Сяргеем Румасам, які даручыў яму заняцца падвышэньнем інтарэсу да футболу.

«Падчас першай жа сустрэчы з Румасам, калі Сяргей Мікалаевіч запрашаў мяне на працу, ён самай галоўнай задачай паставіў падняць інтарэс да чэмпіянату Беларусі — ня толькі ў вышэйшай, але і ў першай, другой лігах, а таксама да жаночага футболу», — распавёў Уладзімер Беражкоў.

Паводле спадара Беражкова, ён разьлічвае, што ў яго ня будзе праблемаў з камандзіроўкамі за межы Менску з той прычыны, што працягвае дзейнічаць ягоная падпіска пра нявыезд.

«Мне сказалі, што калі праца патрабуе камандзіровак, дык іх трэба будзе ўзгадняць. Тут праблемаў ня бачу, а бачу ляяльнае, нават, напэўна, добразычлівае стаўленьне з боку генэральнай пракуратуры», — сказаў Уладзімер Беражкоў.

А ці закрытая крымінальная справа, якую заводзілі на Ўладзімера Беражкова паводле абвінавачаньня ў нанясеньні грашовых стратаў падчас працы ў хакейным клюбе «Дынама-Менск»? 1 чэрвеня Ўладзімер Беражкоў сказаў карэспандэнту Свабоды, што дагэтуль не атрымаў зьвестак пра закрыцьцё справы, хоць спадзяваўся, што гэта адбудзецца ў траўні. Уладзімер Беражкоў мяркуе, што «справу закрыюць».

Паводле зьвестак Сьледчага камітэту Беларусі, якія распаўсюджваліся яшчэ да выхаду Ўладзімера Беражкова на волю, ён сплаціў каля 1 мільярду рублёў нанесеных стратаў, якія яму налічыла сьледзтва. Ці магчыма гэта паводле закону?

«Пасьля зьменаў у Крымінальна-працэсуальны кодэкс гэта законная працэдура — што супроць чалавека могуць спыніць крымінальны перасьлед, калі ён кампэнсаваў страты і супрацоўнічаў са сьледзтвам. Такое прадстаўленьне робіць сьледчы ў пракуратуру, а тая зьвяртаецца да кіраўніка дзяржавы, які можа прыняць адпаведнае рашэньне», — патлумачыў Свабодзе праваабаронца БХК, былы судзьдзя Гары Паганяйла.

Былы выканаўца абавязкаў гендырэктара хакейнага клюбу «Дынама-Менск» Уладзімер Беражкоў быў арыштаваны ў жніўні мінулага году паводле абвінавачаньня ў нанясеньні клюбу шкоды ў асабліва вялікіх памерах праз службовыя злоўжываньні. Вызвалілі спадара Беражкова з-пад варты летась у красавіку. Ёсьць зьвесткі, што яго памілаваў Аляксандар Лукашэнка. Сам спадар Беражкоў у інтэрвію на волі сказаў, што за яго «заступіліся вельмі ўплывовыя людзі».

Між тым пад вартай застаецца другі фігурант крымінальнай справы топ-мэнэджэраў «Дынама-Менск», былы гендырэктар клюбу Максім Суботкін. Яго арыштавалі за месяц да Ўладзімера Беражкова.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG