18 лістапада ў Слуцкім раённым судзе прайшло чарговае пасяджэньне па справе Івана Барбашынскага, якога абвінавачваюць у супраціве міліцыянтам, спалучаным з гвалтам.
Учора Іван упершыню за ўвесь працэс даў паказаньні. Паводле Барбашынскага, у ноч з 19 на 20 сакавіка супрацоўнікі патрульна-паставой службы брутальна зьбілі яго і брата пры затрыманьні. Прынамсі ў Івана былі паламаныя два рабры — гэты факт зафіксаваны ў судмэдэкспэртызе.
Раней паказаньні давалі самі міліцыянты: сяржант Шустэр і прапаршчык Ламейка фігуравалі ў справе як пацярпелыя. У зьвязку са сьмерцю Ігара Барбашынскага ў Жодзінскім СІЗА крымінальная справа ў дачыненьні да яго была спыненая, а пацярпелы Шустэр перайшоў у катэгорыю сьведкаў.
На сёньняшнім паседжаньні адбыліся спрэчкі бакоў. Дзяржаўны абвінаваўца запатрабаваў для Івана тры гады абмежаваньня волі без накіраваньня ва ўстановы пенітэнцыярнай сыстэмы.
Чакаецца, што 21 лістапада Іван выступіць з апошнім словам, а ў другой палове дня суд абвесьціць вырак.
Адвакатка Юлія Станкевіч у размове са сваякамі Барбашынскіх выказала намер «змагацца далей», каб распачаць крымінальную справу па факце сьмерці Ігара Барбашынскага ў Жодзінскім СІЗА.
40-гадовы былы маёр Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС памёр 20 верасьня ў жодзінскім СІЗА. Прычына сьмерці паводле афіцыйнага заключэньня судмэдэкспэрта — «імунадэфіцытнае захворваньне нявысьветленага паходжаньня». Тым часам на целе памерлага было выяўлена 17 кровападцёкаў ад удараў «тупым цьвёрдым прадметам». Бацькі Ігара ўпэўненыя, што сын памёр не натуральнай сьмерцю.