Сябра камісіі і назіральнік заяўляюць, што па адной з акругаў у Першамайскім сельсавеце Бярозаўскага раёну выбары не адбыліся. Паводле папярэдніх зьвестак ЦВК, дэпутат не абраны ў адной акрузе з 18 111. Вядома, што выбары не адбыліся ў Савецкай акрузе № 3 ў Ельску, дзе кандыдата арыштавалі. Бярозаўская ж раённая выбарчая камісія камэнтароў не дае.
Сябра Першамайскай выбарчай камісіі Бярозаўскага раёну Аляксандар Кенда сказаў Свабодзе, што па Кабакоўскай выбарчай акрузе № 11 большасьць выбаршчыкаў прагаласавалі «супраць усіх». Тут балятаваўся безальтэрнатыўна кандыдат Дзьмітры Гукін. Як вынікае са здымка пратаколу, які падпісалі сябры камісіі пасьля падліку галасоў, у згаданай акрузе ўзялі ўдзел у выбарах 95 чалавек. Зь іх 50 прагаласавалі супраць Дзьмітрыя Гукіна, і толькі 39 — за.
«Гукін быў тут участковым міліцыянтам. Была сытуацыя, калі вясковец паскандаліў з жонкай, а гэты міліцыянт яго потым у Крывошын здаў (у Крывошыне Берасьцейская абласная псыхіятрычная лякарня. — РС). То гэтага чалавека потым правоў кіроўцы пазбавілі, і ў выніку ён страціў і працу, бо быў шафёрам, а потым і з жонкай разышоўся, трое дзяцей зь ёю засталіся. Ну то як Гукіна будуць любіць тут людзі? Гэта ж вёска, тут усе ўсё ведаюць», — сказаў Вячаслаў, жыхар Кабакоў.
Не сядаючы за стырно, жыхар Бярозаўшчыны страціў правы кіроўцы
Сябра камісіі ад партыі БНФ Аляксандар Кенда кажа, што ў такой невялікай колькасьці бюлетэняў камісія памыліцца не магла.
«Апроч таго, незалежны назіральнік Сяржук Русецкі бачыў увесь падлік. Калі б у камісіі нейкая памылка была, то ён бы мог заўважыць. Усё было настолькі добра і празрыста, што гэты ўчастак па праву мог бы лічыцца самым дэмакратычным за апошнія 20 год — назіральніка дапусьцілі да самага стала, стаяў на падліку побач зь сябрамі камісіі», — кажа Аляксандар Кенда.
Назіральнік Сяржук Русецкі сказаў Свабодзе, што рыхтуе скаргу ў ЦВК на заяву, нібыта дэпутаты ва ўсіх акругах абраныя.
«Згодна з Выбарчым кодэксам дэпутат не зьяўляецца абраным і павінны быць перавыбары. Рыхтую скаргу на паведамленьне на сайце ЦВК, што абраныя дэпутаты ўсіх саветаў. Як жа гэта чалавек можа быць абраны, калі згодна з пратаколам ён не набраў неабходнай колькасьці галасоў? Кандыдат павінен быў набраць больш за 50% выбарцаў, калі ідзе безальтэрнатыўна, але гэтага ж не адбылося», — кажа назіральнік.
Афіцыйнай заявы праабраньне дэпутатам Дзьмітрыя яшчэ не было.
Каб атрымаць афіцыйны камэнтар, ці адбыліся выбары па Кабакоўскай акрузе № 11, Свабода зьвярнулася ў Бярозаўскую раённую выбарчую камісію. Аднак намесьнік старшыні камісіі Аляксандар Крагель адмовіўся даваць камэнтары праз тэлефон, прапанаваўшы або прыехаць, або даслаць пісьмовы запыт.
У гэты ж Першамайскі сельсавет Бярозаўскага раёну на другі тэрмін пераабраны дэпутатам актывіст аргкамітэту па стварэньні партыі БХД Валер Білібуха.