Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Столькі міліцыі я бачыў апошнім разам толькі на Дзень Волі», — Мікалай Казлоў пра адмову ў рэгістрацыі кандыдатам

абноўлена

Мікалай Казлоў, архіўнае фота
Мікалай Казлоў, архіўнае фота

Менскі гарадзкі суд не задаволіў скаргу Мікалая Казлова на гарадзкую выбарчую камісію, якая адмовіла яму ў рэгістрацыі.

Намесьнік старшыні Абʼяднанай грамадзянскай партыі зьбіраўся вылучацца ў Менску па Старавіленскай акрузе № 105.

Пасьля суду Мікалай Казлоў заявіў у інтэрвію карэспандэнту Свабоды, што гэтае рашэньне было падрыхтавана загадзя.

«Яшчэ на падыходзе да будынку суду стала зразумела, што рашэньне будзе не на маю карысьць — дзяжурылі ўнутраныя войскі ў крапавых бэрэтах, аўтобус з АМАПам. Там было ўсё кіраўніцтва — прадстаўнікі МУС, ГУУС. Столькі міліцыі я бачыў апошнім разам толькі на Дзень Волі.

На кожным паверсе будынку суду былі супрацоўнікі міліцыі, дзьве рамкі мэталашукальнікаў. Кожны рух суправаджаўся тэлефанаваньнямі ці размовай па рацыі. У прысутных глядзелі парасоны, расчынялі іх. Я даўно ня бачыў такіх захадаў бясьпекі.

Калі б яны хацелі разгледзець маю скаргу з пункту гледзішча закона, права, то не было б неабходнасьці МУС затрачваць столькі сілаў. А само паседжаньне суду было праведзена найперш для міжнародных назіральнікаў», — сказаў Мікалай Казлоў.

Абскардзіць рашэньне суду ўжо немагчыма, хоць зь ім палітык ня згодны.

«Рашэньне ня можа быць законным, яно не прававое. Сваім рашэньнем яны пазбаўляюць ня толькі мяне магчымасьці пазмагацца, але і выбаршчыкаў — магчымасьці выбіраць», — сказаў палітык.

Мікалай Казлоў дадаў, што будзе даверанай асобай ва ўсіх кандыдатаў у дэпутаты ад АГП.

«У мяне забралі 62 тысячы выбарцаў, а ўзамен далі значна больш. У мяне цяпер будзе больш часу сканцэнтравацца на фальшаваньнях. А яны будуць, цяпер я перакананы», — сказаў Казлоў.

Асноўны довад прадстаўнікоў камісіі палягаў у тым, што, маўляў, «Казлоў наўмысна прыменшыў даходы, каб увесьці ў зман пэнсіянэраў».

«Гэта поўнае глупства прадстаўнікоў камісіі, — сказаў карэспандэнту Свабоды Мікалай Казлоў. — Калі я набыў нейкую рэч і за такія ж грошы прадаў, то які тут даход?»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG