Кіраўніца Адміністрацыі прэзыдэнта Натальля Качанава сёньня прымала грамадзянаў у Першамайскім раёне Менску.
У сьпіс на прыём трапілі 25 асобаў, аднак людзей прыйшло нашмат больш. А палове на восьмую раніцы каля раённай адміністрацыі ўжо сабралася чарга.
«Агулам прыйшло больш за сотню чалавек, якія імкнуліся данесьці да кіраўніцы прэзыдэнцкай адміністрацыі праблемы, што засталіся нявырашанымі на ўзроўні адміністрацый раёнаў і гарадоў, — сказала Свабодзе зь месца падзеі праваабаронца Тамара Сяргей. — Людзі заставаліся ў будынку — на лесьвічных пляцоўках, у калідорах, каля кабінэтаў — цягам усяго дня. Некаторым станавілася блага, і яны сыходзілі».
Паводле праваабаронцы, да вечара «па-за сьпісам» засталося каля 20 чалавек. Натальля Качанава ўсё ж прысьвяціла ім па некалькі хвілін.