Актывістку Ніну Багінскую судовыя выканаўцы прымушаюць вызваліць садовы домік у каапэратыве «Геоляг-СМ» (вёска Дамашаны Смалявіцкага раёну), арыштаваны ў траўні за нясплату штрафаў, накладзеных пастановамі судоў, паведамляе праваабарончы сайт «Вясна».
Тэрмін, да якога Багінская абавязаная вызваліць арыштаванае раней лецішча ад асабістых рэчаў, завяршаецца 29 ліпеня. Ліст такога зьместу — «Аб вызваленьні памяшканьня» — Ніна Багінская атрымала з аддзелу прымусовага выкананьня Смалявіцкага раёну.
У траўні зь менскай кватэры актывісткі судовыя выканаўцы канфіскавалі мікрахвалёўку і пральную машыну ў лік штрафаў за акцыі (на новую пральную машыну і мікрахвалёўку для яе Байнэт сабраў грошы за 5 дзён), а таксама наклалі арышт на дачныя ўчасткі. І вось чарга дайшла да канфіскацыі першага зь іх.
КУП «Менскі абласны цэнтар інвэстыцый і прыватызацыі» ацаніў садовы дамок у 10 000 рублёў (сто мільёнаў да дэнамінацыі). Гэтыя грошы, пасьля продажу лецішча «з малатка», дзяржава пусьціць на пагашэньне штрафаў, якіх у Багінскай на сёньняшні дзень сабралася амаль 75 мільёнаў рублёў. Частка пэнсіі актывісткі штомесяц таксама ідзе на пагашэньне судовых штрафаў.
На свае пратэсты ў пракуратуру і заявы ў суды Багінская атрымлівае фармальныя адпіскі, аднак працягвае адстойваць свае парушаныя правы. Ніна Багінская прынцыпова адмаўляецца сплочваць штрафы па пастановах судоў за ўдзел у розных акцыях і пікетах, бо лічыць, што штучныя забароны ўладаў на правядзеньне масавых мерапрыемстваў — антыканстытуцыйныя па сутнасьці і парушаюць яе права на мірныя сходы.
Ніна Багінская — частая ўдзельніца вулічных акцыяў, куды нязьменна прыходзіць зь бел-чырвона-белым нацыянальным сьцягам.