Выдавецтва «Янушкевіч» рэклямуе кнігу як сапраўдную сэнсацыю на беларускім рынку. Яна пабачыць сьвет у ліпені, але ў інтэрвію Свабодзе аўтар пагадзіўся ўжо цяпер распавесьці пра многія пікантныя дэталі сэксуальнага жыцьця ў БССР. Сам Аляксандар Гужалоўскі кажа, што яго кніга не пра сэкс і не пра каханьне. «Гэта кніга пра імкненьне чалавека да асабістай свабоды, якім было прасякнутае ўсё ХХ стагодзьдзе», — гаворыць гісторык.
Савецкі саюз — радзіма «сэксуальнай рэвалюцыі»
Тэрмін «сэксуальная рэвалюцыя» прыдумаў вучань Зыгмунда Фройда, аўстраамэрыканскі псыхоляг камуніст Вільгельм Райх. Ён быў прыхільнікам савецкага ладу і ня раз бываў у краіне саветаў. Пабачыўшы сэксуальнае разьняволеньне, якое там панавала, ён распрацаваў канцэпцыю «сэксуальнай рэвалюцыі».
Зьмены маралі ў Беларусі пачаліся яшчэ ў другой палове XIX стагодзьдзя. Фармаваліся новыя дачыненьні, пачалася міграцыя, разбуралася традыцыйныя сялянская грамада і сямейныя адносіны. Але апошні цьвік у мараль забілі бальшавікі. Для іх гэта было элемэнтам стварэньня новага чалавека. Першай ахвярай стаў традыцыйны шлюб.
Тое, што Захад увёў у XXI стагодзьдзі, беларусы мелі 100 гадоў таму
У 1848 годзе клясыкі марксізму пісалі, што «ў рэальнасьці буржуазны шлюб зьяўляецца агульнасьцю жонак. Камуністаў можна было б упікнуць хіба ў тым, нібыта яны хочуць паставіць адкрытую агульнасьць жонак замест крывадушна прыхаванай».
Кодэкс законаў аб шлюбе, прыняты 27 студзеня 1927 году, увёў незарэгістраваны шлюб у заканадаўчае поле. Зьявіўся тэрмін «фактычны шлюб», які сёньня мы называем грамадзянскім шлюбам. Колькасьць традыцыйных законных шлюбаў у Беларусі увесь час скарачалася. У 1923 годзе іх было 50 тысяч, праз год іх колькасьць зьменшылася да 44 тысяч.
«Старшыня жаночага аддзелу ЦК КПБ Марыя Муратава ў 1926 годзе заявіла, што фактычным шлюбам у Беларусі жылі ўжо больш 100 тысяч чалавек. Гэта людзі, якія сьвядома адмовіліся ад ЗАГСу і царквы», — апавядае Аляксандар Гужалоўскі.
Сярод зорных партнэраў фактычных шлюбаў у 1920-я гады была, напрыклад, акторка Стэфанія Станюта. Яе першым партнэрам быў актор 2-га Беларускага драматычнага тэатру ў Віцебску Васіль Рагавенка. Заснавальніца Нацыянальнага мастацкага музэю Алена Аладава з канца 1920-х і ўсе 30-я гады жыла зь вядомым кампазытарам, рэктарам кансэрваторыі Мікалаем Аладавым. Фактычным шлюбам з Рэвэкай Сьвераноўскай жыў пісьменьнік Кузьма Чорны.
«І самая зорная пара — гэта старшыня Савету народных камісараў Язэп Адамовіч. Ягонай партнэркай была Соф’я Шамардзіна. Я ёй прысьвяціў цэлы разьдзел пад назвай „Валькірыя рэвалюцыі“, бо яна была адной з галоўных правадніцаў ідэяў сэксуальнай рэвалюцыі ў БССР. — кажа гісторык. — Пэўны час яна была старшынёй жаночага аддзелу ЦК КПБ. Доўгі час Шамардзіна зьяўлялася старшынёй Галоўпалітасьветы. Гэтая пара займала ў Беларусі пасады абсалютна ідэнтычныя тым, што займалі Ленін і Крупская ў Маскве». Зламаць сэксуальна-інтымную сфэру камуністы намагаліся ўплывам на моладзь і жанчын. Каб разбурыць традыцыйныя парадкі, яны вырывалі іх зь сем’яў, дзейнічалі праз камсамол.
Аборт як прыкмета жаночай свабоды
Вольныя сэксуальныя адносіны 1920-х гадоў ва ўмовах адсутнасьці кантрацэпцыі правакавалі вялікую колькасьць незаплянаваных цяжарнасьцяў. Вынікам гэтага стала неверагодная колькасьць абортаў.
«У 1927 годзе колькасьць абортаў амаль што наблізілася да колькасьці 48% ад колькасьці нараджэньняў. Гэта страшная лічба. У кожным павятовым і раённым цэнтры існавала аборткамісія. Такая сытуацыя прыводзіла і да вялікай колькасьці забойстваў немаўлят. Забівалі і маці, і бацька. Гэта была вельмі распаўсюджаная зьява. Жанчына ня мела магчымасьці вырасьціць дзіця, а бацька імкнуўся пазьбегнуць алімэнтаў», — кажа Гужалоўскі.
Цяжарных не спыняла і тое, што аборты былі платныя. Бясплатнымі абортамі маглі скарыстацца толькі чальцы прафсаюзаў і жонкі рабочых. Для непрацоўнага элемэнту ды інтэлігенцыі аборты былі вельмі дарагой паслугай.
«Для савецкіх фэміністак аборт быў адной з прыкметаў жаночай свабоды. Яны казалі, што жанчына — гэта не радзільная машына і што яна мае права на выбар, які ў буржуазным грамадзтве быў немагчымы.
Прастытуцыя была нармальнай часткай ляндшафту беларускага гораду
Ніякага пакараньня за прастытуцыю ў першае дзесяцігодзьдзе Савецкай Беларусі не было. Прастытуцыя ня ўзгадвалася і ў Крымінальным кодэксе. Існаваў толькі артыкул за арганізацыю падпольных бардэляў і за ўцягваньне ў прастытуцыю непаўналетніх.
«З прастытуткамі маглі праводзіць прафіляктычныя размовы і ня больш за тое. Часам ім прапаноўвалі прафілякторыю для прастытутак. Яна працавала на вуліцы Камуністычнай у Менску. Там іх сацыялізавалі, давалі працу, вучылі чытаньню ці ручной працы», — распавядае гісторык.
У 1920-я гады заснавальнік беларускай сацыялёгіі Сямён Вальфсон у адным са сваіх выступаў назваў лічбу бардэяляў у БССР — 446. І гэта толькі раскрытыя бардэлі. У 1927 годзе ў Гомлі іх было выкрыта 120. Працавалі ў бардэлях пераважна вясковыя дзяўчаты, якія не змаглі знайсьці сабе працу ў горадзе.
«У Менску прастытутка зарабляла каля 100 рублёў. Сярэдняя цана адной паслугі ў Менску была каля 40-50 капеек. Гэта была вельмі танная паслуга. Ёю маглі карыстацца нават студэнты БДУ. Я сустракаў студэнцкія сацыялягічныя анкеты, і яны спакойна там пісалі, што карыстаюцца паслугамі прастытутак. Прастытутка ў 1920-я гады была абсалютна нармальнай часткай ляндшафту беларускага гораду», — дадае Гужалоўскі.
Вэнэрычныя дыспансэры былі перапоўненыя
Лекары білі ва ўсе званы. У Менскім вэнэралягічным дыспансэры ў 1925 годзе колькасьць жанатых мужчынаў складала 44%, а замужніх жанчын — 64%.
Паводле Гужалоўскага, гэта сьведчыць, што сямейны статус ня стрымліваў людзей ад пазасямейных сэксуальных кантактаў. 59% усіх пацыентаў-мужчын дыспансэру заразіліся ад знаёмых і толькі 34% — ад прастытутак. І гэта пры ўсёй даступнасьці прастытутак.
Цікава, што ў дыспансэрах тады фіксавалася этнічная прыналежнасьць. Напрыклад, у 1927 годзе 50% з апытаных прастытутак ідэнтыфікавалі сябе як беларускі, 27,8% — як габрэйкі, 5,2% — як полькі, столькі ж было расеек, і 11,8% назвалі сябе прадстаўніцамі іншых нацыянальсьцяў.
Ці была сямейная здрада ў БССР нормай? За такое пытаньне, тлумачыць гісторык, у савецкай Беларусі маглі б назваць нэпманам, буржуем і мешчанінам.
«Сямейная здрада было састарэлым паняцьцем. Маці савецкага фэмінізму Аляксандра Калантай называла адносіны паміж мужчынамі і жанчынамі „крылаты эрас“. Яна была супраць прастытуцыі і традыцыйнага шлюбу і выступала за „трэці шлях“, дзе каханьне сумяшчаецца з сяброўствам. Яна гэта называла „эратычным сяброўствам“ або „каханьнем-гульнёй“».
ЛГБТ БССР
У Крымінальным кодэксе БССР 1928 году не было артыкулу за гомасэксуалізм. Гэта не была тэма для абмеркаваньня. Такі артыкул зьявяўся ў сталінскі час, у сярэдзіне 1930-х гадоў.
«Было некалькі гучных разьбіральніцтваў у Беларускай вайсковай акрузе, калі ў гомасэксуальныя сувязі ўступалі вайскоўцы. Актыўныя палітрукі намагаліся гэта падвесьці пад трыбунал. Але да суду не даходзіла, бо гэта не было злачынствам. Каб замяць сытуацыю, вайскоўцаў адпраўлялі ў іншае месца службы», — кажа гісторык.
За грошы ў БССР можна было зьмяніць пол. Такія справы адкрыта абмяркоўваліся лекарамі на старонках беларускіх мэдыцынскіх часопісаў.
«Прэса ў БССР была лібэральная. Аднойчы там апісвалася гісторыя Наташы з Гомля. Яна прыйшла да лекара і сказала, што больш ня можа быць Наташай, і прасіла зрабіць зь яе Натоля. У дакумэнтах яна піша, што яе непераадольна цягне да дзяўчат, што прырода памылілася і, маўляў, маю мужчынскую натуру схавала за жаночай абалонкай», — цытуе Гужалоўскі адну са справаў аб зьмене полу.
Нягледзячы на цэнзуру, прэса шырока пісала на сэксуальную тэматыку. Зрэшты, Крымінальным кодэксам БССР не забаранялася і парнаграфія.
«Сэксульная рэвалюцыя» паядае сваіх дзяцей
1929 год стаў знакавым для савецкай дзяржавы. Гэта быў год «сталінскага пералому». Была згорнутая і беларусізацыя, і эканамічныя экспэрымэнты. Пачалася калектывізацыя і індустрыялізацыя.
«Дзеля гэтай фарсаванай мадэрнізацыі Сталіну былі патрэбныя людзі. А сэксуальныя экспэрымэнты 1920-х прывялі да рэзкага падзеньня нараджальнасьці. Патрэбная была чалавечая маса. Сталін прымусова разьвярнуў палітыку ў іншы бок. Камуністычная рытырока захавалася, але пачалі культывавацца сямейныя каштоўнасьці. І гэта працягвалася да пачатку перабудовы. Камуністы надалей будавалі новае грамадзтва, але ўжо без сэксуальных экспэрымэнтаў», — гаворыць Аляксандар Гужалоўскі.
Сымбалем савецкага беларускага фэмінізму і «сэксуальнай рэвалюцыі» гісторык называе Соф’ю Шамардзіну. Яна была першай жанчынай паэта Маякоўскага і зацяжарыла ад яго. Шамардзіна была дачкою менскага акцызнага чыноўніка. Пасьля заканчэньня менскай гімназіі яна паехала ў Пецярбург, там увайшла ў кола футурыстаў, дзе і пазнаёмілася з Маякоўскім. «Яна гэтыя старонкі сэксуальнай рэвалюцыі прапусьціла праз сваю біяграфію і лёс. Яна паказала, як можна жыць і кахаць па-новаму. Пасьля Маякоўскага яе партнэрам стаў старшыня Камітэту народных камісараў Беларусі Язэп Адамовіч. Гэта, аднак, не замінала ёй мець мноства эратычна-сяброўскіх прыгодаў».
Шамардзіна была старшынёй жанаддзела, езьдзіла зь лекцыямі і прамовамі для беларускіх жанчын, супраць сям’і і за «вызваленьне жанчын ад прыгнёту мужчын». Пасьля самагубства Адамовіча Шамардзіна апынулася ў ГУЛАГу і правяла там 10 гадоў. Жыцьцё яна скончыла ў Маскве, у прытулку для старых бальшавікоў. Памерла «маці беларускага савецкага фэмінізму» ў 1980 годзе, калі ў СССР пачалі напоўніцу адраджацца ідэі новай «сэксуальнай рэвалюцыі».