Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд над аўтарамі расейскага сайту Regnum. На лаве падсудных грамадзяне Беларусі Юры Паўлавец, Дзьмітры Алімкін і Сяргей Шыптэнка
Суд над аўтарамі расейскага сайту Regnum. На лаве падсудных грамадзяне Беларусі Юры Паўлавец, Дзьмітры Алімкін і Сяргей Шыптэнка

Судзяць аўтараў расейскага сайту Regnum. Дзень трэці

18 сьнежня ў Менскім гарадзкім судзе пачаўся працэс па справе аўтараў пракрамлёўскага інтэрнэт-рэсурсу Regnum, якіх вінавацяць у распальваньні міжнацыянальнай варожасьці. Гэта грамадзяне Беларусі Юры Паўлавец, Дзьмітры Алімкін і Сяргей Шыптэнка. Паўлаўцу і Шыптэнку таксама выстаўленае абвінавачаньне ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці. Абвінавачаным пагражае да 12 гадоў зьняволеньня. Пры гэтым год яны ўжо адбылі ў сьледчым ізалятары КДБ.

За што судзяць аўтараў Regnum. Цытаты з артыкулаў

Што вядома пра фігурантаў справы Regnum

«Рэгнумаўцы» ў судзе: «Дыктатура перасьледуе нас па палітычных меркаваньнях»

Ці трэба саджаць за нелюбоў да Беларусі. 5 тэзаў Карбалевіча і Цыганкова

11:20 20.12.2017

«Экспэртыза суб’ектыўная»

Падсудны Шыптэнка згадаў, што шмат разоў ён з адвакатам заяўляў адвод экспэртам, але гэта было праігнаравана. Падсудны ўсклаў адказнасьць за недакладасьць (як ён лічыць) экспэртызы і на Сьледчы камітэт. Мяркуе, што суд «ня можа прымаць за аснову ў сваім рашэньні такую суб’ектыўную экспэртызу».

Экспэрты зрабілі выснову пра варожасьць аўтара артыкулу да беларускай дзяржавы, але Шыптэнка нязгодны, што ён варожа ставіцца да Беларусі і беларусаў.

11:09 20.12.2017

Згадаў імя Яраслава Раманчука — калі казаў пра тое, што экспэрты чапляліся да выразаў у ягоных артыкулах:

«Той таксама ўжываў выраз „беларуская манілаўшчына“ і што? Аўтар на свабодзе».

11:08 20.12.2017

«Гэта бяздоказна»

Шыптэнка назваў гіпатэтычнай выснову экспэртаў пра тое, што ягоныя артыкулы ў Расеі могуць выклікаць незадавальненьне палітыкай уладаў Беларусі, а ў Беларусі — незадавальненьне тым, як у Расеі асьвятляюць падзеі ў Беларусі і што гэта можа спарадзіць канфлікт.

«Можа, і што? Канфлікт адбыўся?» — сказаў Шыптэнка.

11:06 20.12.2017

Мяркуе, што яго пасадзяць

Шыптэнка ў паказаньнях: «Мы ужо год у турме і на падставе гэтай экспэртызы нам дадуць яшчэ некалькі гадоў лягераў».

11:04 20.12.2017

Суд зрабіў заўвагу Шыптэнку

Падсудны мяркуе, што экспэрты чамусьці да яго былі перадузятыя і з гэтай прычыны прапанаваў правесьці мэдычны агляд экспэрта Галіны Гатальскай ды іншых экспэртаў. На гэта судзьдзя адразу зрабіў падсуднаму заўвагу: «Давайце ня будзем чапляць чалавечыя якасьці экспэртаў».

11:00 20.12.2017

Што пісаў пра бел-чырвона-белы сьцяг

Шыптэнка палемізуе з экспэртамі, якія аналізавалі ягоны артыкул «Этнічны нацыяналізм на ўкраінскі ўзор» і сьцьвярджалі, што аўтар у гэтым артыкуле называе беларускі народ «непаўнавартасным». Шыптэнка заўважае, што гэтак ў артыкуле не пісаў.

Асабліва «дастаецца» ад Шыптэнкі экспэрту Галіне Гатальскай. Тая пісала ў экспэртызе, што Шыптэнка «цынічна» падкрэсьліваў, што бел-чырвона-белы сьцяг выкарыстоўваўся калябарацыяністамі падчас Вялікай Айчынай вайны. Шыптэнка заўважае: тое, што сьцяг выкарыстоўваўся калябарантамі, — гэта даказвае даведка з музэю ВАВ.

Шыптэнка прызнае, што нідзе ў артыкулах не выкарыстоўваў адносна Беларусі тэрмін «сувэрэнная нацыянальная дзяржава».

10:35 20.12.2017

Пра Дуніна-Марцінкевіча

Падсудны Шыптэнка зачытаў цытаты з экспэртызы, якія тычацца ягоных артыкулаў, дзе ён пісаў пра тое, што беларускага пісьменьніка Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча ў выніку нібыта трэцяй хвалі прымусовай дзяржаўнай беларусізацыі неправамерна залічылі ў беларусы. Спыніўся і згадаў, што «Дунін-Марцінкевіч таксама быў вязьнем Валадаркі».

Сяргей Шыптэнка знаходзіцца ў «Валадарцы» ужо больш за год.

10:19 20.12.2017

«Экспэрты апусьціліся да ўзроўню блогераў»

Паводле Шыптэнкі, экспэрты ніяк не даказалі нават тое, што матэрыялы з сайту пад подпісам Артур Грыгор’еў належаць ягонаму аўтарству.

«Паводле першай адукацыі я гісторык-архівіст і ведаю, што найперш трэба правесьці атрыбуцыю — высьветліць аўтарства матэрыялаў, бяз гэтага далейшая экспэртыза адразу губляе каштоўнасьць», — сказаў Сяргей Шыптэнка.

Ён таксама лічыць, што і ўся экспэртыза ненавуковая, хаця ў ёй ўжытая навуковая тэрміналёгія, яна ідэалягізаваная. «Экспэрты апусьціліся да ўзроўню блогераў», — мяркуе Шыптэнка.

10:18 20.12.2017

«Раскамнагляд» ня ўбачыў прыкметаў экстрэмізму ў матэрыялах»

Шыптэнка просіць суд патлумачыць, на падставе якіх законаў беларускія экспэрты будуць ацэньваць матэрыялы з расейскіх сайтаў, у той час як «Раскамнагляд» ня ўбачыў «парушэньняў і прыкметаў экстрэмізму ў матэрыялах сайту Рэгнум, якія разглядае сьледзтва».

10:09 20.12.2017

Працэс аднавіўся. Сяргей Шыптэнка працягвае даваць паказаньні. Кажа, што закон не парушаў, а высновы сьледчых не пацьвярджаюцца дакумэнтамі.

XS
SM
MD
LG