Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Зараз асаблівы ціск будзе скіраваны на журналістаў»: суды над актывістамі і блогерамі ў Берасьці


Блогеры Сяргей Пятрухін (зьлева) і Дзьмітрый Гарбуноў
Блогеры Сяргей Пятрухін (зьлева) і Дзьмітрый Гарбуноў

У Ленінскім судзе Берасьця 13 сакавіка адбылося 8 працэсаў над удзельнікамі масавых акцыяў. Найбольшы прысуд сёньня — 15 сутак арышту, некаторыя справы перанесьлі на іншыя дні.

Тры берасьцейцы — Андрэй Дзенюшкін, Руслан Халікаў і Дзьмітры Ляўчук — атрымалі сёньня па 5 сутак арышту. Іх зьвінавацілі ў тым, што хлопцы быццам бы брыдка лаяліся ў РАУС, выходзячы з адседкі ранейшых 5 сутак за ўдзел у «Маршы недармаедаў» 5 сакавіка.

Найбольшы вырак атрымаў берасьцейскі студэнт Канстанцін Копаць — 15 сутак за ўдзел у несанкцыянаванай масавай акцыі. Увечары 10 сакавіка міліцыянты ў форме прыйшлі да яго дахаты і запрасілі «пагаварыць». З «размовы» Канстанцін дахаты не вярнуўся, а апынуўся ў пастарунку ў чаканьні суду.

Руслан Халікаў (у цэнтры) атрымаў 5 сутак арышту
Руслан Халікаў (у цэнтры) атрымаў 5 сутак арышту

Як сказала маці аднаго з затрыманых хлопцаў праваабаронцу Ўладзімеру Вялічкіну, Дзенюшкіна, Халікава, Леўчука і Копаця аўтазак павёз на адседку ў Кобрынь. Міліцыянты патлумачылі гэта тым, што «ў Берасьці няма месцаў».

Кіраўніка кампаніі «Гавары праўду» па Берасьці Даніла Палянскага аштрафавалі сёньня на 230 рублёў (10 базавых велічыняў) за ўдзел у другім «Маршы недармаедаў», які адбыўся ў Берасьці 26 лютага. Даніл Палянскі зьвярнуўся тады праз мэгафон да пратэстоўцаў з заклікам зьбірацца зноў на акцыі пратэсту.

Берасьцейскі блогер Сяргей Пятрухін і відэаапэратар Дзьмітры Гарбуноў сёньня выраку пазьбеглі. Яны запатрабавалі даць ім час на заключэньне дамоваў з адвакатамі. Судзьдзя Аляксандар Семянчук перанёс паседжаньне на 14 сакавіка. Пятрухіна будуць судзіць а 10 гадзіне, а Гарбунова — у 9:30. Абодвух адпусьцілі да суду. Блогераў вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаванай масавай акцыі. Затрымалі іх 12 сакавіка за дзьве гадзіны да чарговай акцыі «недармаедаў» у Берасьці.

Андрэй Дзенюшкін у будынку суду. Хлопец ізноў атрымаў 5 сутак арышту
Андрэй Дзенюшкін у будынку суду. Хлопец ізноў атрымаў 5 сутак арышту

На пытаньне, на які прысуд разьлічваюць блогеры, Сяргей Пятрухін адказаў:

«Мы думаем, што нас „зачыняць“ на суткі, каб не было нашых вострых трансьляцыяў. Хочацца дадаць пра свае ўражаньні з адбыўкі сутак у ізалятары. Іх можна ахарактарызаваць словамі „Сталін жывы“. Там жахліва ўсё — няма вэнтыляцыі, кубкаў няма, кіпяток прыносяць у вядзерцы з-пад маянэзу. У прынцыпе, усё як пры Сталіну — я вось як выйшаў, то мне нават і Салжаніцына ня трэба перачытваць. Цяпер я заўсёды, калі буду хадзіць па вуліцах, буду думаць, што недзе пад зямлёй, пад Ленінскім РАУС у ізалятары сядзяць людзі, магчыма, абсалютна невінаватыя, як і я. Сядзяць у дрэнных умовах і кураць гарбату...»

Перанесьлі суд і над берасьцейцам Уладзімерам Асінчанкам, якога вінавацяць у распаўсюдзе ўлётак з заклікам на масавую акцыю. Суд над ім адбудзецца а 10 гадзіне 17 сакавіка. Да суду Асінчанку вызвалілі. Затрыманы ён быў 10 сакавіка.

Праваабаронца Ўладзімер Вялічкін
Праваабаронца Ўладзімер Вялічкін

Кіраўнік абласнога аддзяленьня зьліквідаванага ўладамі праваабарончага цэнтру «Вясна» Ўладзімер Вялічкін, які маніторыць судовыя паседжаньні, мяркуе, што рэпрэсіі бліжэйшым часам закрануць найперш журналістаў. У такіх умовах праваабаронца раіць імкнуцца як найчасьцей публікаваць кадры затрыманьняў:

«Галоўная мэта ва ўладаў — спыніць інфармаваньне насельніцтва пра тое, што адбываецца ў краіне. Ёсьць шмат незалежных журналістаў, простых людзей, якія маюць мабільныя тэлефоны і могуць здымаць, пускаць у эфір. Таму ўлады паставілі мэту гэты інфармацыйны паток абʼектыўнай інфармацыі спыніць, зьняволіўшы самых папулярных і актыўных журналістаў, як, напрыклад, блогеры Сяргей Пятрухін і Дзьмітры Гарбуноў. Я перакананы, што зараз асаблівы ціск будзе скіраваны на журналістаў. І іх ня будзе спыняць нейкае пасьведчаньне ці афіцыйная акрэдытацыя».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG