Лінкі ўнівэрсальнага доступу

20 нечаканых фактаў пра ахвяру Сталіна — крытыка і філёзафа Ўладзімера Самойлу


Карціна «Уладзімер Самойла» Анатоля Крывенкі, фрагмэнт. ДВП, алей. 2003
Карціна «Уладзімер Самойла» Анатоля Крывенкі, фрагмэнт. ДВП, алей. 2003

Легендарны крытык, бліскучы публіцыст, літаратуразнаўца і філёзаф, менавіта ён пачаў актыўна прапагандаваць творчасьць Янкі Купалы.

Уладзімер Самойла
Уладзімер Самойла

У міжваеннай Вільні сябраваў як з нацыянальна арыентаванымі беларусамі, так і з расейскімі манархістамі, палякамі і габрэямі, а таму пісаў свае палемічныя артыкулы пад шматлікімі псэўданімамі, бо не хацеў нікога пакрыўдзіць. Стамляўся ад бясконцых звадак сярод беларусаў і ў сваіх творах заклікаў іх да міру, унутранай свабоды, лёгкасьці ў думках, артыстычнай упэўненасьці ў дзеяньнях і такому неабходнаму аптымізму.

Арыштаваны савецкімі карнымі органамі ў кастрычніку 1939 году ў ліку іншых заходнебеларускіх дзеячаў. Этапаваны ў Менск (?), расстраляны.

Сёньня 140 гадоў з нараджэньня Ўладзімера Самойлы.

1. Першы сярод крытыкаў, хто надаў гістарычнае значэньне выхаду ў сьвет дэбютнага зборніка Янкі Купалы «Жалейка»

Вокладка першай кнігі Янкі Купалы. 1908 год
Вокладка першай кнігі Янкі Купалы. 1908 год

«Мы прысутнічаем пры гістарычнай падзеі надзвычайнай для краю важнасьці. Беларуская песьня з вобласьці этнаграфіі пераходзіць у вобласьць літаратуры; беларускі народ з аб'екту фальклярыстычнага вывучэньня становіцца суб'ектам нацыянальнай самасьвядомасьці. І «Жалейка» Янука Купалы — аўдзін зь несумнеўных доказаў гэтага факту» («Вялікае сьвята „Жалейка“ Янука Купалы». „Минский курьер». 1908, № 113).

2. Быў непасьлядоўны ў сваім стаўленьні да беларускай мовы

У адной з рэцэнзій на «Жалейку» знаходзім: «З сапраўды грубай і неапрацаванай беларускай мовы паэт [Янка Купала], які выхаваны і выпрацаваў свой верш на найлепшых узорах расейскай і польскай паэзіі, робіць проста цуды» (Вялікае свята „Жалейка“ Янука Купалы. // «Минский курьер». 1908, № 113). У іншым тэксьце, прысьвечаным гэтаму зборніку, чытаем: «Да недаўняго часу за беларускаю моваю ніхто з нас не прызнаваў права на сваё асобнае жыцьцё, яе высьмейвалі, называлі «дубоваю», «хамскаю»; ёй адводзілася самае незавіднае мейсцо...» (Владак з Казіміроўкі. «„Жалейка“ – песьні Янука Купалы». «Наша Ніва». 1908, № 17).

3. Упікаў Янку Купалу за гультайства

«Паміж намі кажучы, Купала як сапраўдны паэт гультаяваты і больш верыць у натхненьне, чым у працу. Гэтую веру трэба ў ім аздаравіць — якраз настолькі, каб не забіць натхненьне. /.../ У Вільні [у яго] з рэдакцыяй было не зусім добра і складна. Ён /.../ ленаваўся, яго недаацэньвалі» (Ліст да Б. Эпімаха-Шыпілы. 2.12.1909. / Уладзімір Самойла. «Выбранае». 2017).

4. Абражаўся, калі казалі, што беларусы п’юць столькі ж, колькі і палякі

«А вось у № 1 беларускага ковескага «Крывіча» вядомы беларускі дзеяч, наймілейшы пан Душэўскі, ня толькі ня сумуе з прычыны таго, што Беларускі народ п'ець сваю «нацыянальную» гарэлку, але пацяшае тых, хто сумуе, кажучы, што беларусы п'юць толькі гэтулькі, як і... палякі! /.../ можам толькі зьвярнуць паважанаму «правадыру Беларускага народу» ўвагу на тое, што «алькагольны» оптымізм яго, так сказаць, някрытычнага тыпу, і што яго адзінка мераньня, яго «норма цьвярозасьці» для беларуса, выбрана ім, мякка выражаючыся, няўдачна... /.../ той беларускі правадыр, што дазваляе народу «піць гэтулькі-ж, сколькі пьюць палякі», і той «запраўдны правадыр Беларускага народу», што, паводле рэцэпту пана Душэўскага, заховывае ў «усеславянскім» мэтадзе «парытэт» з калегай-палякам, зьяўляюцца /.../ горшымі ворагамі Беларускага народу, чым які-хоч эндэк-жываед, чым нават сам обэр-жываед над жываедамі – пан Владыслав Студніцкі!..» (Суліма. «Гэтым пераможаш! Нарысы крытычнага аптымізму». «Заходняя Беларусь». Вільня. Кн. 1. 1924).

5. Марыў, каб беларускія пісьменьнікі вызвалілі сваю творчасьць ад нацыянальных путаў

«Язэп Нарцызаў [псеўданім Язэпа Драздовіча. – В. Дэ Эм] /.../ робіць спробу «экспэрымэнтальнага романа» /.../, які мае заданьнем /.../ даць чытачу папросту мастацка-цікаўнае, займаючае апавяданьне. Трэба зусім выразна адзначыць, што гэтае вызваленьне мастацкай творчасьці з усякіх путаў, гэтая спроба поўнай незалежнасьці яе ад усякай тэндэнцыі – сацыяльнай ці палітычнай, ці нават нацыянальнай – як гэта не пакажацца дзіўным, а для каго можа няпрыемным, зьяўляецца новым, вельмі важным і дадатным крокам уперад на шляху разьвіцьця нашай літаратуры. /.../ На гэткі «экспэрымэнт» дапраўды-ж яшчэ не адважыўся аніводны са скромных беларускіх пісьменьнікаў» (Суліма. «З «гаспадарства кветак васілька і пралескі» на заваяваньня места». «Змаганьне». 1923, № 1).

Язэп Драздовіч. Аўтапартрэт. 1943 год
Язэп Драздовіч. Аўтапартрэт. 1943 год

6. Замілоўваўся рахманасьцю і апалітычнасьцю Язэпа Драздовіча

«Патрыярхальная заможнасьць быту, спакойны і радасны лад, якія панавалі ў яго [Драздовіча] пасьпешна-працоўнай сям'і, далі магчымасьць разьвіцца ў ім тэй сьветлай і бяззлобнай апалітычнасьці, якая састаўляе галоўную асаблівасьць аўтара, якая, трэба прызнаць, настолькі рэдкае зьявішча ў нашыя дні, што запраўды робіць з гэтай новай птушкі, заляцеўшай на беларускі Парнас, – запраўднага «белага крука» (Суліма. «З «гаспадарства кветак васілька і пралескі» на заваяваньня места». «Змаганьне». 1923, № 1).

7. Лічыў, што займацца палітыкай у таталітарнай дзяржаве – шкодная рэч

Вокладка брашуры аўтарства Ўладзімера Самойлы «Праф. Здьзехоўскі аб беларускай душы». Вільня, 1924 год
Вокладка брашуры аўтарства Ўладзімера Самойлы «Праф. Здьзехоўскі аб беларускай душы». Вільня, 1924 год

«Кожнаму ясна, што наагул усякая палітычная дзеяльнасьць беларускага грамадзянства ў варунках, ня створаных свабодна народам для сябе, як для самамэты, але якраз наадварот – створаных для яго ў мэтах таго палітычнага арганізму, у які папала тая ці іншая частка беларускага грамадзянства, – наагул вельмі небясьпечна і часта можа прынясьці вялікую шкоду для суцэльна-нацыянальнага жыцьця і яго разьвіцьця як адзінага арганічнага цэлага... Для таго наагул ніколі не трэба зашмат захоплівацца палітычным дзействам «у чужой хаце», бо нават пачаўшы з найбезадказьнейшай опозыцыі, акурат дойдзеш да «ўгоды». /.../ Культурна-эканамічнасьць, незалежнасьць грамадзянства /.../ і культурна-нацыянальная непадзельнасьць /.../ – вось тое, чаго можна /.../ дасягаць самымі мірнымі і нармальнымі мэтадамі – пры ўсялякіх варунках, як гэта відаць з прыкладу жыдоў...» (Суліма. «Крывіч». Месячнік літаратуры, культуры і грамадзкага жыцьця. Пад рэд. В. Ластоўскага і К. Дуж-Душэўскага. №№ 1–6.«Голас Беларуса». 1924, № 2).

8. У міжваеннай Вільні займаўся ўлагоджваньнем канфліктаў сярод розных беларускіх груповак

«...Я ўсьцяж рабіў, насколькі ў мяне хапала сілы, – усе высілкі, каб лагодзіць усё ўзрастаючуюся, усьцяж шалеючую варожасьць паміж раскалоўшымі грамадзянства групамі, стаўшыся амаль не «фаховым» разьемным судзьдзёй у лічных справах іх павадыроў, выступаючы аднолькава як паўнамоцнік то тэй, то гэтай стараны...» (Пісьмо ў рэдакцыю. «Наша праца». 1927, № 7).

9. Лічыў, што для панурых беларусаў проста неабходна пачаць чытаць лекцыі «крытычнага аптымізму»

Вокладка зборніка, прысьвечанага Янку Купалу, дзе зьявіўся адзін з першых грунтоўных артыкулаў пра Ўладзімера Самойлу аўтарства Сьцяпана Александровіча. 1981 г.
Вокладка зборніка, прысьвечанага Янку Купалу, дзе зьявіўся адзін з першых грунтоўных артыкулаў пра Ўладзімера Самойлу аўтарства Сьцяпана Александровіча. 1981 г.

«...Для народу, як народ беларускі, пазбаўленага неабходнае для духова-біялягічнае раўнавагі, для ўдачы ў жыцьцёвай барацьбе, дозы жыцьцёвага оптымізму, – для такога народу /.../ неабходны, калі можна так сказаць, лекцыі сьвядомага, крытычнага оптымізму. Гэтыя лекцыі оптымізму, крытычна абаснаванага ўласнаю маральнаю актыўнасьцяй народу, спраўджаныя на вяршынах навукова-філязофскае мысьлі і на дасьледах другіх народаў /.../ памогуць уваскрасіць і адрадзіць у беларуса вякамі тушаную ў ім, але вечна тлеючую ў кожным жывым стварэньні іскру жыцьцярадаснага оптымізму, без якога нямашака ні магчымасьці, ні сэнсу ані жыць, ані перамагаць...» (Суліма. «Гэтым пераможаш! Нарысы крытычнага аптымізму». «Заходняя Беларусь». Вільня. Кн. 1. 1924).

10. Папярэджваў беларусаў, што, калі яны стануць незалежнымі, але застануцца духоўнымі гультаямі, страцяць сваю дзяржаўнасьць

Вокладка брашуры У. Самойлы «Які «Самаўрад» гатуе Беларускаму народу Польская рэспубліка?» Вільня, 1924 год
Вокладка брашуры У. Самойлы «Які «Самаўрад» гатуе Беларускаму народу Польская рэспубліка?» Вільня, 1924 год

«Як толькі народ, нават той, які мае так званую «сувэрэннасьць», пачынае адставаць, духова абленівацца, як толькі ён губляе свою творчую, працоўную актыўнасьць, – дык ураз-жа пачынае губляць часткамі сьпярша фактычную, а пасьля і юрыдычную «ўласнасьць» нават на сваю ўласную дзяржаву... Яго тэрыторыя, яго натуральныя багацьці пераходзяць да дужэйшых канкурэнтаў, якія маюць вышэйшую духовую актыўнасьць і ўлажылі ў яго зямлю капітал сваёй энэргіі. Народ пападае перш у эканамічнае, а пасьля і ў палітычнае рабства ў народаў з вышэйшай актыўнасьцяй... І гэтага закону ня спыніш, ня зьменіш ніякімі «пунктамі Вільсона», не затрымаеш нат прызнанымі «deiure» граніцамі». (Суліма. «Гэтым пераможаш! Нарысы крытычнага аптымізму». «Заходняя Беларусь». Вільня. Кн. 1. 1924)

11. Крытыкаваў артыкулы польскай Канстытуцыі, прысьвечаныя выбарам

«У арт. 2 чытаем: «/.../ выбаршчык мае права яшчэ на дадатковы голас, калі адпавядае наступным варункам: 1) калі мае ня менш 4 законных дзяцей; 2) калі зьяўляецца дзяржаўным ці самаўрадавым урадоўцам; 3) калі служыў у часе вайны ў польскім войску, або зьяўляецца старым польскім ваякай (ветэранам) з часоў паўстаньня, або страціў у польскім-жа войску супруга, сына ці дачку...»; 4) калі ўмее пісаць і чытаць папольску /.../ Як ведама, адвечны жыхар-беларус: 1) ня прымаецца нікуды на службу; 2) не ваяваў у часе расейска-польскай вайны, хаця-ж-бы дзеля таго, што тадый йшчэ Антанта забараняла Польшчы набіраць тутака жаўнераў; 3) не залічаны да ветэранаў і, як агульнае правіла, ня ўмее ані чытаць, ані тым болей пісаць папольску...» (Суліма. «Які «Самаўрад» гатуе беларускаму народу польская рэспубліка?» Вільня, 1924).

12. Лічыў, што непрыхільнае стаўленьне польскай дзяржавы да беларусаў робіць яе ворагам уласнаму народу

«Польскае грамадзянства – Сойм, урад, прэса – заняўшы варожае становішча адносна беларускага народу, тым самым – з няўхільнай законамернасьцю на нашых вачох робіцца і ворагам самога сябе і свайго народу, ператвараючы сваю «Дэмакратычную рэспубліку» ў запраўднае паліцэйскае гаспадарства...» (Суліма. «Які «Самаўрад» гатуе беларускаму народу польская рэспубліка?» Вільня, 1924).​

13. Сябраваў з многімі сьвятарамі (Адамам Станкевічам, Уладзіславам Талочкам), але ў сваіх артыкулах заклікаў ня верыць служкам Божым

Ксёндз Адам Станкевіч. 1920-я гг
Ксёндз Адам Станкевіч. 1920-я гг

«У Пачатку /.../ было слова /.../, і слова гэтае імкнулася да Бога, і само гэтае Слова сталася Богам». Так кажа асабліва любімая славянству Эвангелія паводле Яна. Гэтае гатовае, але блага зразумелае Слова і падхапілі бюракраты-свяшчэньнікі і тупа-трусьлівыя маралісты і – падзялілі ўсенькі сьвет на драбнюсенькія кусочкі, разграфілі ўсенькае жыцьцё на клетачкі дабра і зла... І вось гэная мэханічная мешаніна доўга астаецца ў нашых душах, аберненых тымі благімі вучыцелямі жыцьця ў нейкія бюракратычна-царкоўныя судзіны, каб пераховываць іх душу ў «вечна непарушным» стане, у «нязьменным» відзе. І кожны з нас, каб стацца запраўды жывым чалавекам, запраўды «актыўным хрысьціянінам», павінен сам, сваёй уласнай істотай, перажыць /.../ запраўдную духовую рэвалюцыю... Быццам полымя агорне ўсю душу, і водблескам ад яе асьвеціцца ўсенькі сьвет... І зробімся мы – як багі, запраўды спазнаўшы дабро і зло, а ня гэныя «словы», ня гэныя «кусочкі», на якія іх пабілі...» (Суліма. «Гэтым пераможаш! Нарысы крытычнага аптымізму». «Заходняя Беларусь». Вільня. Кн. 1. 1924).

14. Быў праціўнікам рэвалюцый

«Ці трэба давадзіць, што Рэвалюцыя – /.../ самы неэканомны з кожнага пагляду мэтад вызваленьня, нават калі-б яна і вяла да мэты? Рэвалюцыя адзначаецца так-званай «інэрцыяй руху», яна шыбка губляе панаваньне над сабой і над сваёй «воляй зьніштажэньня», зараз ператвараецца ў сьляпую і глухую стыхію, што на сваёй дарозе зьніштажае нязвычайна многа гатовых цэннасьцей, якія маніцца справядліва падзяліць, – і ўсё гэта дзеля таго, каб у канцы дабіцца такіх сумліўных вынікаў – «волі і роўнасьці». Аб «брацтве» найбольш красамоўна гаварылі... набудаваныя на плошчах гільятыны! /.../ гэнае страшэннае самааграбленьне, якое робіць кожная рэвалюцыя, палючы цэлы дом, каб зьніштожыць засеўшага ў шчыліне клапа, ня можа вясьці да вызваленьня грамадзянства» (Суліма. «Гэтым пераможаш! Нарысы крытычнага аптымізму». «Заходняя Беларусь». Вільня. Кн. 1. 1924).

15. Пісаў з памылкамі па-беларуску. Яго правіў Антон Луцкевіч

Антон Луцкевіч. 1918 г
Антон Луцкевіч. 1918 г

«...Ён, як правіла гаварыў па-расейску, а калі пісаў свае публіцыстычныя й літаратурныя артыкулы /.../, дык патрабавалі яны грунтоўнай моўнай карэкты. /.../ На машынапісах Уладзімера Самойлы густа хадзіла карэктарскае пяро Антона Лукцевіча» (Ст. Станкевіч. «На 100-я ўгодкі Ўладзімера Самойлы». / Уладзімір Самойла. Мн., 2017).

16. Пісаў палымяныя артыкулы пра нацыянальную самасьвядомасьць, а дома выхоўваў сына пад польскім уплывам

«Дома гаварылі, як і ў многіх віленскіх сем'ях, па-польску і па-руску. Бацька не пярэчыў, каб яго сын выхоўваўся католікам» (Аляксандра Бергман. «Уладзімір Самойла-Суліма і беларускае пытаньне ў міжваеннай Польшчы». / Уладзімір Самойла. Мн. 2017).

Уладзімер Самойла, Францішак Аляхновіч, Антон Луцкевіч. 1930-я гг.
Уладзімер Самойла, Францішак Аляхновіч, Антон Луцкевіч. 1930-я гг.
Уладзімер Самойла і Антон Луцкевіч. 1930-я гг
Уладзімер Самойла і Антон Луцкевіч. 1930-я гг

17. Лічыў, што пры спрыяльных умовах палешукі маглі б стаць асобнай нацыяй

«Самойла сьцьвярджаў, што палешукі, нягледзячы на тое, што яны ўсё яшчэ знаходзяцца ў сфэры ўплыву некалькіх культур – рускай, украінскай, беларускай і польскай, не паддаюцца асыміляцыі. /.../ Палешукі застаюцца самімі сабой, а пры больш спрыяльных умовах, захаваўшы пры гэтым сваё нацыянальнае «я», перастануць быць «тутэйшымі» (Аляксандра Бергман. «Уладзімір Самойла-Суліма і беларускае пытаньне ў міжваеннай Польшчы». / Уладзімір Самойла. Мн. 2017).

18. Любоў мужчыны да мужчыны лічыў больш вартаснай, чым да жанчыны

«Любовь женщины – любовь слепая, распыляющая душу, творит чудеса, но эта любовь лишь будит «чудо», сияющее в поэте; любовь мужского духа, зрячая, просвещенная, собирает душу поэта чистейшим чувством дружбы и благодарности, делает из него истинного рыцаря духа без страха и упрека – героя не на час, а на всю жизнь» (Ліст да Б. Эпімаха-Шыпілы. 2.12.1909.Уладзімір Самойла. «Выбранае». 2017).

19. Сваёй ігрой на раялі прывабіў дзяўчыну, якая стала яго жонкай

«...Ён з асалодай іграў Шапэна. Яго ігра ўразіла маладую суседку, якая нядаўна пераехала ў гэты дом. Была гэта полька, вільнянка, мэдсястра віленскай лякарні Сафія Яніна Жылевіч. Розьніца ва ўзросьце была істотнай. Але высокі і зграбны, вельмі далікатны ў манэрах, цікавы ў гутарках сусед выйграў. Вясельле адбылося ў касьцёле, таму што нявеста паходзіла з каталіцкай сям'і /.../. Самойла быў праваслаўны, але як чалавек талерантны не пярэчыў. Як сьцьвярджае сп-ня Сафія Яніна, яны пражылі разам шчасьліва дваццаць гадоў» (Аляксандра Бергман. «Уладзімір Самойла-Суліма і беларускае пытанне ў міжваеннай Польшчы». / Уладзімір Самойла. Мн., 2017).

20. Хаваў ад уражлівай жонкі кепскія весткі з газэт і сачыў, каб не займалася цяжкой працай

«...Клапаціўся /.../, каб маці не займалася цяжкай работай. Калі ведаў, што ў газэце зьмешчана якая-небудзь прыкрая зьвестка, хаваў ад яе газэту, не даваў» (А. Бергман. «Размова з сынам Уладзіміра Самойлы». «Ніва». 1982. 26 сьнежня).

Вокладка кнігі «Уладзімір Самойла. Выбранае». 2017 г
Вокладка кнігі «Уладзімір Самойла. Выбранае». 2017 г

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG