Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні за «Марш недармаедаў» асуджаныя 12 чалавек, трох зь іх пасадзілі на суткі


Перад Ленінскім судом Горадні ўдзельнікі «маршу недармаедаў»
Перад Ленінскім судом Горадні ўдзельнікі «маршу недармаедаў»

Кіраўнік гарадзкой арганізацыі БНФ Вадзім Саранчукоў і актывіст Абʼяднанай грамадзянскай партыі Ежы Грыгенча атрымалі па 13 сутак арышту. Актывіст БХД Сяргей Верамеенка пакараны арыштам на 15 сутак.

Пэнсіянэры Галіна Ламашэвіч і Мікалай Салянік пакараныя штрафамі ў 7 базавых (161 рубель), Вольга Верамеенка, сябар БХД Антон Войцехаў, актывіст Яўген Браўн і актывістка АГП зь Іўя Ірына Давідовіч атрымалі штрафы па 15 базавых (345 рублёў). Актывістам Аляксандру Абуховічу і Анатолю Мышкевічу далі штрафы па 25 базавых (575 рублёў). Актывіст АГП з Ваўкавыску Віталь Гуляк аштрафаваны на 30 базавых (690 рублёў).

Ніхто з пакараных у судзе не прызнаў сябе вінаватым, хоць не адмаўляў, што ўдзельнічаў у мітынгу.

Яны кажуць, што і цяпер выступаюць супраць дэкрэту № 3, што народ даведзены да скрайнасьці, што Канстытуцыя ім гарантуе права на свабодныя сходы і мітынгі. Ніхто зь іх ні за што не апраўдваўся.

Міліцыянты сьведчылі, што гэтыя людзі бралі актыўны ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу і шэсьці, трымалі ў руках сьцягі і выкрыквалі лёзунгі «Лукашэнка, сыходзь!». Суд прыняў да ўвагі толькі сьведчаньні міліцыянтаў.

Карэспандэнт Свабоды пагутарыў амаль з кожным з пакараных.

Пэнсіянэрка Галіна Ламашэвіч назвала прысуд несправядлівым і сказала, што яе яшчэ болей турбуе тое, пра што думае кіраўніцтва Беларусі.

— Яны ўжо нарабілі і яшчэ могуць нарабіць няведама чаго, а вінавацяць ва ўсім простых людзей. Ну вось за што яны нас судзілі? За тое, што мы выйшлі і адкрыта сказалі, што так жыць далей нельга?

Вольга Верамеенка ня лічыць рашэньне суду правамерным:

Вольга Верамеенка
Вольга Верамеенка

— Я выкарыстоўвала сваё канстытуцыйнае права, каб выказаць свой погляд на рэчы, у прыватнасьці, сваё стаўленьне да антыканстытуцыйнага дэкрэту № 3. Але асабліва абурае, як хлопцам за ўсё гэта далі па 13 і 15 сутак. Пра што толькі яны думаюць...

Пэнсіянэр Мікалай Салянік сказаў Свабодзе, што прысуд гэты — ганьба для ўлады.

Мікалай Салянік
Мікалай Салянік

— Я з самага пачатку казаў, што мы ня маем незалежнага суду, пракуратуры. І пасьля гэтага папросту няма ніякіх слоў ад крыўды за ўсіх нас...

Віталь Гуляк з Ваўкавыску кажа, што суд — нішто іншае, як ганьба:

Віталь Гуляк
Віталь Гуляк

— Мне наагул цяжка гаварыць, бо сорамна за ўсё, што адбываецца тут. Ганьба ўсім ім, бо гэта сплянаваны фарс паводле пастаноў і інструкцый.

Актывіст АГП Ежы Грыгенча заўважыў, што ўлада спалохалася выступленьняў людзей.

Ежы Грыгенча
Ежы Грыгенча

— І садзяць яны таму, што баяцца тых, хто можа выступіць і нешта сказаць на мітынгу. Па-мойму, тыя, хто ва ўладзе, зусім заеліся і ня бачаць, што адбываецца ў рэальным жыцьці.

Ірына Давідовіч выказвала толькі непаразуменьне:

Ірына Давідовіч, архіўнае фота
Ірына Давідовіч, архіўнае фота

— Гэта проста цырк. Але не было б так сьмешна, каб не выглядала так сумна. Паглядзіце, колькі людзі трацяць часу на розныя паперкі, балбатню, нічога пры гэтым не прадукуючы. Чым яны займаюцца? Няўжо самі ня бачаць гэтага абсурду?

Анатоль Мышкевіч лічыць, што суд быў звычайнай фікцыяй:

Анатоль Мышкевіч
Анатоль Мышкевіч

— Ды было відаць, што ўсе прысуды заранёў падрыхтаваныя, а выгляд зрабілі толькі для тых, хто прыйшоў паслухаць. Гэта была звычайная фікцыя.

Сяргей Верамеенка атрымаў самы вялікі прысуд — 15 сутак арышту:

Сяргей Верамеенка
Сяргей Верамеенка

— Я быў гатовы да такога прысуду, бо добра ведаю той абсурд, які адбываецца ў краіне. Нават рашэньні яны агучвалі, нібыта напісаныя пад капірку. Нічога новага яны нам не зачыталі. Але час ідзе, і хутка давядзецца адказваць за свае справы.

Яўген Браўн наагул першы раз браў удзел у акцыях пратэсту і першы раз трапіў у суд. Ён звычайны рабочы з заводу. Кажа, што і ў яго атачэньні людзі абураюцца дэкрэтам № 3. Кажа, што жыць простаму чалавеку цяпер як ніколі складана.

Яўген Браўн
Яўген Браўн

— Гэта несправядліва, што народ прымушаюць плаціць гэтыя зборы. Цяпер такая цяжкая ва ўсіх сытуацыя. Так проста не павінна быць, і людзі пра гэта кажуць. А тут я паглядзеў, як людзей абвінавачваюць і выносяць прысуды. Гэта проста жах. Ніколі ня думаў, што ўсё ў нас так адбываецца.

Праваабаронца Раман Юргель падлічыў, што за адзін дзень толькі на штрафах удзельнікаў «Маршу недармаедаў» у Горадні дзяржава зарабіла 3450 рублёў. І ўлады надалей перасьледуюць грамадзян Беларусі па палітычных матывах.

Раман Юргель
Раман Юргель

— Чамусьці ніхто з людзей ад улады не прыйшоў на мітынг, не пагаварыў зь людзьмі, не дапамог вырашыць праблемы, якія яны самі збудавалі для народу. А за выступ — штрафы і суткі арышту. А як жа Канстытуцыя і законы? Улады яшчэ раз паказалі сваю няздольнасьць працаваць на карысьць народу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG