Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У інтэрнэце пачалася кампанія ў абарону «ЦЭХу»


У «ЦЭХу»
У «ЦЭХу»

У сеціве зьявіліся адмысловыя хэштэгі #ЦЭХживи і #спасёмЦЭХ — каб прыцягнуць увагу да закрыцьця крэатыўнай прасторы «ЦЭХ».

Карыстальнікі сацыяльных сетак заклікаюць пісаць лісты да арандадаўцы — а гэта банк BelSwissBank — з просьбай працягнуць дамову арэнды.

«ЦЭХ» праіснаваў паўтара года ў заводзкім памяшканьні па адрасе праспэкт Незалежнасьці, 58/6. 31 сьнежня дырэктарка Юлія Дарашкевіч атрымала ліст ад арандадаўцы пра тое, што дамова арэнды з «ЦЭХам» працягнутая ня будзе.

На пляцоўцы прайшлі дзясяткі імпрэзаў, сярод якіх — фота- і мастацкія выставы, тэатральныя пастаноўкі, канцэрты, дыскусіі. На сталай аснове ў «ЦЭХу» ладзілі мерапрыемствы курсы беларускай мовы «Мова ці кава», адукацыйныя праекты «Новая Эўропа», «Будзьма беларусамі» і «Лятучы ўнівэрсытэт».

«Гэта ўжо ня першая спроба нас выселіць, мы і раней чымсьці не падабаліся. Першая спроба была ў сакавіку, тады ўласьнік прапанаваў разарваць дамову на ўласнае жаданьне. Мы адмовіліся, і банк дачакаўся моманту, калі гадавая дамова скончылася», — патлумачыла дырэктарка «ЦЭХу» Юлія Дарашкевіч.

Супрацоўнік аддзелу нерухомасьці BelSwissBank Ільля Чарнавок, які складаў і ўручаў ліст пра тое, што дамова арэнды працягнутая ня будзе, адмовіўся тлумачыць прычыну высяленьня:

«Мы дзьве кампаніі, у якіх была дамова арэнды. Тэрмін дамовы сканчаецца, і ў нас папросту не атрымліваецца яго працягнуць. Прычыны гэтага — камэрцыйная таямніца паміж намі і нашым арандатарам».

Тэатразнаўца Аляксей Стрэльнікаў лічыць, што грамадзкасьць павінна ведаць, чаму «ЦЭХу» не працягваюць дамову.

«Я вельмі добра ведаю пляцоўку „ЦЭХ“, бо мы там рабілі тэатральныя праекты ў рамках форуму „Тэарт“. Даведаўшыся пра пагрозу высяленьня, напісаў ліст у банк з просьбай патлумачыць прычыны непрацягу дамовы арэнды. Атрымліваецца, што BelSwissBank дэкляруе сваю падтрымку такога кшталту праектаў, а на практыцы ўсё робіцца наадварот. Таксама я напісаў, што падтрымка „ЦЭХу“ станоўча паўплывае на пазытыўны рэйтынг гэтага банку».

Юлія Дарашкевіч у «ЦЭХу»
Юлія Дарашкевіч у «ЦЭХу»

Паводле Юліі Дарашкевіч, казаць пра палітычны ціск не выпадае — «ЦЭХ» ніколі ня ўдзельнічаў у палітычных праектах і не супрацоўнічаў з палітычнымі арганізацыямі, а толькі з адукацыйнымі праектамі.

Кіраўнік «Лятучага ўнівэрсытэту» Ўладзімер Мацкевіч адзначае, што «ЦЭХ» быў адзіным месцам у Менску, дзе крэатыўная інтэлігенцыя і дзеячы культуры маглі ладзіць імпрэзы, як гэта адбываецца ў эўрапейскіх сталіцах:

«Такія месцы вельмі патрэбныя, асабліва для актыўнай дзейнасьці мастакоў, для адукацыйных праектаў. У нас вельмі цяжка складаюцца адносіны зь дзяржаўнымі прадпрыемствамі і ўстановамі, якія трымаюць амаль усю нерухомасьць у Менску. І калі ўлады імкнуцца ціснуць на тых, хто трымае такія пляцоўкі, як „ЦЭХ“, і яны ня могуць дазволіць сабе поўнай свабоды, усё адно вельмі добра, што яны існуюць. Можа, ня самыя ўтульныя, ня ў самым прывабным месцы, якое цяжка шукаць. Калі чалавек ня ведае, дзе знаходзіцца „ЦЭХ“, то вельмі складана патлумачыць, як туды трапіць. Тым ня менш — гэта кропачкі свабоды, прасторкі волі, якія вельмі неабходныя. Вельмі шкада, калі мы страцім яшчэ адну. У эўрапейскіх сталіцах такога вельмі шмат, на такія прасторы ёсьць вялікі попыт. І там шукаюць такія месцы не таму, што ўлады ціснуць ці перашкаджаюць арандаваць іншыя памяшканьні, а таму, што хочацца зрабіць таньней і пазьбегнуць выдаткаў. У Эўропе такія пляцоўкі ёсьць у кожным квартале. У нас жа амаль адзінаю быў „ЦЭХ“. Калісьці яшчэ была „АртСядзіба“ ў памяшканьні „Гарызонта“. На двухмільённы горад — гэта амаль нічога».

Рэдактар інтэрнэт-часопіса «Новая Эўропа» Вольга Шпарага назвала «ЦЭХ» самай важнай пляцоўкай мінулага году.

Бяз „ЦЭХу“ незразумела, як нам далей займацца вытворчасьцю новых ідэяў

«Сярод іншага, там праходзіў міжнародны месяц фатаграфіі — імпрэза, якая дала штуршок разьвіцьцю фатаграфіі ў Беларусі. Таксама там адбываліся лекцыйныя, адукацыйныя мерапрыемствы. „ЦЭХ“ даваў магчымасьць сустрэцца людзям, якія ня могуць сустрэцца больш нідзе, і пагаварыць пра рэчы, зьвязаныя зь Беларусьсю, пагаварыць пра нашу краіну ў эўрапейскім кантэксьце. Важна, што „ЦЭХ“ быў негламурнай прасторай, месьціўся ў заводзкім памяшканьні. Яго зьнешні выгляд сьведчыць пра тое, што яго мэты — адукоўваць, гуманізаваць, шукаць новыя сэнсы і новыя формы супрацоўніцтва. Бяз „ЦЭХу“ незразумела, як нам далей займацца вытворчасьцю новых ідэяў».

Апошняй выставай, якая праходзіць у прасторы «ЦЭХу», стаў праект дакумэнтальных фотагісторыяў «Бліжэй, чым блізка». Паводле аднаго з аўтараў выставы Сяргея Гудзіліна, разам з «ЦЭХам» беларускія фатографы страцяць найлепшую офлайн-пляцоўку для кантактаваньня з гледачамі:

«ЦЭХ — вядучая пляцоўка беларускіх фатаграфічных падзеяў. І сам фармат памяшканьняў, і прастора адпавядалі таму, каб зручна дэманстраваць фатаздымкі. Таму страта гэтай пляцоўкі — гэта сур’ёзны ўдар па разьвіцьці і прэзэнтацыі беларускай фатаграфіі, які балюча адаб’ецца найперш па працэсе камунікацыі з гледачом, бо «ЦЭХ» быў вялікай і зручнай офлайн-пляцоўкай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG