«Пакуль Леанід Кулакоў адбывае 25 сутак арышту за ўдзел у акцыях пратэсту, судовыя выканаўцы забіраюць ягоную машыну — карміліцу», — напісала ў Фэйсбуку актывістка Юлія Сьцяпанава.
Паводле фатаздымкаў, якія зьмясьціла Юлія Сьцяпанава, «фольксваген» таксіста Леаніда Кулакова, на якім ён зарабляў на жыцьцё і на шматлікія штрафы за ўдзел у масавых акцыях пратэсту, забралі на эвакуатары супрацоўнікі ДАІ.
За Дзень Волі Леаніда Кулакова пакаралі найстражэй за ўсіх — 25 суткамі арышту. На судзе Леанід Кулакоў распавядаў, што нават не пасьпеў дайсьці да месца збору. Яго схапілі на вуліцы з торбай, у якой былі цыгарэты і часнык, бо вязень рыхтаваўся да арышту. На працэсе Леанід Кулакоў не падымаўся, калі ўваходзіў судзьдзя
Цягам 2015–2017 гадоў Леаніда Кулакова шмат разоў затрымлівалі на акцыях пратэсту, саджалі на суткі ці штрафавалі на вялікія сумы. Сплаціць усе штрафы таксіст ня мог і заклікаў судзьдзяў караць яго адміністрацыйным арыштам, але гэта ня дзейнічала. Некалькі месяцаў таму аўтамабіль Леаніда Кулакова быў апісаны, між тым актывіст працягваў на ім працаваць, бо мусіў зарабляць на жыцьцё. У 2016 годзе людзі зьбіралі грашовую дапамогу Леаніду Кулакову, але сабраных тады сродкаў для пакрыцьця штрафаў не хапіла.