Насуперак даўняй завядзёнцы, сваю кнігу «Гняздо-2» пісьменьніца Паліна Качаткова (Сьцепаненка) вырашыла прадставіць чытачам не ў сталіцы і нават не ў абласным або раённым цэнтры.
Прэзэнтацыя прайшла ў вёсцы Стаўры Аршанскага раёну, на сядзібе сябра Паліны, тутэйшага актывіста Ігара Грышанава, вясковага старасты і заўзятага калекцыянэра мясцовых цікавінак.
Вядома ж, былі прапановы зладзіць прэзэнтацыю кнігі ў Менску, дзе-небудзь у кавярні, як гэта зазвычай робіцца. Але больш прывабнай падалася ідэя зрабіць гэта ў сяброўскай атмасфэры, па-хатняму, кажа аўтарка:
«Адмыслова хацелася зрабіць гэта на Аршаншчыне. Пра гэта мы гаварылі і з мясцовым дэмакратычным лідэрам Алесем Шутавым, які заўчасна пайшоў з жыцьця. Гаварылі нават пра тое, што з часам варта было б заснаваць нейкі нефармальны літаратурны фэстываль — тут, на зямлі Караткевіча. І ўвогуле, больш рабіць дзеля таго, каб ня толькі ў дамах культуры адбываліся культурніцкія зьявы. І няхай бы творы гучалі не дзесьці ў бібліятэках, а на вольным паветры, каб на гэтым вольным паветры гучала вольнае слова. Бо такога ў Беларусі дужа бракуе!»
Паліна Сьцепаненка — аршанка па нараджэньні, і на прэзэнтацыю ў Стаўры яна запрасіла і сваіх сябровак дзяцінства. У апавяданьнях з кнігі «Гняздо-2» шмат рэфлексіяў, звязаных з Воршай, зь дзіцячымі ўспамінамі… Потым давялося жыць у Магілёве, Гомелі, вучыцца і працаваць ў Менску.
На прэзэнтацыі невыпадкова апынуўся Міхась Скобла — літаратар, перакладчык, зь якім Паліна Сьцепаненка ў адзін час вучылася на філфаку БДУ. Спадар Міхась быў вядоўцам імпрэзы, на якой выступілі і старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Барыс Пятровіч, і праваабаронца Алесь Бяляцкі, у мінулым дырэктар музэя Максіма Багдановіча, і дырэктар выдавецтва «Галіяфы» Зьміцер Вішнёў.
Барыс Пятровіч, віншуючы аўтарку з выхадам новай кнігі, зазначыў, што гэта літаратура, «дзе словам цесна, а думкам прасторна», бо напісанае змушае чытача задумацца над тым, што хвалюе і пісьменьніцу. Алесь Бяляцкі, зь якім Паліна Сьцепаненка пазнаёмілася ў літаратурным аб’яднаньні «Тутэйшыя», таксама адзначыў ляканізм у творах аўтаркі, жаданьне сказаць ёміста і коратка пра самае важнае:
«Пісьменьніцкая праца ўвогуле вельмі цяжкая. Гэта паэт можа прысьніць верш ці з натхненьня яго напісаць за якія паўгадзіны. А празаік мусіць працаваць штодня, прычым беларуская пісьменьніцкая праца яшчэ цяжэйшая. Бо робіцца ня толькі дзеля творчай самарэалізацыі, а ў імя ідэі, на карысьць свайго народу, а гэта адымае дадатковыя душэўныя сілы».
Падчас прэзэнтацыі шмат гаварылася пра ўдзел творчых асобаў у «бягучай беларушчыне» – пра стварэньне мастацкіх твораў, якія з’яўляюцца адначасна і ўзорамі «прыўкраснага пісьменства», і літаратурай, прасякнутай патрыятызмам. Асабліва ў тых беларускіх майстроў, чыя творчая актыўнасьць прыпадае на пачатак 1990-х — на «шматспадзеўныя для Беларусі гады», паводле азначэньня Міхася Скоблы.
Дырэктар выдавецтва «Галіяфы» Зьміцер Вішнёў распавёў, што ў аснове дызайнэрскага рашэньня зборніку – карціна Сяргея Дзегцяронка, частка трыпціху «Гняздо-2», падораная Паліне Сьцепаненцы. А сэнс паняцьця «гняздо», на ягоную думку, — гэта месца, дзе назапашваецца будучыня, дзе зьяўляюцца на сьвет нашчадкі. Таму й кніга «Гняздо-2» – гэта месца, дзе сабраныя «яйкі», інакш кажучы, плён літаратурнай дзейнасьці, якая мусіць мець годны працяг і быць любімай чытачамі.
У зборнік увайшла аповесьць «Паэт», напісаная пра лёс Максіма Багдановіча. Паліну Сьцепаненку, да думку калег-літаратараў, можна лічыць сапраўднай дасьледчыцай жыцьця паэта – нездарма шмат гадоў было аддадзена працы ў музэі, створаным дзеля памяці Багдановіча і захаваньня сьведчаньняў пра ягонае жыцьцё.
Аднак ня меншай увагі заслугоўваюць і апавяданьні, сабраныя пад той жа вокладкай. Актывіст Таварыства беларускай мовы Юры Нагорны ў сваёй віншавальнай прамове згадаў адно зь іх:
«Мой сёньняшні настрой — як асацыяцыя з назовам апавяданьня «Водар сьвята». Гэта выдатна, што на Аршаншчыне адбываюцца такія імпрэзы. У нас штогод адзначаюць народзіны Ўладзімера Караткевіча, нашага земляка. Аднак гэтага мала! У рэгіёнах, можа, і значна больш, чым у сталічным Менску, патрэбныя такія культурніцкія імпрэзы, такія сустрэчы».
Пакуль рана казаць, ці стане прэзэнтацыя кнігі Паліны Сьцепаненкі пачаткам новай літаратурнай традыцыі ў Воршы, на ўзор караткевіцкіх чытаньняў.
Аднак спробу зладзіць імпрэзу падалей ад сталічнага тлуму бадай што ўсё прысутныя ацанілі станоўча. Бо ў «палявых умовах» ёсьць свае перавагі, і адсутнасьць асфальту, ліхтароў уздоўж вясковай вуліцы і цэнтралізаванага ацяпленьня цалкам кампэнсуецца сьвежай юшкай, бульбай з уласнага гароду гаспадара сядзібы, арыгінальнымі экспанатамі ягонага хатняга «музэю», якія можна разглядаць бясконца. А галоўнае – сяброўскімі размовамі, якія ў такіх простых умовах бываюць найбольш шчырыя.