Сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі аштрафаваны на 40 базавых велічынь (840 рублёў) за ўдзел у мітынгу супраць фальсыфікацыі выбараў, што адбыўся 12 верасьня на Кастрычніцкай плошчы.
Суд Ленінскага раёну прызнаў Рымашэўскага вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.
«У гэтай справе яны прад’явілі адзін фатаздымак, дзе я на Плошчы 12 верасьня, і два сьведчаньні міліцыянтаў-амапаўцаў. Я лічу, што гэта факт палітычнага перасьледу, бо ні я, ні хто іншы грамадзкі парадак не парушаў, і гэта пацьвердзілі самі амапаўцы. Мяне фактычна судзяць толькі за лёзунг „Жыве Беларусь“. Я зьвярнуў увагу суду, наколькі гэта абсурдна», — сказаў Свабодзе палітык.