Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Раз Лукашэнка сказаў, што дэвальвацыі ня будзе — значыць, чакай бяды... »


У банках на Гарадзеншчыне валюты ў свабодным продажы няма — як і ў іншых рэгіёнах Беларусі. У абласным цэнтры людзі рыхтуюцца да дэвальвацыі. У раённых цэнтрах спакайней, але набыць валюту таксама немагчыма.

Праблемы з набыцьцём валюты ў Горадні пачаліся яшчэ ўчора: у абменьніках стаялі вялікія чэргі, набыць даляры ды эўра можна было толькі пасьля таго, як іх нехта здаваў. Праўда, ахвотных на гэта было няшмат. Сёньня раніцай чэргі перад абменьнікамі займалі ўжо а 8-й раніцы, за гадзіну да іх адкрыцьця. Банкі, пабачыўшы сытуацыю, паднялі курс валют на 500-700 рублёў, але гэта ўжо сытуацыю не ратавала — валюты ў свабодным продажы не было.

У раённых гарадах яшчэ нават сёньня раніцай можна было набыць валюту, але празь некалькі гадзінаў пасьля адкрыцьця абменьнікаў сытуацыя зьмянілася: зьявіліся чэргі, і валюту можна набыць толькі пасьля таго, як яе нехта здае.

Спадар Леанід у Слоніме абышоў некалькі банкаў, але набыць даляры ня здолеў: паўсюль, паводле яго, трэба чакаць, калі нехта здасьць, але на гэта можа спатрэбіцца і цэлы дзень. У чарзе, паводле спадара Леаніда, людзі кажуць, што сытуацыя стала падобнай да той, якая была ў 2011 годзе:

«Людзей шмат у абменьніках, стаяць, чакаюць. З раніцы ў адным банку сказалі, нібыта ёсьць валюта, а потым аб’явілі, што атрымалі нейкі ліст, і перасталі прадаваць. У другім банку трохі было з раніцы: пару чалавек купілі — і на гэтым усё. А цяпер чэргі паўсюль вялікія. Людзі чакаюць скачка даляра і кажуць, што час бегчы ў краму і набываць лядоўні і тэлевізары».

Людзі чакаюць скачка даляра і кажуць, што час бегчы ў краму і набываць лядоўні і тэлевізары

Спадарыня Алена з Наваградку кажа, што людзі забегалі сёньня з раніцы па абменьніках, але ўжо безвынікова. Кажа, што пакуль лаянкі не чуваць, а толькі жарты, бо людзі ўжо прызвычаіліся да падобных сытуацый:

«Валюткі ў абменьніках сёньня няма нідзе. Але, ведаеце, нашы наваградзкія людзі вельмі разважлівыя і кажуць, што калі „Бацька“ ўчора сказаў, што дэвальвацыі ня будзе, то трэба раніцай чакаць сюрпрызаў. А ўчора ж было сказана: дэвальвацыі ня будзе. Але калі ўжо такое ідзе зьверху, то ясна, што дэвальвацыя абавязкова будзе».

У Мастах, паводле спадара Андрэя, валюту пачалі скупляць значна раней, бо вельмі многія кінуліся ў Расею па танныя машыны і бытавую тэхніку. А сёньня раніцай у абменьніках сытуацыя такая, як і паўсюль:

«Канечне, усе чакаюць, што курс беларускага рубля пойдзе ўсьлед за расейскім, гэта значыць, будзе дэвальвацыя. Людзі, вядома, пра саму дэвальвацыю ня кажуць, але тое, што курс зьнізіцца, — усе ўпэўненыя. Абменьнікі перапоўненыя, людзі стаяць і чакаюць валюты. Я мяркую, што будзе альбо раптоўная, альбо плаўная дэвальвацыя, хаця з вопыту — то беларускія ўлады схільныя да раптоўнай».

Спадар Юры зь Вялікай Бераставіцы расказвае, што многія, асабліва пэнсіянэры, не зважаюць на тое, што адбываецца ў абменьніках. Але багата хто думае, што зьнікненьне валюты наўпрост зьвязана з падзеямі ў Расеі:

«Ну што, людзі кажуць: будзем чакаць яшчэ большага падзеньня беларускага рубля, а там і падаражаньня харчоў, нафтапрадуктаў... Карацей, нічога добрага тут ніхто не чакае».

Паводле афіцыйнай інфармацыі, у апошнія дні ў вобласьці павялічыўся попыт на спажывецкія крэдыты. Мясцовыя СМІ сьцьвярджаюць, што на гэта паўплывалі чуткі пра рэзкую дэвальвацыю беларускага рубля. Таксама паведамляецца, што ў банках заўважна ўзрасла колькасьць валютных укладаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG