Ці можна ў невыносную сьпёку прымаць адэкватныя рашэньні?
Мэдыкі лічаць, што прадуктыўна займацца любой разумовай дзейнасьцю, калі тэмпэратура навокал паднімаецца вышэй за 28 градусаў, немагчыма. У такую сьпёку ў клініках адкладаюцца ўсе плянавыя апэрацыі, бо існуе высокая верагоднасьць як фатальнай памылкі хірурга, так і непрадказальнай рэакцыі арганізму хворага.
У беларускіх жа судах, дзе штодня вырашаюцца лёсы людзей, паседжаньні не адмяняюцца ні ў якае надвор’е.
Апошні прыклад — суд над кіраўніком праваабарончай «Плятформы» Андрэем Бандарэнкам у Рэспубліканскім Доме правасудзьдзя. Радыё Свабода вельмі ўважліва адсочвае гэты працэс, дэталёва інфармуе пра яго ў эфіры ды на сайце. У нашай праграме мы спынімся на некаторых іншых, так бы мовіць тэхнічных момантах. Разгляд справы праваабаронцы пачаўся 29 ліпеня. Аб’яўлена, што прысуд вынесуць 12 жніўня. Некалькі судовых паседжаньняў — згодна з градусьнікам, які ўзялі з сабой у залю калегі Андрэя — праходзілі збольшага пры тэмпэратуры 32–33 градусы. Прысутныя ў залі ўвесь час абмахваліся ўсім, чым можна, бо кандыцыянэраў у будынку няма.
Паводле калегі Андрэя і цяперашняй кіраўніцы «Плятформы» Алёны Красоўскай-Касьпяровіч, пра экстрэмальныя тэмпэратурныя ўмовы паседжаньня сьведчыла ўжо тое, што судзьдзя мусіла зьмяніць сваю традыцыйную мантыю на лёгкую сукенку.
Красоўская-Касьпяровіч: На маёй памяці я ня бачыла такога ніколі, каб судзьдзя вяла працэс бяз мантыі. Да нейкага часу яна была ў мантыі, аднак потым папрасіла прабачэньня за тое, што надзела цывільную сукенку, бо ня можа больш выносіць сьпёку. Гэта сьведчыць пра тое, што ў судовай залі невыносныя ўмовы... Месца, дзе праходзяць судовыя працэсы, павінна быць максымальна камфортным. Для таго каб ані на падсудных, ані на сьведак, ані на абарону, ані на абвінавачваньне, ані на судзьдзяў не ўплывалі нейкія вонкавыя фактары, зьвязаныя з тэмпэратурным рэжымам. Як мы бачым, у Доме правасудзьдзя, які ў прынцыпе ня так даўно пабудаваны, нармальных умоваў для зьдзяйсьненьня правасудзьдзя няма. Тут вельмі горача летам, а ў міжсэзоньне ды зімой — неверагодна холадна. Ці можна ў такіх умовах прымаць адэкватныя рашэньні? Ці можа чалавек сябе адэкватна абараняць?
Чалавеку ў клетцы ваду дазволена піць толькі ў перапынку
Кар: У такія гарачыя дні гарадзкія ўлады нават раздавалі на вуліцах бясплатную ваду, у розных установах для кліентаў выстаўляюць кулеры з вадой... Ці нешта такое прадугледжана ў судах, дзе кожнаму чалавеку, у тым ліку і ў клетцы, аб’ектыўна можа стаць кепска?
Красоўская-Касьпяровіч: Вядома хацелася б, каб у такіх месцах чалавек, які сядзіць у клетцы ды абараняе сябе, меў магчымасьць папіць вады ў любы момант. Але ж у Рэспубліцы Беларусь я ня бачыла ніводнага суду, у якім бы падсудны меў магчымасьць папіць той жа вады падчас працэсу. Судзьдзя — так. Яна можа спыніць паседжаньне ды выйсьці папіць вады ці нешта перакусіць. У падсуднага такіх варыянтаў няма. Магчымая вада з крану, але толькі падчас судовага перапынку ў адмысловым пакоі для падсуднага. Да таго ж часу трэба цярпець.
Праваабаронца Людміла Гразнова, якая прысутнічала на кожным судовым паседжаньні, лічыць, што нават такія ўмовы не адбіліся на рэакцыі Андрэя Бандарэнкі, на яго здольнасьці абараніць сябе.
Гразнова: Я ня думаю, што для падсудных гэта настолькі істотна, бо размова ідзе пра абвінавачаньне, пра вырак. І, як мне падаецца, чалавек мабілізуецца, а таму не зьвяртае ўвагі на гэтыя вонкавыя абставіны. Я магу меркаваць па Андрэю Бандарэнку — ён ніколькі не адчувае сябе горш. Ён вельмі адэкватна сябе паводзіць тут, добра рэагуе і выдатна абараняе сябе.
Калі ж гаварыць пра тых, хто вяршыць правасудзьдзе, то суразмоўца не выключае, што на гэтых людзях, нават калі дапусьціць, што працэс не заангажаваны, анамальныя прыродныя ўмовы адбіцца маглі.
Гразнова: У гэтым выпадку — так. Гэтыя людзі не мабілізуюцца настолькі, бо гэта ня тычыцца іхняга ўласнага лёсу. І тыя ўмовы, якія цяпер у гэтым вонкава цудоўным будынку, унутры пакідаюць жадаць лепшага. У такой залі павінны быць і працаваць кандыцыянэры. Для таго, каб летам прадстаўнікі правасудзьдзя нармальна выконвалі свае прафэсійныя абавязкі.
І Людміла Гразнова, і Алёна Красоўская-Касьпяровіч не выключаюць, што сьпёка магла паўплываць і на прысутнасьць на працэсе калегаў-праваабаронцаў, тых, каму ў свой час дапамагаў Андрэй. Па сутнасьці, гэтыя людзі прыйшлі толькі на першае паседжаньне.
Катаваньні «ў стакане»
Этапы ў Беларусі адбываюцца незалежна ад умоваў надвор’я. Паводле былых ЗК, гэта самае цяжкае з таго, што фізычна перажываюць вязьні. Этапуюць падсудных ды асуджаных у адмысловым спэцтранспарце — аўтазаках ды «сталыпінах». Для аўтазакаў з савецкіх часоў на службе сыстэмы выкананьня пакараньняў выкарыстоўваюцца фургоны марак МАЗ, ГАЗ, ЗІЛ. Пры неабходнасьці ў машыну можна ўмясьціць не адзін дзясятак зьняволеных. Звычайна фургон дзеліцца на тры адсекі. У першым сядзяць канваіры і знаходзіцца адна жалезная «будка» для зьняволенага, якога нельга перавозіць разам зь іншымі. Яшчэ ёсьць два адсекі з лаўкамі для зьняволеных. Яны адмыслова адасобленыя, бо ў адным могуць ехаць мужчыны, а ў другім — жанчыны. Бываюць і іншыя фургоны — з адной агульнай камэрай і трыма-чатырма маленькімі, якія завуцца «стаканамі» Зроблены аўтазак з цэльных, даволі тоўстых лістоў мэталу, якія вельмі хутка награюцца. Вэнтыляцыя ў фургоне не прадугледжаная. Падчас руху, праўда, адчыняецца верхні люк — адзіная крыніца паветра.
Калі аўтазак недзе спыняецца, жывога паветра няма, і дыхаць становіцца вельмі праблематычна. Былы палітвязень, гарадзенскі прадпрымальнік Аляксандар Васільеў перажыў усю «любату стакану» ў 58 гадоў. Тыя адчуваньні ён параўноўвае з катаваньнямі.
У «сталыпіне» мужчыны трацілі прытомнасьць
Як сьведчаць колішнія асуджаныя, яшчэ цяжэй, чым у аўтазаку, этап пераносіцца ў «сталыпіне», чыгуначным вагоне для перавозкі ЗК. Тут, як і ў аўтазаку, няма так званай прымусовай вэнтыляцыі паветра. У параўнаньні са звычайнымі пасажырскімі вагонамі тут значна меней вокнаў і таўсьцейшыя сьцены, бо ў мэтах бясьпекі выкарыстоўваецца тоўсты мэтал. На перасыльных станцыях вагоны могуць стаяць 7–12 гадзін. Калі «сталыпін» стаіць на месцы, яго дзьверы наглуха зачыненыя, а адчыняць іх строга забаронена. У гэты час, згодна з вызначанымі Беларускай чыгункай санітарнымі нормамі, зэкам не дазволена хадзіць у прыбіральню.
Былога палітвязьня, праваабаронцу Мікіту Ліхавіда этапавалі «сталыпінам» з «Валадаркі» ў наваполацкую калёнію. Мікіта шчыра прызнаецца, што з этапам яму пашанцавала. Па-першае, тады ў траўні 2011 не было такой сьпёкі як цяпер. Па-другое, ягоны этап лічыцца адным з самых хуткіх.
Ліхавід: Але ж ёсьць і больш жорсткія этапы. Напрыклад, Менск — Ваўкавыск. Гэта ўвогуле жах, бо цягнік ідзе праз Баранавічы, дзе перасадка-пасадка новых зэкаў. «Сталыпіны» разам зь людзьмі застаюцца на ноч. Увесь гэты час, гадзін прыкладна дзевяць, «пасажыры» застаюцца ў вагонах. Вагоны гэтыя найчасьцей перапоўненыя. Вэнтыляцыі няма — адчуваньне, што кісларод перагарае. Немагчыма ані ўстаць, ані паварушыцца. Вельмі зацякаюць ногі-рукі.
«Пераносіць такія этапы заўсёды цяжка, — працягвае мой суразмоўца. — Тым больш, летам у сьпёку, калі, як цяпер, тэмпэратура паветра набліжаецца да 30 градусаў, а ў самім „сталыпіне“, які ўвесь дзень з раніцы да вечара стаіць на сонцы, дасягае 50. Таму нярэдка здараецца, што мужыкі трацяць прытомнасьць...»
ВІДЭА: Сьпёка побач з турмой (Горадня)
Тэхаскія праваабаронцы патрабуюць кандыцыянэраў у турмах
Праблема забесьпячэньня вязьняў камфортнымі тэмпэратурнымі ўмовамі — у цэнтры ўвагі праваабаронцаў многіх краінаў сьвету. Адмысловая справаздача ўдзельнікаў практыкуму па правах чалавека зь юрфаку Тэхаскага ўнівэрсытэту зазначае: анамальная тэмпэратура нярэдка становіцца прычынай сьмерці зьняволеных, а гэта надзвычай грубае парушэньне Канстытуцыі ЗША і міжнароднага заканадаўства. Як вынікае з дакладу, які трапіў на старонкі The Houston Chronicle, ад пачатку 2007 году сама меней 14 вязьняў тэхаскіх турмаў памерлі з-за празьмернай сьпякоты за кратамі. Шмат каго зь нябожчыкаў знайшлі ў іхніх камэрах, дзе градусьнік паказваў паводле Цэльсія да 65 градусаў. Праваабаронцы заклікалі дэпартамэнт юстыцыі ўсталяваць у 109 дзяржаўных турмах кандыцыянэры, каб тэмпэратура ў камэрах не перавышала 18–29 градусаў. У адказ на запыт праваабаронцаў ведамства адказала, што сытуацыя пад кантролем — «зьняволеным рэгулярна пастаўляецца вада зь лёдам, у турмах, дзе няма кандыцыянэраў, ёсьць вэнтылятары ды іншыя прыборы для падтрыманьня камфорту».
Як адзначаюць у сваіх допісах у праграму нашы чытачы з былых асуджаных, у некаторых перапоўненых камэрах «Валадаркі» ў такую летнюю сьпёку градусьнік зашкальвае за 40 градусаў. Зьмітру Вольнаму, напрыклад, давялося сядзець у такім сутарэньні.
«Духата ў камэры была вельмі адчувальная, — напісаў наш сталы карэспандэнт, — а на вокнах жа ўсялякія "наморднікі", "вейчыкі" і гэтак далей. Для людзей незагартаваных, пажылых, з сардэчнымі праблемамі, іншых хронікаў гэта было цяжка. Нават перададзены ў камэру вэнтылятар мала дапамагаў».
Арт. 411 за просьбу пра дадатковы душ
59-гадовы зьняволены Пётар Кучура, пра якога мы расказвалі ў нашых папярэдніх праграмах, за кратамі ўжо дзесяць гадоў. Згодна з выракам, застаецца яшчэ сем.
«За час адседкі мой несправядліва асуджаны муж стаў інвалідам па сэрцы, — кажа жонка Пятра Людміла Кучура. — Для такіх людзей, як ён, сьпёка асабліва небясьпечная. Летась, калі ён яшчэ быў сядзельцам Магілёўскай калёніі № 15, я паставіла пытаньне перад турэмным кіраўніцтвам адносна яго самаадчуваньня і самаадчуваньня іншых вязьняў у такі сьпякотны час. Усё гэта каштавала мужу 411 артыкула ды пераводу яго як злоснага парушальніка на турэмны рэжым у магілёўскую „крытку“».
Людміла Кучура кажа, што прасіла ў турэмных уладаў элемэнтарнага. Каб у мужа ды ў іншых асуджаных была магчымасьць атрымліваць дадатковы да дазволенага раз на тыдзень душ ды насіць у сьпёку лягчэйшае адзеньне ды абутак. Раней у гарачыню сямейнікам дазвалялі перадаваць асуджаным свае, хай чорныя, але лягчэйшыя, з натуральнай скуры чаравікі. Цяпер дазволеныя толькі казённыя кірзавікі, ад якіх ня тое што грыбок заводзіцца, але ўвогуле ногі могуць адваліцца. «Калі ж казаць пра абавязковую чорную летнюю робу зь вялікай доляй сынтэтыкі, то гэта ўвогуле жах!».
Кучура: «Што тычыцца душу, дык уявіце сабе калёнію, дзе на адзін атрад прыкладна са ста чалавек — адзін умывальны пакой недзе з 10 умывальнікамі. Зразумела, у такое лета трэба абмывацца часьцей, чым звычайна. Няцяжка зразумець, якая вялікая чарга можа быць. Тым больш улічваючы, што вада з кранаў падаецца далёка ня ўвесь дзень. Людзям катастрафічна не хапае вады, а грошы за камунальныя паслугі, у тым ліку за ваду, з зэкаў утрымліваюцца».
Якасьць вады, якая выкарыстоўваецца зьняволенымі і як пітная, — гэта асобная тэма. Вада ня проста дрэнная, але і шкодная. Падчас спатканьняў з мужам жанчына зьвяртала ўвагу на накіп, які зьяўляўся нават пасьля аднаго нагрэву ў абсалютна чыстым чайніку. Людміла чула, што ў гэтай вадзе, якая забясьпечвае калёнію, шмат шкоднага для чалавека жалеза. Аднак каму яно важнае — здароўе зэкаў, а таксама іншых грамадзянаў, якія яе пьюць, зазначае яна.
«Спадзяюся толькі на праваабаронцаў»
Кучура: «Усё тое, што робіцца ў гэтых установах — форма, абутак, сытуацыя з вадой, — гэта непрымальна. Калі ж Пятра перавялі з калёніі ў турму, то стала яшчэ горш. Там дазволены адзін званок на месяц, дый той кароткі. Муж падчас апошняга тэлефанаваньня сказаў толькі, што горача, і сьпёка пераносіцца ім цяжка. У камэры ён сядзіць (за мінусам гадзіны шпацыру) 23 гадзіны ў суткі. Разам зь ім — яшчэ два чалавекі. Нехта зь іх курыць. Уявіце — сьпёка ды сталы дым цыгарэтаў. Што будзе — ня ведаю. Думаю пра гэта кожны дзень. Сэнсу ісьці да начальніка Дэпартамэнту ці міністра, пісаць ім — няма аніякага. Адзін у полі ня воін. Спадзяваньні толькі на праваабаронцаў. Можа, яны, можа, іншыя грамадзкія актывісты неяк падтрымаюць ды дапамогуць у вырашэньні гэтай сытуацыі са сьпёкай ва ўмовах вязьніцы».
У магілёўскай калёніі паводле артыкула 411 таксама ўтрымліваюцца палітвязьні Мікола Статкевіч, Мікола Дзядок і Яўген Васьковіч. Жонка Статкевіча Марына Адамовіч у размове са Свабодай распавяла:
Адамовіч: «Раней ён казаў, што вельмі-вельмі сьпякотна і што дазволілі яму рабіць фізычныя практыкаваньні, зьняўшы робу, заставацца ў майцы. Гэта, відаць, гаворка пра камэру. Ведаю, што ён пісаў адмысловую заяву, ці можна здымаць робу на час практыкаваньняў. А ў Міколы ж камэра на верхнім паверсе, і там няма ніякага паддашку. Таму там вельмі горача, нягледзячы на паўночныя і закратаваныя вокны. Калі на пачатку траўня ўсталявалася першая сьпякота, ён казаў, што невыносна было. І ў Міколы Дзядка было гэтак, нават горш. Ведаю, што ў таго і вокны ў іншы бок, да сонца. Хоць там краты, але ўсё роўна, мабыць, сьцяна награваецца».
Ці павінна быць у турмах камфортная тэмпэратура?
Што вы думаеце пра ўтрыманьне вязьняў у турме ў такую сьпёку? Ці павінна турэмнае кіраўніцтва забясьпечваць іх камфортнымі тэмпэратурнымі ўмовамі ў камэрах? Меркаваньні гарадзенцаў наш карэспандэнт запісаў непадалёк ад гарадзенскай турмы № 1.