Андрэй Гаўраш не прызнаў віны
Гаўраш сказаў у судзе: «Па выстаўленым абвінавачаньні віны не прызнаю».
Паводле вэрсіі міліцыі, абвінавачаны напаў на супрацоўніка міліцыі, які прыйшоў у кватэру, дзе, як паведамілі суседзі, паводзілі сябе занадта шумна. Нібыта ў адказ на заўвагу мянчук некалькі разоў ударыў міліцыянта і паспрабаваў забраць у яго пісталет, праз што атрымаў ад супрацоўніка два стрэлы «ў мяккія тканкі».
Паводле вэрсіі жонкі параненага гаспадара кватэры Анастасіі, адчыняць дзьверы пасьля званка пайшоў муж, і неўзабаве з тамбуру пачуліся крыкі і стрэлы. Першай у тамбур выбегла сястра Анастасіі. Яна потым распавядала, як міліцыянт наставіў пісталет і на яе. Сама Анастасія ўбачыла мужа, калі той ужо ляжаў на падлозе ў лужыне крыві. Паводле жанчыны, міліцыянт, які страляў, адразу зьбег. Потым Анастасія ўбачыла яшчэ дваіх супрацоўнікаў міліцыі, пра якіх яна ня ведае, прысутнічалі яны ў момант здарэньня ці падышлі пазьней. Нібыта тыя міліцыянты казалі ёй, што іхнага калегу пакараюць.
Суседзі параненага характарызавалі яго як цалкам спакойнага чалавека, які ніколі не выяўляў агрэсіі. Таксама яны сумняваліся, каб нехта з падʼезду выклікаў міліцыю. Іншыя жыхары дому распавядалі журналістам пра нейкага міліцэйскага начальніка, які пасьля інцыдэнту прыяжджаў у двор і доўга размаўляў зь міліцыянтам.
Андрэй Гаўраш не прызнаў віны. Бацькі Гаўраша казалі, што Андрэй увесь гэты час пасьля шпіталя прабыў на «Валадарцы» (СІЗА №1). Нейкі час яго трымалі таксама ў Навінках на экспэртызе.