Дакумэнт пад назвай «Папярэдні разгляд магчымых пагроз у 2017 годзе» апублікаваны на сайце рады. У ягонай аснове вынікі апытаньня каля 500 урадавых чыноўнікаў і экспэртаў па замежнай палітыцы.
На думку экспэртаў, верагоднасьць «наўмыснай або выпадковай» ваеннай канфрантацыі Масквы і краінаў NATO праз агрэсіўныя паводзіны Расеі ва Ўсходняй Еўропе сярэдняя, аднак наступствы будуць надзвычай цяжкімі.
Іншая сур'ёзная пагроза надыходзячага году, на думку экспэртаў, — магчымы ядзерны крызіс у Паўночнай Карэі. Верагоднасьць такога сцэнару вялікая, аднак наступствы менш сур'ёзныя для Вашынгтону, лічаць экспэрты.
Таксама ў сьпісе магчымых пагроз правядзеньне «разбуральнай кібэратакі» на жыцьцёва важныя аб'екты амэрыканскай інфраструктуры. А таксама верагоднасьць тэракту зь вялікай колькасьцю ахвяраў на тэрыторыі ЗША або іх саюзьнікаў.
У катэгорыю пагроз, уплыў якіх лічыцца «умераным», а пэрспэктыва ўзьнікненьня «высокай», увайшлі палітычная нестабільнасьць у Аўганістане, рост гвалту ў канфлікце паміж Турцыяй і курдамі і эскаляцыя грамадзянскай вайны ў Сырыі.
Гэта ўжо дзявятае падобнае дасьледаваньне, падрыхтаванае Радай міжнародных зносін, якая зьяўляецца адной з найбуйнейшых у ЗША прыватных аналітычных кампаніяў.