Палітвязьня Мікалая Дзядка, якога трымаюць у «крытай» магілёўскай турме, азнаёмілі з матэрыяламі крымінальнай справы аб ягоным непадпарадкаваньні адміністрацыі турмы. Да суду Мікалай Дзядок будзе ў адзіночнай камэры. Зьвесткамі падзялілася жонка палітвязьня Валерыя Хоціна.
«Да Мікалая езьдзіў адвакат, яны ўдзельнічалі ў сьледчым дзеяньні — то бок яны ўжо скончылі расьсьледаваньне справы. Дакладна два месяцы расьсьледавалі. У выніку аказалася, што сьледчыя дапыталі толькі супрацоўнікаў турмы. Адміністрацыю, кантралёраў — тых, хто складаў рапарты аб ягоных парушэньнях. Але не дапыталі нікога зь іншых сьведак, прыкладам, сукамэрнікаў. Хоць за ім лічацца парушэньні, што нібыта канфліктаваў з адным з сукамэрнікаў, але чамусьці нават гэтага чалавека не дапыталі. На азнаямленьне са справай Мікалай і адвакат патрацілі ўсяго некалькі гадзін. Цяпер яна пойдзе ў пракуратуру, а потым цягам трох тыдняў будзе прызначаны суд. Мяне за 5 дзён да суду павінны праінфармаваць, спадзяюся, і адваката — таксама. Гэта так павінна быць, а як будзе — ня ведаю. Як распавядаў Зьміцер Дашкевіч, якога таксама судзілі ў турме, дык нікому не паведамлялі».
Калі б не рыхтаваны суд, Мікалай Дзядок мог бы разьлічваць на вызваленьне ўжо 3 сакавіка. Валерыя Хоціна ня думае, што ўлады пачалі новы суд над яе мужам, каб толькі напужаць:
«Там усё разьлічана. Яны правядуць суд у апошнія дні ягонага тэрміну, каб ён мінімальна паглынаўся новым тэрмінам і яшчэ заставаўся рэальны год», — мяркуе жонка палітвязьня.
Актывіст анархісцкага руху Мікалай Дзядок асуджаны на 4,5 года зьняволеньня паводле артыкула аб хуліганскіх дзеяньнях адносна афіцыйных будынкаў. Сваёй віны актывіст не прызнаў і адмовіўся падпісваць прашэньне аб памілаваньні.