Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчы камітэт хоча завяршыць справу «Белага легіёну» да канца восені


Алесь Яўдаха, архіўнае фота
Алесь Яўдаха, архіўнае фота

Фігурант справы Алесь Яўдаха перакананы: гэтую справу адпачатку ня варта было заводзіць.

«Расьсьледаваньне крымінальнай справы працягваецца, але падстаў, каб разьбірацца бясконца, няма. Мяркую, цягам восені мы паставім кропку», — сказаў 25 кастрычніка ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу старшыня Сьледчага камітэту Іван Наскевіч пра справу «Белага легіёну».

Справа цягнецца з сакавіка, па ёй былі затрыманыя больш за 30 чалавек, у тым ліку былыя актывісты незарэгістраванай арганізацыі «Белы легіён». Сярод затрыманых напярэдадні 25 сакавіка быў і Алесь Яўдаха, які працуе ў кніжным бізнэсе. У канцы чэрвеня Алеся Яўдаху вызвалілі з «Валадаркі» пад падпіску пра нявыезд і неразгалошваньне.

Алесь Яўдаха сказаў Свабодзе, што апошні раз сустракаўся са сьледчымі ўлетку.

«Я дагэтуль знаходжуся пад падпіскай, таму больш нічога сказаць не змагу. Можа, я ня самы злосны ў іх вачах падазроны, можа, зь іншымі нешта адбываецца, але я ня чуў нічога, больш не выклікалі. І пра зьмены ў сьледчай групе мяне не інфармавалі, даведваўся пра ўсе навіны са СМІ. Што да лёсу самой справы, дык мне здаецца, што адпачатку гэтую справу ня варта было распачынаць. Найлепшым выйсьцем для ўсіх было б закрыць гэтую справу з прычыны адсутнасьці складу злачынства. Калі б такі склад сапраўды быў, мы б не сядзелі пад падпіскай, а сядзелі б у цёмных камэрах „Валадаркі“. Калі б нешта сурʼёзнае было, калі б наагул нешта было».

Магчыма, кропку ў справе не паставілі таму, што няма загаду зьверху, мяркуе Яўдаха.

Алесь Яўдаха дадаў, што з прычыны накладзенага на яго абмежаваньня ў перасоўваньні дагэтуль мае праблемы ў працы.

У канцы сакавіка 2017 году Алеся Яўдаху ды іншых фігурантаў справы «Белага легіёну» затрымаў КДБ паводле абвінавачаньня ў падрыхтоўцы да арганізацыі масавых беспарадкаў. Больш як празь месяц справу з КДБ перадалі ў Сьледчы камітэт і перакваліфікавалі на дзейнасьць у складзе незаконнага ўзброенага фармаваньня. У верасьні стала вядома, што са сьледчай групы сышлі некаторыя сьледчыя, а новыя сьледчыя пачалі знаёміцца з матэрыяламі справы. Колькаснага складу сьледчай групы, якая займаецца справай «Белага легіёну», Іван Наскевіч не назваў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG