Афіцыйная газэта «Советская Белоруссия» апублікавала матэрыял, у якім выказваецца занепакоенасьць актыўнасьцю расейскіх нэанацыстаў у дачыненьні да Беларусі.
Сёньня на гэтую тэму на сайце «СБ» быў апублікаваны блог старшыні назіральнай рады Цэнтру стратэгічных і зьнешнепалітычных дасьледаваньняў Юрыя Царыка.
Царык узгадвае скандальнае расьсьледаваньне незалежных СМІ пра тое, як беларускіх дзяцей зь Віцебску, Друцку і Талачына сёлета вазілі ў Расею на ваенныя зборы, дзе інструктарамі працавалі баевікі дывэрсійна-штурмавой выведнай брыгады «Русіч» і асабіста яе камандзір Аляксей Мільчакоў.
«Ёсьць відавочнае — тое, што нацысты і фашысты не павінны мець доступу да беларускіх дзяцей і ўжо тым больш — быць іх настаўнікамі. Тое, што такое здарылася — ганьба», — піша аўтар.
Царык падкрэсьлівае, што нават калі б інструктары «Русіча» не былі нацыстамі, а былі толькі ўдзельнікамі вайны на Данбасе, то яны ўсё роўна ня мелі б права займацца «патрыятычным» выхаваньнем беларускіх дзяцей.
«Гэта пытаньне, над якім варта добра падумаць, паколькі яно датычыць асноў нашага грамадзкага і дзяржаўнага ладу. Калі чалавек робіць учынкі, якія мы лічым амаральнымі, а то і злачыннымі, пры гэтым не дэманструе раскаяньня і жаданьня адмовіцца ад злачыннага ладу жыцьця, то яму няма чаго рабіць у Рэспубліцы Беларусь, можа акрамя як сядзець у турме. А зносіны зь ім дзяцей ставяць апошніх у сурʼёзную небясьпеку».
Аўтар таксама кажа ў сваім тэксьце пра дзейнасьць «E.N.O.T. Corp» і пра заяву Мільчакова, што «Русіч» мае інтарэсы ў Беларусі.
«Цяпер, пакуль эмацыйная і шмат у чым дэструктыўная хваля, выкліканая ўкраінскім крызысам, не сышла, на жаль, галоўным клопатам кожнага з нашых народаў зьяўляецца менавіта абарона права быць гаспадаром на сваёй зямлі. Дарэчы, у прэсе паведамляецца, што на гэтым тыдні згаданы Мільчакоў пабываў у Віцебску і нават пасьпеў даць парачку інтэрвію... Да каго і навошта прыяжджаў Мільчакоў?», — задае рытарычнае пытаньне Царык напрыканцы свайго артыкула.