Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гішпанскі суд выклікаў кіраўніцтва Каталёніі на допыты. Прэзыдэнт аўтаноміі ў Брусэлі


Карлэс Пудждэмон, архіўнае фота
Карлэс Пудждэмон, архіўнае фота

Нацыянальны суд Гішпаніі — адмысловы судовы орган, які разглядае, у прыватнасьці, справы асабліва сур’ёзных злачынстваў, — выдаў позвы на допыты адхіленых ад пасадаў прэзыдэнта Каталёніі Карлэса Пудждэмона і 13 чальцоў ягонага ўраду.

Палітыкаў выклікалі даць паказаньні на 2 і 3 лістапада. Суд у Мадрыдзе пачынае разглядаць абвінавачаньні супраць былых рэгіянальных службоўцаў у мяцяжы, падбухторваньні да мяцяжу і растраце дзяржаўных або грамадзкіх сродкаў у сувязі зь іхнымі дзеяньнямі вакол рэфэрэндуму аб незалежнасьці Каталёніі і далейшага самавольнага абвяшчэньня гэтай незалежнасьці.

А яны ў Бэльгіі

Сам Карлэс Пудждэмон цяпер знаходзіцца ў сталіцы Бэльгіі Брусэлі, дзе таксама працуе пераважная большасьць установаў Эўрапейскага зьвязу.

З Брусэлю заявіў, што пагадзіўся з правядзеньнем пазачарговых выбараў у Каталёніі, прызначаных цэнтральным урадам Гішпаніі на 21 сьнежня, і ня будзе зьвяртацца па палітычны прытулак у Бэльгію, заканадаўства якой не выключае такой магчымасьці і для грамадзянаў краінаў Эўразьвязу.

«Хочам зьвярнуць увагу на рашэньне каталёнцаў і на наша права на самавызначэньне»
Карлэс Пудждэмон у Брусэлі

Паводле яго, частка чальцоў яго ўраду разам зь ім самім (пры гэтым Пудждэмон назваў сябе «легітымным прэзыдэнтам» Каталёніі) прыбылі ў Брусэль, каб «зьвярнуць увагу на рашэньне каталёнцаў і на іхнае права на самавызначэньне», «асьвятліць каталёнскія праблемы ў інстытуцыйным цэнтры Эўропы і асудзіць палітызацыю гішпанскага суду, адсутнасьць бесстароннасьці і жаданьне перасьледаваць ідэі, а не злачынства, а таксама паказаць сьвету сурʼёзныя дэмакратычныя недахопы, якія існуюць у цяперашні час у Гішпаніі».

Пудждэмон таксама сказаў, што не спрабаваў пазьбегнуць правасудзьдзя пасьля таго, як дзяржаўны пракурор Гішпаніі рэкамэндаваў выставіць яму абвінавачаньне ў мяцяжы. Ён не ўдакладніў, як доўга будзе заставацца ў Бэльгіі, дадаўшы, што вернецца ў Каталёнію, калі атрымае «гарантыі» ад гішпанскіх уладаў (Пудждэмону пагражае турэмны тэрмін у тым выпадку, калі ён адмовіцца складаць свае паўнамоцтвы).

Галоўная незалежніцкая партыя Каталёніі гатовая ісьці на выбары, абвешчаныя Мадрыдам

27 кастрычніка ўрад Гішпаніі пастанавіў распусьціць рэгіянальны парлямэнт Каталёніі і прызначыць выбары яго новага складу на 21 сьнежня, а таксама вызваліць ад пасадаў чальцоў рэгіянальнай улады Каталёніі і прызначыць на гэтыя месцы верных Мадрыду чыноўнікаў. Такую магчымасьць прадугледжвае артыкул 155 Канстытуцыі Гішпаніі ў дачыненьні рэгіёну краіны, які парушае законы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG