Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што адбываецца зь беларускім рублём?


Зь лютага беларускі рубель умацаваўся адносна даляра на 10%. У чым прычыны такога фэномэна? Якія наступствы гэта мае для эканомікі? Ці павысіцца давер насельніцтва да эканамічнай палітыкі ўладаў?

Удзельнікі: эканаміст Леанід Злотнікаў і фінансавы аналітык кампаніі «Альпары» Вадзім Іосуб.

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:14:59 0:00

Чаму ўмацоўваецца беларускі рубель адносна даляра?

Валер Карбалевіч: «Сытуацыя на фінансавым рынку Беларусі стабілізавалася настолькі, што рубель умацаваўся зь лютага на 10% адносна даляра, зьявілася станоўчае сальда замежнага гандлю, насельніцтва прадае валюты больш, чым купляе. У чым прычыны такога фэномэна?»

Леанід Злотнікаў
Леанід Злотнікаў

Леанід Злотнікаў: «Найперш таму, што панізіліся рэальныя заробкі з восені на 13–15%. Па-другое, восеньню мінулага году быў ажыятажны попыт на валюту. Даляр быў пераацэнены. Цяпер адбыўся адкат».

Вадзім Іосуб
Вадзім Іосуб

Вадзім Іосуб: «Беларускі рубель умацоўваецца адносна даляра і эўра, але аслабляецца адносна расейскага рубля. Бо апошні пачаў умацоўвацца. У цэлым адносна кошыка валют (даляр, эўра, расейскі рубель) наш рубель слабее. І гэтае аслабленьне адносна расейскага рубля будзе садзейнічаць у пэрспэктыве аднаўленьню беларускага экспарту ў Расею».

Ці павялічыцца канкурэнтаздольнасьць беларускай прадукцыі?

Карбалевіч: «Якія наступствы для эканомікі мае жорсткая крэдытна-грашовая палітыка?»

Злотнікаў: «Цяпер абменны курс беларускага рубля раўнаважны. На ягоны курс уплывае стан эканомікі. Тое, што насельніцтва стала больш прадаваць валюты, сьведчыць пра зьбядненьне людзей. Народ вымае рэзэрвы».

Карбалевіч: «Сп. Іосуб, вы сказалі, што аслабленьне беларускага рубля адносна расейскага рубля будзе садзейнічаць аднаўленьню беларускага экспарту ў Расею. Але з пачатку году беларускі экспарт скараціўся на 30%».

Іосуб: «Тут трэба мець на ўвазе, што гэтая заканамернасьць дзейнічае пры іншых роўных умовах. Бо цяпер попыт на расейскім рынку ўпаў. То бок росту беларускага экспарту ў РФ можна чакаць толькі тады, калі пачне аднаўляцца расейская эканоміка. Вось тады слабеючы беларускі рубель адносна расейскага рубля дасьць эфэкт».

Злотнікаў: «Падзеньне попыту ў Расеі на прадукцыю беларускага машынабудаваньня мы назіраем ужо 2,5 года. Бо наша прадукцыя страчвае канкурэнтаздольнасьць. І я не чакаю росту беларускага экспарту ў Расею нават тады, калі расейская эканоміка адновіцца. Таму я не такі аптыміст, як мой суразмоўца».

Тактыка ўладаў напярэдадні выбараў

Карбалевіч: «Напярэдадні мінулых прэзыдэнцкіх выбараў улады не шкадуючы падвышалі заробкі, крэдытавалі дзяржпрадпрыемствы. Цяпер усё наадварот. Чаму зьмяніўся падыход? Можа, насельніцтва псыхалягічна лепш будзе успрымаць такую тактыку? Ня страшна, што стаяць заводы, не растуць заробкі. Затое зьбітыя дэвальвацыйныя настроі, людзі панесьлі даляры ў абменьнікі. Стабільнасьць».

Іосуб: «Спадзяюся, што мінулыя ўрокі пайшлі на карысьць беларускім уладам. Перажыўшы тры дэвальвацыі за пяць гадоў, яны зразумелі, што немагчыма зрабіць насельніцтва больш багатым адміністратыўна, шляхам друкаваньня грошай».

Злотнікаў: «Адну заканамернасьць улады засвоілі. Але іншых заканамернасьцяў яны яшчэ не зразумелі. Вось, напрыклад, тактыка павышаць працэнты на рублёвых дэпазытах. Яна часова адцягнула рублёвую масу. Але гэта штучная мера, і доўга трымаць высокія працэнты ня ўдасца».

Карбалевіч: «На мой погляд, справа ня ў тым, што ўлады не разумеюць эканамічных законаў. Проста яны падыходзяць да эканомікі ня з гледзішча эканамічнай мэтазгоднасьці, а з пазыцыі палітычнай мэтазгоднасьці».

Іосуб: «Справа ў тым, што ня толькі ўрад нешта зразумеў. Адначасова расьце разуменьне эканамічных заканамернасьцяў і сярод насельніцтва. Бо яно таксама вучыцца на ранейшым горкім досьведзе. Калі сёньня ўлады рэзка павысяць заробкі, то насельніцтва пабяжыць купляць даляры. І эфэкт абвалу рынку можна атрымаць не калісьці пасьля выбараў, а цяпер, адразу. І ўлады гэта разумеюць. То бок палітыка падвышэньня заробкаў перад выбарамі можа не спрацаваць так, як яна працавала раней».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG