Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ён быў палкім прыхільнікам свабоды і незалежнасьці», — у Косаве ўшанавалі Касьцюшку


«Я адчуваю, што мог быць тут 270 гадоў таму», — амэрыканскі дыплят пра юбілей Касьцюшкі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:15 0:00

«Я адчуваю, што мог быць тут 270 год таму», — амерыканскі дыплят пра юбілей Касьцюшкі

У Косаве на Берасьцейшчыне адзначылі 270-я ўгодкі нараджэньня Тадэвуша Касьцюшкі. У імпрэзе ўзялі ўдзел прадстаўнікі ўладаў, грамадзкасьці, замежныя госьці і дыпляматы.

На дзень народзінаў Касьцюшкі да музэю ва ўрочышчы Марачоўшчына зьехаліся некалькі дзясяткаў чалавек, жыхароў Івацэвічаў, Берасьця, Баранавічаў, Кобрыні. Прысутнічалі апазыцыйныя палітыкі Аляксандар Мілінкевіч і Ўладзімер Някляеў. Традыцыйна прадстаўнікі мясцовай улады прымалі тут дыпляматаў ЗША, Польшчы, Украіны, Расеі.

Удзельнікі імпрэзы ўсклалі кветкі да валуна з рэльефам Тадэвуша Касьцюшкі, потым наведалі музэй, дзе адбылася тэатралізаваная пастаноўка пра жыцьцё сям’і Касьцюшкаў.

Напрыканцы замежныя госьці і дыпляматы ўручылі дырэктару музэю падарункі.

Часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Скот Роланд прывёз для музэю вялікі фатаздымак помніка Тадэвушу Касьцюшку ў Вашынгтоне, усталяванага побач зь Белым домам:

Справа налева: Павераны ў справах ЗША Скот Роланд, Часовы павераны ў справах Рэспублікі Польшча ў Беларусі Міхал Хабрас, кіраўнік Івацэвіцкага райвыканкаму Анатоль Ткачук
Справа налева: Павераны ў справах ЗША Скот Роланд, Часовы павераны ў справах Рэспублікі Польшча ў Беларусі Міхал Хабрас, кіраўнік Івацэвіцкага райвыканкаму Анатоль Ткачук

«Я рады, што магу сёньня сьвяткаваць з вамі 270-я ўгодкі нараджэньня Тадэвуша Касьцюшкі. Некалькі нацыяў на розных кантынэнтах лічаць яго сваім героем, узорам мужнасьці і чалавекам прынцыпаў. Ім захапляліся, яго паважалі за ягоныя веды і перакананьні людзі на самых розных пасадах — ад прэзыдэнта Злучаных Штатаў Томаса Джэфэрсана, імпэратараў і да ягоных паплечнікаў-паўстанцаў. Ён быў палкім прыхільнікам свабоды і незалежнасьці. Шмат у чым ён апярэджваў свой час. Так, напрыклад, ён ня бачыў незалежнасьці калёніяў без свабоды для чарнаскурых рабоў», — сказаў у сваёй прамове Скот Роланд.

Скот Роланд (справа) і Ўладзімер Някляеў у Марачоўшчыне
Скот Роланд (справа) і Ўладзімер Някляеў у Марачоўшчыне

Скот Роланд прыгадаў, што помнікі Тадэвушу Касьцюшку ўсталяваныя ў некалькіх гарадах ЗША, і распавёў, што постаць славутага генэрала вельмі значная для гісторыі Злучаных Штатаў.

Міхал Хабрас ускладае кветкі да валуна з рэльефам Касьцюшкі
Міхал Хабрас ускладае кветкі да валуна з рэльефам Касьцюшкі

Часовы павераны ў справах Рэспублікі Польшча ў Беларусі Міхал Хабрас зачытаў па-беларуску ўрывак верша Янкі Купалы і распавёў, што Тадэвуш Касьцюшка — спадчына многіх народаў:

«Я перакананы, што Тадэвуш Касьцюшка — гэта частка спадчыны, якая аб’ядноўвае і палякаў, і беларусаў, і амэрыканцаў, і многіх іншых. Гэта асоба такога маштабу, якіх, насамрэч, няшмат. Асоба ўсясьветнага маштабу», — сказаў Міхал Хабрас.

Палякі пасадзілі каля сядзібы некалькі дрэўцаў
Палякі пасадзілі каля сядзібы некалькі дрэўцаў

Госьці з польскіх арганізацыяў імя Тадэвуша Касьцюшкі перадалі музэю шмат падарункаў, у тым ліку — зямлю з поля бітвы пад Рацлавіцамі, у якой браў удзел Тадэвуш Касьцюшка.

Кіраўнік беларускага грамадзкага аб’яднаньня імя Тадэвуша Касьцюшкі Леанід Несьцярчук, адзін з актывістаў адраджэньня сядзібы Касцюшкі ў Косаве, падараваў музэю рарытэтнае фартэпіяна ХІХ стагодзьдзя.

Напрыканцы імпрэзы ўдзельнікі фатаграфаваліся на памяць, а госьці з Польшчы ў шляхецкіх строях пасадзілі каля сядзібы некалькі дрэўцаў.

Старшыня Івацэвіцкага райвыканкаму Анатоль Ткачук (зьлева) і яго намесьнік Аляксандар Велікаселец традыцыйна прынесьлі вянок з чырвона-зялёнай стужкай
Старшыня Івацэвіцкага райвыканкаму Анатоль Ткачук (зьлева) і яго намесьнік Аляксандар Велікаселец традыцыйна прынесьлі вянок з чырвона-зялёнай стужкай

Берасьцейцы зь бел-чырвона-белымі сьцяжкамі ўскладаюць кветкі
Берасьцейцы зь бел-чырвона-белымі сьцяжкамі ўскладаюць кветкі

Аляксандар Мілінкевіч
Аляксандар Мілінкевіч

Кветкі каля валуна з рэльефам Тадэвуша Касьцюшкі
Кветкі каля валуна з рэльефам Тадэвуша Касьцюшкі

Госьць з Польшчы ў вайсковай форме
Госьць з Польшчы ў вайсковай форме

Тэатралізаванае прадстаўленьне ў сядзібе Касьцюшкі
Тэатралізаванае прадстаўленьне ў сядзібе Касьцюшкі

«Бацька Тадэвуша Касьцюшкі» паводле сцэнкі
«Бацька Тадэвуша Касьцюшкі» паводле сцэнкі

Госьці ў часе тэатралізаванай імпрэзы
Госьці ў часе тэатралізаванай імпрэзы

Нягледзячы на тое, што Касьцюшка ваяваў супраць Расеі, амбасадар гэтай краіны традыцыйна прыяжджае ў Косава
Нягледзячы на тое, што Касьцюшка ваяваў супраць Расеі, амбасадар гэтай краіны традыцыйна прыяжджае ў Косава

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG