Больш за дзесяць дзён не дапускаюць адваката да арыштаванай актывісткі «Групы 24» Шабнам Худайдодавай. Генпракуратура Беларусі не выдае спэцыяльнага дазволу на наведваньне падабароннай.
Актывістку з Таджыкістану ўтрымліваюць у сьледчым ізалятары Берасьця.
Як паведаміла сястра актывісткі Міжгона Худайдодава, адвакат ужо доўгі час ня можа трапіць да арыштаванай. Таму Шабнам Худайдодава знаходзіцца ў інфармацыйнай ізаляцыі, што прычыняе ёй маральныя пакуты, паведамляе spring96.org.
«Раней усе адвакаты для наведваньня сваіх падабаронных у СІЗА або ІЧУ атрымлівалі такія дазволы. Але больш за год таму гэтая практыка была адменена як незаконная. Чамусьці яна захавалася для наведваньня асобаў, якія ўтрымліваюцца ў рамках міжнародных канвэнцыяў.
Але праблема нават не ў атрыманьні дазволу. Больш сур’ёзная праблема ў тым, што орган, які вядзе працэс, не дае дазволу ці зацягвае з выдачай дазволу на наведваньне кліента ў СІЗА, як мы гэта назіраем у выпадку з Шабнам Худайдодавай. Міжнароднымі органамі ўтрыманьне пры такіх умовах прыраўноўваецца да катаваньняў», — сказаў юрыст-праваабаронца Раман Кісьляк.
Асацыяцыя «Правы чалавека ў Цэнтральнай Азіі» (AHRCA) выказвае занепакоенасьць у сувязі з тым, што Шабнам Худайдодава ў Беларусі ня мае доступу да абароны і адрэзаная ад зьнешняга сьвету, а такія ўмовы ўтрыманьня наносяць шкоду яе здароўю і параўнальныя з катаваньнямі.
У гэтай сувязі праваабарончая арганізацыя заклікае міжнародных назіральнікаў у галіне правоў чалавека запатрабаваць ад Беларусі выконваць абавязаньні ў межах Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах і Канвэнцыі ААН супраць катаваньняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжальных для годнасьці відаў абыходжаньня і пакараньня.
Апазыцыйная актывістка з Таджыкістану Шабнам Худайдодава затрымана на падставе міждзяржаўнага вышуку 12 чэрвеня на чыгуначнай станцыі Берасьце-Ўсходняе па падазрэньні ў экстрэмізьме. Яна зьмешчана ў СІЗА Берасьця. У выпадку, калі актывістку экстрадзіруюць зь Беларусі, на радзіме ёй пагражаюць катаваньні і зьняволеньне.
Асацыяцыя «Правы чалавека ў Цэнтральнай Азіі» (AHRCA) расцэньвае крымінальны перасьлед Худайдодавай як палітычна матываваны.