Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У адзінай у Беларусі лютэранскай кірсе адзначылі 500-годзьдзе Рэфармацыі


Лютэранская кірха ў Горадні
Лютэранская кірха ў Горадні

У гарадзенскай лютэранскай кірсе, адзінай дзейнай на тэрыторыі Беларусі, амбасадар Нямеччыны Пэтэр Дэтмар адкрыў выставу «#HereIstand. Марцін Лютэр, Рэфармацыя і яе наступствы». Адбыўся сьвяточны канцэрт заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь «Гарадзенская капэла».

Петэр Дэтмар
Петэр Дэтмар

Амбасадар Нямеччыны ў Беларусі Пэтэр Дэтмар, адкрываючы выставу «#HereIstand. Марцін Лютэр, Рэфармацыя і яе наступствы», нагадаў прысутным, што 500 год таму доктар тэалёгіі Марцін Лютэр зьмясьціў на дзьвярах Замкавай царквы ў нямецкім горадзе Вітэнбэргу свае 95 тэзісаў, чым паклаў пачатак Рэфармацыі.

Плякат на плоце лютэранскай кірхі ў Горадні
Плякат на плоце лютэранскай кірхі ў Горадні

«Ягоныя 95 тэзісаў — гэта роздум пра сумленьне, пра чалавека, пра ўнутраную свабоду чалавека», — сказаў амбасадар.

Петэр Дэтмар распавёў пра Марціна Лютэра як пра тэоляга, пісьменьніка, заснавальніка пратэстанцкай царквы, пра чалавека, які пераклаў Біблію з лацінскай мовы на нямецкую, распавёў пра эпоху, у якую ён жыў, а таксама пра гісторыю Рэфармацыі.

Ён дадаў, што шчыльна зьвязвае сьвяткаваньне 500-годзьдзя Рэфармацыі з 500-годзьдзем кнігадрукаваньня, якое адзначаецца ў Беларусі.

«Без кнігадрукаваньня Рэфармацыя была б немагчымая, і менавіта таму мы надаём такое вялікае значэньне і гэтай даце. Менавіта таму зь бібліятэкі ў Гёрліцы быў дастаўлены ў Нацыянальную бібліятэку Беларусі для шырокага паказу асобнік скарынаўскай Бібліі. Акрамя гэтага, там выстаўляецца адзін арыгінальны аркуш зь Бібліі Гутэнбэрга. Гэта ўнікальны выпадак, бо гэты аркуш упершыню за гісторыю пакінуў тэрыторыю Нямеччыны».

Гарадзенцы ідуць на сьвяткаваньне 500-годзьдзя Рэфармацыі
Гарадзенцы ідуць на сьвяткаваньне 500-годзьдзя Рэфармацыі

На заканчэньне сваёй прамовы амбасадар Дэтмар падараваў вернікам-лютэранам Біблію, перакладзеную Марцінам Лютэрам.

Пастар лютэранскай кірхі ў Горадні Ўладзімер Татарнікаў сказаў, што, на жаль, мала людзей у Беларусі ведаюць пра тое, што прынесла Рэфармацыя на землі Вялікага Княства Літоўскага. На яго думку, Рэфармацыя значная ня толькі як рэлігійная падзея ў гісторыі Эўропы, але і як культурна-палітычная, якая шмат у чым зьмяніла ход гісторыі.

Лютэранскі пастар Уладзімер Татарнікаў
Лютэранскі пастар Уладзімер Татарнікаў

«Мы сёньня гаворым ня толькі пра здабыткі Рэфармацыі, але ўзгадваем і адмоўныя бакі, і гэта таксама дасягненьні тае Рэфармацыі», — сказаў пастар Татарнікаў.

Цяпла і настрою ў гэты сьвяточны вечар дадаў сьвятар праваслаўнай царквы Георгі Рой, які павіншаваў усіх прысутных з 500-годзьдзем Рэфармацыі і падараваў лютэранскай кірсе Новы Запавет у перакладзе на беларускую мову.

На ўрачыстасьцях 500-годзьдзя Рэфармацыі ў лютэранскай кірсе Горадні
На ўрачыстасьцях 500-годзьдзя Рэфармацыі ў лютэранскай кірсе Горадні

На ўрачыстасьцях у гонар 500-годзьдзя Рэфармацыі ў Гарадзенскай лютэранскай кірсе прысутнічалі амбасадар Славаччыны зь сямʼёй, другі сакратар амбасады ЗША і прадстаўнікі гарадзенскіх уладаў.

«Гарадзенская капэла» ў лютэранскай кірсе Горадні
«Гарадзенская капэла» ў лютэранскай кірсе Горадні

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG