6 студзеня — сьвята Трох Каралёў у заходнехрысьціянскай традыцыі. Тры Каралі (або магі, вешчуны) першыя пакланіліся немаўлятку Хрысту. А надпіс крэйдай С+M+B на дзьвярах дамоў азначае і Christus mansionem benedicat ‘Няхай Хрыстос дабраславіць жытло’, і імёны тых Каралёў (апошняе зусім відавочна, калі пішуць K+M+B).
У кожнай мове хрысьціянскае прасторы, у тым ліку беларускай, яны ўвайшлі ў іменаслоў і фанэтычна адаптаваліся.
Casper / Kasper — этымалягічна арамэйскае імя з прыблізным значэньнем ‘скарбнік’.
У нашай народнай традыцыі мае некалькі гукавых варыянтаў, найчасьцейшыя — Касьпер і Кашпар. Пра гэта сьведчаць шматлікія прозьвішчы — Касьпяровіч, Кашпіроўскі, Кашапараў (вакаліст мулявінскіх „Песьняроў“; прозьвішча ад Кашпара, ніякага „кашапара“ ніколі не было — ані ў гісторыі, ані ў мове).
Melchior — габрэйскае, магчыма, ад каранёў מֶלֶכְ (melekh, ‘кароль’) і אוֹר ('or, ‘сьвятло’). Мэльхіёр. Жывая беларуская мова спрасьціла складаную фанэтыку: Мальхер, Майхер (адсюль прозьвішча Майхровіч), Мархель(ёсьць прозьвішча, напр, вядомы гісторык літаратуры і перакладнік Уладзімер Мархель). Цікава, што літоўская народная форма — Merkelis (а гэты кароль паводле аднаго з паданьняў „адказвае“ за Эўропу).
Стопак (сплаў) медзі зь нікелем таксама мэльхіёр, але гэта проста нямецкае скажэньне арыгінальнай назвы ад прозьвішчаў тых, хто яго запатэнтаваў, — французаў Maillot і Chorier.
Balthazar — бабілёнскае імя, ад акадзкага Bel-shar-uzur ‘Бог бароніць караля’. Бальтазар, беларуская народная форма Бальцар. Усходнехрысьціянскі варыянт — Валтасар.
(Імя насіў і вядомы бабілёнскі валадар, які ў ноч нападу пэрсаў наладзіў шумную бяседу, адкуль і выраз Бальтазараў банкет.)
Вось жа Касьпер, Мархель і Бальцар — беларускія народныя імёны гэтых важных і калярытных пэрсанажаў.