Ад 1 студзеня 2018 году ў Польшчы набудуць сілу папраўкі ў заканадаўства аб судзеяньні занятасьці і інстытуцыях рынку працы.
Што і як зьменіцца, расказала Polskie Radio дырэктарка Паветавага ўпраўленьня працы ў Груйцу Мажана Скочак.
Паводле яе, з наступнага году працэдура выдачы дазволу на працу будзе дзяліцца на два тыпы.
Для замежнікаў, якія знаходзяцца ня ў Польшчы, будзе два этапы разгляду справы, дазвол на працу будзе каштаваць 30 злотых — каля 16 рублёў 88 капеек. Працадаўцу трэба будзе падаць заяву на выдачу дазволу на працу, каб атрымаць пасьведчаньне, неабходнае для выдачы візы (будучы працаўнік павінен мець біямэтрычны пашпарт). Па прыезьдзе будучага працаўніка. Працадаўца падае заяву, што замежнік прыехаў, падае інфармацыю, дзе замежнік будзе жыць і атрымлівае тады на другім этапе дазвол на сэзонную працу. Ад моманту прыезду замежнік зможа працаваць ня больш за 9 месяцаў на год.
Для замежнікаў, якія знаходзіцца ў краіне на падставе віду на жыхарства, будзе адзін этап: дазвол на сэзонную працу за тыя ж 30 злотых будзе выдавацца пасьля падачы заявы працадаўцам, а пасьведчаньне аб прыезьдзе непатрэбнае. Час дазволенай працы будуць адлічвацца не ад прыезду, а ад пачатку працы — 9 месяцаў цягам году.
Дазвол на сэзонную працу для 6 краінаў, у ліку якіх Беларусь, будзе выдавацца без «тэставаньня рынку» — без інфармацыі ад мясцовых органаў улады пра немагчымасьць задавальненьня кадравых патрэбаў сіламі польскіх грамадзянаў. Для грамадзянаў іншых краінаў «тэст рынку» абавязковы пры выдачы дазволу.
Як кажа дырэктар ваяводзкага ўпраўленьня працы Томаш Серадз, гэтыя зьмены дапасоўваюць польскае заканадаўства да эўрапейскіх патрабаваньняў. Раней у Польшчы, кажа ён, адсутнічаў кантроль над атрыманьнем дазволу: невядома было, дзе і колькі працаваў замежнік.
Раней гаворылася, што зьмены спросьцяць атрыманьне дазволу на працу. Зварот па дазвол на працу іншаземцу цяпер могуць апрацаваць цягам аднаго дня ня толькі праз старасту ваяводзтва, але і праз старасту павету. Інфармацыю, якую трэба падаць у звароце, маюць скараціць да мінімуму. Зьбіраюцца і зьменшыць штрафы за працу без дазволу.
Чакаюцца таксама зьмены ў законах, што датычаць лекараў-іншаземцаў. Яны дазволяць у тым ліку і дактарам зь Беларусі прасьцей знаходзіць працу ў Польшчы.