Апошні фільм расейскага рэжысэра Андрэя Зьвягінцава «Левіятан», які нядаўна атрымаў «Залаты Глёбус» і вылучаны на «Оскар», стаў даступны для шырокага прагляду. Незьлічоныя крытыкі і рэцэнзэнты то кажуць, што карціна дакладна фіксуе стан расейскага грамадзтва, то абвінавачваюць аўтараў у русафобіі.
Губэрнатарка Мурманскай вобласьці Марына Коўтун забараніла пракат фільму ў сваім рэгіёне, бо незадаволеная тым, як у фільме паказаныя жыхары Поўначы.
Супраць паказу выступілі і ўлады пасёлка Цярыберка на Кольскай паўвысьпе, на фоне ляндшафтаў якога разгортваецца драма сям’і аўтасьлесара Мікалая Сяргеева (Аляксей Серабракоў).
Радыё Свабода запыталася ў двух журналістаў і двух блогераў, што бачаць у фільме Зьвягінцава беларусы.
Зьміцер Галко, журналіст газэты «Новы час»
У мяне да «Левіятана» была асаблівая цікавасьць, бо ў 2010 годзе я наведваў Цярыберку (аповед пра гэтую паездку публікаваўся на сайце Радыё Свабода) — пасёлак, дзе здымалася большая частка фільму Зьвягінцава. Неверагодная веліч і хараство паўночнай прыроды ў Цярыберцы суседнічаюць з такой жа неверагоднай, як для беларуса, безгаспадарчасьцю. Для «ачарненьня рэчаіснасьці», у якой абвінавачваюць рэжысэра, у пасёлку вельмі багаты матэрыял. Нічога ня трэба адмыслова вышукваць, хадзі ды здымай. Там лёгка можна было б зьняць постапакаліптычны трылер, у Зьвягінцава ж гэты гаротны стан, бадай, не выпінаецца.
Жонка галоўнага героя фільму працуе на рыбаперапрацоўчым камбінаце. Мясцовыя жыхары расказвалі мне пра бандыцкія войны за яго, з чалавечымі ахвярамі. Аднаго бандыта хвалілі, на другога лаяліся. Адначасова там ішла вайна паміж тагачасным мэрам — капітанам Яранцавым — і пракуратурай. Яе водгалас я пабачыў у дзіўнаватай аб’яве пра скасаваньне ільготнага наведваньня лазьні ў сувязі з адменай муніцыпальных праграмаў на пратэст пракуратуры. Вам зразумела, што гэта значыць? Мне было зусім незразумела. Нейкія марсіянскія хронікі.
Гэты капітан Яранцаў атрымаў сусьветную вядомасьць пасьля ўцёкаў у 2005 годзе ад берагавой аховы Нарвэгіі. Ён захапіў інспэктараў берагавой аховы і разам зь імі прывёў сваё судна ў Мурманск, адарваўшыся ад перасьледу. Улічваючы антызаходнія настроі, капітан зрабіўся героем шараговых расіянаў. Магчыма, яго б гераізавалі і на дзяржаўным узроўні, але Яранцаў уступіў у КПРФ, на той час не настолькі ручную апазыцыйную партыю, і наважыўся перамагчы на выбарах мэра Цярыберкі прадстаўніцу партыі «Адзіная Расея». Таму ў выніку яго зацягалі па судах і ўрэшце адхілілі ад пасады. Дык гэты капітан цяпер кажа, што жыцьцё ў Цярыберцы горшае, чым паказаў Зьвягінцаў. І што намаляваны ім партрэт расійскай рэчаіснасьці цалкам праўдзівы, а расейская ўлада ці не яшчэ падлейшая.
У беларускім фэйсбуку разгарэлася спрэчка — могуць беларусы атаясаміць сябе з галоўным героем «Левіятана» ці для іх гэты фільм будзе выглядаць, як расповед пра нейкую паралельную рэальнасьць? Сякія-такія рэаліі для нас сапраўды далёкія і чужыя. Як, напрыклад, цесная спайка ўладаў і крымінальных структураў або моцны ўплыў праваслаўнай царквы на зямныя справы. Але пачуцьцё бездапаможнасьці «маленькага чалавека» перад дзяржаўным «Левіятанам» беларусу павінна быць добра знаёмым. Спытайцеся хоць бы ў маці Ўладзіслава Кавалёва ці Ігара Пцічкіна.
Яўген Ліпковіч, блогер
«Левіятан» — фільм пра гарэлку. І хоць у яе там другасная роля (выключна каб, па задуме аўтара, падкрэсьліць расейскі нацыянальны характар), усе свае ўчынкі героі робяць у стане алькагольнага ап’яненьня. З-за гэтага фільм робіцца максымальна рэалістычным, напоўненым такім густым пахам сьпіртнога, што, здаецца, ён пранікае да цябе праз экран.
Гэта кіно расейскае, дэпрэсіўнае, і гэтым яно адрозьніваецца ад Галівуда, які прадае забавы. «Асаблівасьці нацыянальнага паляваньня» — таксама фільм пра гарэлку, але гэта аптымістычнае кіно, разарванае на цытаты, і яго можна пераглядаць.
А «Левіятан» забудуць. Праз пару гадоў ён будзе вядомы толькі спэцыялістам. Зьвягінцаў працягвае традыцыі сацыялістычнага рэалізму: выйшаў на вуліцу — і адразу цягне на ваніты. Гэта ваш бог, хлопцы.
Арына Лісецкая, блогер
«Левіятан» абурае. На фоне фантастычна прыгожай прыроды мы бачым рэальна жудасных пэрсанажаў. Чыё разуменьне сусьвету ня можа ўвайсьці ў рамкі эўрапейскага сьветапогляду. Ды там і сьветапогляду ўжо няма.
Цікава, што вось калі я бачу ў фільме нейкую страшную гісторыю зь людзьмі ў Амэрыцы, чаму я ня думаю пра Злучаныя Штаты дрэнна, пры гэтым асуджаю паводзіны герояў? А прагледзеўшы «Левіатан», пачала так асуджальна думаць агулам пра ўсю суседзкую краіну? Чаму так? А таму што тое, што адбываецца ў Расеі — гэта блізка. Гэта страшна. І гэта можа зачапіць і нас.
Асноўнае адрозьненьне эўрапейцаў ад расейцаў — у тым, што на Захадзе чалавечае жыцьцё стаіць непахісна ў прыярытэце. У расейцаў жыцьцё ніколі не цанілася, а нават слова «права» яны вымаўляюць, быццам бы гэта нешта жудаснае і непрывабнае.
У «Левіятане» героі ўсе як адзін хворыя. Перад намі карціна, якая паказвае, што Расея — гэта зараза антычалавечай істоты, якую ня вылечыць ніколі, пакуль яны самі сабе там ня пераб’юць. Ці зьедуць, каб выжыць. Інакш ператворацца ў зомбі. І гэтыя зомбі ўжо выходзяць за межы сваёй краіны, каб пакусаць астатніх.
Хочацца вымыць рукі і пракрычаць: адчапіцеся ўжо ад нас. Вы нам не браты, вы нам не партнэры. Хопіць. Сыдзіце. Рабіце з сабою што заўгодна, толькі не чапайце.
Але Расея ня здольная вылечыцца. Я ня веру ў тое, што дзясяткі мільёнаў людзей змогуць пры гэтай сыстэме, што там пануе, выхаваць у сабе этыку і мараль, што яны змогуць пачаць цаніць чалавечае жыцьцё і правы чалавека. Яны ўжо памерлі. Бо людзі сябе так не паводзяць.
Севярын Квяткоўскі, журналіст
«Левіятан» — фільм пра выбар: зьнікнуць чалавекам ці застацца лядовай крыгай?
У фэйсбуку бачыў такую размову двух «фрэндаў»:
— Ад беларусаў яшчэ ніводнага ганебнага водгуку не прачытала. Расейцы ж няшчаснага Зьвягінцава каб маглі, у попел бы сьцерлі.
— Расейцы і мусяць ганіць, а не разважаць пра мастацтва. Там паказаны фінал іхнай «цывілізацыі» — прыўкрасны ў сваёй паўночнай велічы пусты Ледавіты акіян.
Мяне фільм чапянуў ад першых кадраў і трымаў да апошніх. Але дыскусіі вядуцца не пра мастацкія якасьці. Паважаны праваслаўны сьвятар, які ня раз цярпеў за сваё вальнадумства ад беларускіх царкоўных уладаў, піша, што «Левіятан» — антыцаркоўны фільм. Хтосьці паказвае: маўляў, вось, глядзіце, якая яна — пуцінская Расея. Хтосьці шкадуе «бедных расейцаў», хтосьці злараднічае: «Мы ж вас папярэджвалі».
Адна фрэндэса доўга спрабавала мне давесьці, што ў Беларусі «такі ж самы хорар» на прыкладзе сацыяльнай неўладкаванасьці жыхароў Гомельскай вобласьці. А я спрабаваў давесьці, што большасьць беларусаў блізка сабе не ўяўляюць рэаліі скрайняй расейскай Поўначы, дзе адбываецца сюжэт фільму.
Кожны камэнтуе нейкі свой — блізкі да актуаліяў — ракурс фільму. Але чаму сярод беларусаў ідуць дыскусіі?
На мой погляд, беларусаў фільм зачапіў зь дзьвюх прычынаў. Бо адны — «такія ж самыя рускія», а другія разумеюць, што ў нас адкрытая мяжа і што бліжэйшыя гады на нас так ці інакш будзе ўплываць той сьвет — з-за празрыстай мяжы.
Рэжысэр Андрэй Зьвягінцаў паказаў холад бяскрайніх прастораў, які не нясе нічога чалавечай асобе, апроч зьнішчэньня. Дзе ты альбо ахвяра, альбо твая асоба ператвараецца ў лядовую крыгу, якая нішчыць іншага чалавека.