У Дзяржаўным літаратурна-мэмарыяльным музэі Якуба Коласа адкрылася фотавыстава «Якуб Колас: вядомы і невядомы», прымеркаваная да 135-годзьдзя пісьменьніка.
У першую частку выставы ўключанын малавядомыя фатаздымкі, на якіх можна ўбачыць паэта з блізкімі людзьмі, па-сямейнаму разьняволенага.
На адным з чорна-белых фота Якуб Колас прамаўляе падчас застольля ў гонар замежных журналістаў. На другім — у садзе, каля свайго дома, зацягваецца цыгарэтай, з асалодай заплюшчыўшы вочы. На трэцім фатаздымку — строгі, у гарнітуры і капелюшы, стаіць сярод каласоў пшаніцы і жыта, якія сам пасадзіў побач з домам дзеля экспэрымэнту.
Некаторыя фатаздымкі праілюстраваныя цытатамі зь дзёньнікаў і твораў Якуба Коласа.
Разам з фота экспануюцца рукапісы паэта і яго асабістыя рэчы. Колас меў акуратны почырк, выводзіў кожную літару. А калі даводзілася закрэсьліць слова, то рабіў гэта асьцярожна і беражліва.
Упершыню выстаўлены рукапіс «Мой запавет» — гэта філязофска-паэтычнае крэда Коласа-грамадзяніна. У ім паэт называе сябе рыбай, выкінутай на пясок, і дадае: «Я прыйшоў у жыцьцё не для сябе самога».
У другой частцы фотавыставы можна пабачыць народнага паэта на сьвятах і паседжаньнях, у тым ліку за межамі Беларусі.
Адзін са здымкаў — з дарчым надпісам расейскай паэтэсе Сьвятлане Сомавай: «Дарагому сябру Сьвятлане. Глядзіце — гляджу сярдзіта, каб Вы сярдзіта адносіліся да жыцьця. Я.К. 12.3.1946».
На выставе можна ўбачыць і падарункі, прывезеныя Якубам Коласам у 1935 годзе з Парыжу. Туды беларускі пясьняр езьдзіў у складзе савецкай дэлегацыі на Міжнародны кангрэс пісьменьнікаў у абарону міру.
У выстаўленым музэем лісьце Коласа да Сяргея Гарадзецкага, сябра і аднаго зь першых перакладнікаў паэзіі Якуба Коласа на расейскую мову, паэт пісаў:
«Я не гарадзкі чалавек. Парыж цудоўны горад. Шмат найцікавейшых помнікаў і сьлядоў вялікай эўрапейскай культуры. Але ўсё ж для мяне, чалавека палёў і лясоў, наймілейшая мая Беларусь».
Фота Коласа ў піжаме і шапцы, падараванай яму на 70-годзьдзе казаскімі пісьменьнікамі, зроблена на лецішчы ў Каралішчавічах, дзе паэта наведалі сябры-літаратары.
Разам з фотавыставамі ў Доме-музэі Коласа побач адчыніў свае дзьверы і склеп, якім Якуб Колас карыстаўся ў 50-я гады. Праўда, у тыя часы дол там быў земляны, а па сьценах — драўляныя паліцы.
Кілбаса, капуста, гурочкі і грыбы ў слоіках — сапраўдныя. Гэтыя зімовыя нарыхтоўкі рабіла Зінаіда Камароўская, дырэктарка музэю. Яна сама родам са Стаўпеччыны, радзімы Якуба Коласа.