Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску прайшла вечарына памяці Алеся Адамовіча


Алесь Адамовіч
Алесь Адамовіч

У студзені 2015 году спаўняецца 20 гадоў прэміі імя Алеся Адамовіча. Да гэтай нагоды Саюз беларускіх пісьменьнікаў і Беларускі ПЭН-цэнтар прымеркавалі вечарыну памяці пісьменьніка, публіцыста, літаратуразнаўцы, сцэнарыста, грамадзкага дзеяча Алеся Адамовіча (1927–1994).

Апошні год быў багаты на выданьні і перавыданьні твораў Алеся Адамовіча: зьявіліся чатыры новыя кнігі.

Летась выйшла «Выбранае» Алеся Адамовіча ў «Беларускім кнігазборы» — Кастусь Цьвірка працягвае «Залатую сэрыю».

У Санкт-Пецярбургу, у выдавецтве «Лениздат», выйшла «Блокадная книга» з дадаткамі архіўных матэрыялаў.

Пабачыла сьвет таксама перавыданьне кнігі «Каратели» з ілюстрацыямі Арлена Кашкурэвіча. Мастак пасьпеў іх зрабіць перад самай сьмерцю, таксама спадар Кашкурэвіч напісаў, як ён працаваў над гэтымі ілюстрацыямі. Выданьне выйшла і з новай прадмовай. Тут варта адзначыць і паліграфію — кніга выйшла ў выдавецтве «Попурри».

Нарэшце, «Khatyn: „Хатынская аповесьць“» выйшла ў Лёндане, у выдавецтве Glagoslav Publicаtions.

Каб не прэзэнтаваць гэтыя кнігі паасобку, арганізатары — дачка пісьменьніка Натальля Адамовіч, прадстаўнікі Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускі ПЭН-цэнтар — вырашылі зрабіць агульную імпрэзу. Як адразу ўдакладнілі арганізатары, усе чатыры кнігі ня новыя, але ў кожным выданьні ёсьць свае адметнасьці: новыя прадмовы, новыя пасьляслоўі, новыя ілюстрацыі.

У залі Палаца мастацтва — акадэмік Радзім Гарэцкі, праваабаронца Алесь Бяляцкі, кінарэжысэр Уладзімер Колас, гісторык Анатоль Сідарэвіч, літаратары Ўладзімер Някляеў, Барыс Пятровіч, Міхась Скобла, Андрэй Хадановіч, перакладчык і пэдагог Лявон Баршчэўскі, шмат моладзі.

1. Выступае Міхась Скобла. 2. Новыя выданьні кніг Алеся Адамовіча. 3. Гледачы. 4. Сьпявае Тацяна Матафонава
1. Выступае Міхась Скобла. 2. Новыя выданьні кніг Алеся Адамовіча. 3. Гледачы. 4. Сьпявае Тацяна Матафонава

Вядоўца вечарыны Міхась Скобла ўзьняў пытаньне: калі ўсё ж выйдзе збор твораў Алеся Адамовіча? Да агульнага сораму, дагэтуль няма поўнай анталёгіі, выйшаў толькі адзін том. Старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Барыс Пятровіч дадаў, што гэтаксама няма музэю Алеся Адамовіча, а кіраўнік Беларускага ПЭН-цэнтру Андрэй Хадановіч сказаў, што цяпер самае папулярнае чытво — не белетрыстыка, ня масавая чытанка, а літаратура «нон-фікшн», акурат любімая Адамовічам публіцыстыка і дакумэнталістыка.

Натальля Адамовіч, дачка пісьменьніка, у сваім выступе сьціпла адзначыла, што, на жаль, ёй не перадаўся літаратурны дар бацькі, яна «музэйніца і дасьледніца». Але калі ў выдавецтве «Попурри» яе папрасілі напісаць прадмову да «Карателей», яна знайшла шмат запісных кніжак, нататнікаў і сшыткаў, у якіх адкрыла для сябе шмат новага. Дарэчы, у гэтай кнізе зьявілася новая частка пад назвай «Дублёр». Прысьвечана яна асобе Ёсіфа Сталіна, падтэкст у тым, што Сталін — гэта дублёр Гітлера.

Галоўны рэдактар выданьня «Кнігазбор» Кастусь Цьвірка прэзэнтаваў «Выбранае». Прадмову да выданьня напісаў доктар філялягічных навук, прафэсар Міхась Тычына, які сказаў, што ў ягоных плянах — кніга ўспамінаў пра Алеся Адамовіча.

Імпрэза адзначаная вельмі цёплай атмасфэрай, прамовы ўдзельнікаў зьмяняліся выступамі артыстаў. Так, Тацяна Матафонава выканала твор на верш Генадзя Бураўкіна «Малітва», свае песьні засьпяваў бард Зьміцер Бартосік.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG