Лідэр Беларускага нацыянальнага кангрэсу Мікола Статкевіч заявіў на Facebook, што зьбіраецца правесьці ў Менску «Марш годнасьці і волі» 25 сакавіка, на якім будзе патрабаваць вызваленьня Сьвятаслава Барановіча, асуджанага 12 сакавіка на тры гады калёніі за тое, што бараніў анархістаў ад «людзей у цывільным».
Як піша Мікола Статкевіч на Facebook, на маршы прагучаць патрабаваньні вызваленьня Барановіча «і іншых палітзьняволеных», а таксама словы пра заклапочанасьць праблемамі краіны і пагрозамі ейнай незалежнасьці.
Хто такі Сьвятаслаў Барановіч, асуджаны на 3 гады за напад на «людзей у цывільным»
Ён адзначае, што на ўжо санкцыянаваным мітынгу-канцэрце ля Опэрнага тэатру «дазволеныя лёзунгі і выступы толькі на сьвяточную тэму», але «ў соты Дзень Волі кожны мае права вольна выказвацца па пытаньнях, што яго турбуюць».
Раней менскія ўлады адхілілі заяўку на шэсьце, мітынг і канцэрт на 25 сакавіка, але дазволілі мітынг і канцэрт бяз шэсьця. Паплечнікі Статкевіча падалі ў Менгарвыканкам заяўку на шэсьце 25 сакавіка, а сам Статкевіч казаў, што правядзе шэсьце, нават калі яно ня будзе санкцыянаванае ўладамі. Кіраўніцтва аргкамітэту сьвяткаваньня 100-годзьдзя БНР адмежавалася ад ініцыятываў Статкевіча.
Летась на Дзень Волі былі сотні затрыманых, шэсьце незаконна «недазабаранілі»
Летась на заяўку аб акцыі на Дзень Волі адказалі зь вялікім спазьненьнем — у парушэньне законаў не за пяць дзён да акцыі, а ўвечары напярэдадні яе. Пісьмова дазволілі акцыю ў іншым месцы, вусна ж Шорац забараніў любыя акцыі 25 сакавіка. За парушэньні закону нікога не пакаралі.
«Недазабароненую» акцыю на 25 сакавіка 2017 году жорстка разагналі (спачатку некаторых людзей прапускалі праз турнікеты да Акадэміі навук, потым там і затрымлівалі). Каля сотні затрыманых былі пакараныя штрафамі і адміністрацыйнымі арыштамі.