Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомелі футбалістам ня плацяць заробак. Тыя судзяцца


Усьлед за эканамічным крызісам, які спасьціг беларускія прадпрыемствы, у цяжкім фінансавым становішчы апынуліся й спартоўцы. 12 лютага ў Цэнтральным судзе Гомеля разглядаліся пазовы трох гульцоў да футбольнага клюбу «Гомель» на выплату заробкаў, адпускных і канчатковага разьліку.

На папярэднім разглядзе справы ў судзе галоўная бухгальтарка футбольнага клюбу «Гомель» Ірына Роўда адмовілася хоць неяк пракамэнтаваць журналістам нявыплату заробкаў і канчатковых разьлікаў пяці гульцам, якія зьвярнуліся ў суд з пазовамі:

«Я камэнтароў не даю, таму што не даю. Суд усё вырашыць».

Сёньня адказчыца ў судзе, прадстаўніца футбольнага клюбу Кацярына Бас хадайнічала, каб разгляд пазоваў Дзьмітра Неўмывакі, Віталя Трубілы і Аляксандара Бычанка вёўся ў закрытым рэжыме. І паколькі прадстаўнік футбалістаў, магілёўскі адвакат Андрэй Марозаў не пярэчыў, судзьдзя Віктар Казачок задаволіў хадайніцтва — пазовы футбалістаў разглядаліся ў закрытым рэжыме.

Якія ж таямніцы імкнуцца схаваць прадстаўнікі гомельскага футболу?

Кацярына Бас сама агучыла гэта ў сваім хадайніцтве: найперш, сумы заробкаў футбалістаў, прэміяльныя па кантрактах — усё, што мяркуюць спагнаць гульцы з футбольнага клюбу «Гомель».

Вядома, ніхто на таямніцу камэрцыйных стасункаў клюбу і гульцоў не замахваецца. Ёсьць, аднак, істотны нюанс.

Футбольныя клюбы, як і іншыя спартовыя арганізацыі, не існуюць на самаакупнасьці. Яны карыстаюцца значнай фінансавай падтрымкай мясцовых прадпрыемстваў і арганізацыяў. Можна нават сказаць, абласканыя імі, бо спартоўцы ў краіне пастаўленыя ў прывілеяванае становішча.

Адзін з асноўных фундатараў гомельскіх футбалістаў, так бы мовіць, гаманец клюбу, — дзяржаўнае вытворчае аб’яднаньне «Беларуснафта». Цяпер, аднак, яго фінансавыя магчымасьці зьмяніліся ня ў лепшы бок. Прадстаўнік аб’яднаньня, калі яго запыталі пра фінансавую падтрымку ФК «Гомель», адказаў гэтак:

Фундатарства — гэта калі ёсьць магчымасьць. Цяпер магчымасьць напружаная

«Фундатарства — гэта калі ёсьць магчымасьць. Цяпер магчымасьць напружаная. Жыцьцё пакажа: усё будзе залежаць ад нашай эканамічнай сытуацыі. Год толькі пачаўся, і казаць нешта канкрэтнае складана. І хіба толькі да нас пытаньне? Каманда гарадзкая — у горадзе шмат розных арганізацыяў. Магчымасьці ня вычарпаныя ў арганізацыяў гораду».

Нафтавікоў зразумець можна: футбольны клюб вышэйшай лігі патрабуе значных выдаткаў. Дый вынікі гульні ў апошнія гады мала каго задавальняюць. І гэта пры тым, што заробкі ў футбалістаў — не раўня нават заробкам нафтавікоў ці, скажам, рабочых «Гомсельмашу». Ня 6–8 мільёнаў. І хоць прадстаўнікі клюбу «Гомель» і робяць у судах з заробкаў таямніцу, аднак усё таемнае выходзіць на яву.

Інтэрнэт-партал tribuna.com летась апублікаваў сьпіс 70 самых вялікіх заробкаў футбалістаў чэмпіянату Беларусі, у які трапілі й гамельчукі. Сярэдні заробак у клюбе — 3 тысячы даляраў у эквіваленце. Насупраць прозьвішча Дзьмітра Камароўскага стаіць лічба — 7 тысяч.

Дарэчы, Камароўскі таксама падаў заяву ў суд на выплату заробку і поўнага разьліку — сам пакінуў ужо гомельскую каманду.

Дырэктар футбольнага клюбу Яўген Пабалавец таксама адмаўляецца камэнтаваць сытуацыю з выплатай заробкаў, бо падобныя цяжкасьці маюць і іншыя футбольныя клюбы краіны:

«Не хачу нічога камэнтаваць: нас зноў будуць „паласкаць“ на ўсю краіну, а астатнія будуць адседжвацца за нашымі сьпінамі. Гэта па ўсёй Беларусі адбываецца, а пішуць толькі пра Гомель».

Адзін з прадстаўнікоў футбалістаў, які займаецца працаўладкаваньнем спартоўцаў, што пакінулі гомельскі клюб, кажа:

«Футбалісты хацелі сустрэцца з дырэктарам клюбу Яўгенам Пабалаўцом, але ён пазьбягаў кантактаў. Ім прыйшлося зьвярнуцца ў суд. Патрабуюць заробак і канчатковы разьлік, які своечасова ня быў зроблены. Фінансавае становішча цяпер ва ўсіх клюбах цяжкае. Я мяркую, што і футбольны клюб „Гомель“ мае пэўныя фінансавыя цяжкасьці, таму й не змаглі разьлічыцца».

Выглядае, што спартовыя клюбы, і футбольныя ў прыватнасьці, сёлета апынуліся на новым полі, дзе давядзецца дбаць і пра гульню, і пра самафінансаваньне. Не пазьбегнуць, відаць, і страйкаў, калі футбалісты наўмысна не пачынаюць турнірную гульню, патрабуючы разьлікаў па заробках — як гэта рабілі ў свой час гульцы зь Берасьця, Рэчыцы, Баранавіч, Магілёва.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG