Пасьля інцыдэнту суседзі зьехалі
Сьведка некалькі разоў цягам допыту спасылалася на тое, што ўжо ня памятае падзеяў таго дня. Тады адвакатка запрасіла зачытаць яе паказаньні на сьледзтве.
Паводле першапачатковых заяваў, муж сьведкі хадзіў недзе а 6-й раніцы ў ніжнюю кватэру наконт шуму.
Мужу адкрыў хлопец, не грубіў і сапраўды гук музыкі сьцішыўся. Але потым зноў стала шумна: крыкі, воклічы, сьпявалі песьні гурту «Руки вверх» ды іншыя.
Вось тады яны і вырашылі выклікаць міліцыю.
Пасьля інцыдэнту, паводле пратаколу таго допыту, сьведка чула два хлапкі на лесьвіцы. Таксама яна чула крыкі маладой жанчыны Насты: «Дайце мне таго чалавека, я яго заб’ю!» (відавочна, рэакцыя на тое, што нехта выклікаў міліцыю).
Дарэчы, цяпер сьведка з мужам у той кватэры ўжо не жывуць, зьехалі.
Сьведка пра права выклікаць міліцыю
Вікторыя Тулюпа пасьля некалькіх удакладненьняў адвакаткі прызнала, што ў той кватэры ўсё ж ня лаяліся, але было шумна.
З мужам у 77-й кватэры яны з жылі ад 2014 году, раней ніколі гэтыя суседзі ім не заміналі.
«Я мела права выклікаць міліцыю, калі шумяць. Нават калі нехта хоча адзначаць сьвята, трэба паважаць іншых», — сказала сьведка.
На пытаньне пра паважную прычыну ў дні Новага году сьведка адказала, што мела права выклікаць міліцыю — маўляў, яе тата працаваў у органах міліцыі.
Яшчэ сказала, што калі суседзі рабілі рамонт і былі часовыя нязручнасьці, яна гэта ўлічвала, ня скардзілася.
Сусед: Канфліктаў не было, усё зьмяніў Новы год
Наступны сьведка — Мікіта Тулюпа, муж Вікторыі Тулюпы.
«Пад раніцу некалькі разоў прачыналіся да шуму зьнізу. Я ня вытрымаў і пайшоў дамаўляцца. Малады чалавек мяне выслухаў, музыку сьцішылі, але потым зноў стала ўсё гучней і мы выклікалі міліцыю», — паведаміў ён.
Далейшыя паказаньні сьведкі адпавядаюць таму, што казала яго жонка. Пацьвердзіў ён і тое, што раней з жыльцамі 73-й кватэры канфліктаў у іх не здаралася.